Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Паведамленне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ў сувязі з арыштам кс. Вячаслава Барка

Паведамленне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ў сувязі з арыштам кс. Вячаслава Барка

Паведамленне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ў сувязі з арыштам кс. Вячаслава Барка

3 снежня 2020 г. пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Полацкі дэканат) кс. Вячаслаў Барок паводле пастановы суда Расонскага раёна быў асуджаны на 10 сутак арышту па артыкуле 17.10 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь па абвінавачванні ў «прапагандзе нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі».

Падставай для судовага працэсу стала публікацыя на асабістай старонцы святара ў адной з сацыяльных сетак плакату палітычнага зместу, які, паводле пераканання кс. Вячаслава і аўтара плакату, мае антыфашысцкую скіраванасць. Суду святар растлумачыў, што ён выступае «супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму» і што згаданы плакат быў ім размешчаны як выраз «пратэсту супраць гвалту ў краіне».

Тым не менш складаецца ўражанне, што яго тлумачэнні не былі прынятыя судом да ўвагі, у выніку чаго кс. Вячаславу Барку быў вынесены абвінаваўчы прысуд, з якім святар не пагадзіўся, і з якім не магу пагадзіцца таксама і я, бо кс. Вячаслава фактычна абвінавацілі ў тым, супраць чаго ён сам выступаў.

У сувязі з гэтым выказваю сваё засмучэнне і лічу, што гэтая справа павінна быць перагледжана з улікам меркавання незалежных экспертаў, а таксама дадзеных кс. Вячаславам тлумачэнняў, з якіх вынікае адсутнасць у яго намеру прапаганды нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі, у чым яго беcпадстаўна абвінавачваюць, вынікам чаго павінна стаць зняцце абвінавачванняў і неадкладане вызваленне святара.

Разам з тым, я не выключаю магчымасці, што факт размяшчэння святаром на яго асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы плакату палітычнага зместу мог быць па-рознаму ўспрыняты рознымі людзьмі, у сувязі з чым лічу неабходным папрасіць прабачэння ў тых, у каго падобны змест выклікаў негатыўную рэакцыю, яшчэ раз запэўніўшы ў адсутнасці ў кс. Вячаслава Барка намеру прапаганды нацысцкай сімволікі.

Усіх вернікаў і людзей добрай волі заклікаю да малітвы ў інтэнцыі вырашэння гэтай справы, а таксама за ўсю нашу краіну, каб сярод нас было больш любові і ўзаемнай павагі, а таксама імкнення да пошуку і прыняцця праўды і жыцця паводле законаў: так дзяржаўнага, як і Божага.

+Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі

catholic.by


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава