Парламентарыі з розных краін свету выступаюць за свабоду рэлігіі ў Беларусі
Міжнародная панэль парламентарыяў за свабоду рэлігіі і перакананняў (IPPForRB), якая дзейнічае на базе Хельсінскага камітэта Нарвегіі, заклікае дэпутатаў з парламентаў розных краін падпісваць ліст да Аляксандра Лукашэнкі аб пераглядзе новага закона аб свабодзе рэлігіі. Такім чынам парламентарыі змогуць выступіць у абарону гэтага фундаментальнага права.
Пад лістом ужо падпісаліся былыя і цяперашнія парламентарыі з усяго свету.
У падтрымку гэтага закліку яны публікуюць на сваім сайце артыкул мадэратаркі групы «Хрысціянская візія», тэалагіні і праваабаронцы Наталлі Васілевіч, якая падкрэслівае сур’ёзны ўплыў гэтага закона на сітуацыю са свабодай рэлігіі ў Беларусі, заяўляючы :
У параўнанні з папярэдняй рэдакцыяй новы Закон аб свабодзе сумлення яшчэ больш жорстка абмяжоўвае свабоду веравызнання.
❗️ У артыкуле тлумачыцца, што закон вымагае ад рэлігійных арганізацыяў перарэгістравацца да ліпеня 2025 года з патрабаваннямі, якія многім невялікім рэлігійным арганізацыям можа быць цяжка выканаць.
❗️ Ён таксама крыміналізуе незарэгістраваную рэлігійную дзейнасць, патрабуе палітычнай лаяльнасці і дазваляе роспуск арганізацый, якія лічацца нелаяльнымі да дзяржаўнай палітыкі.
Васілевіч піша:
Усё гэта падтрымлівае агульную атмасферу страху, няўпэўненасці і запалохвання, у якой рэлігійныя арганізацыі і асобныя людзі з цяжкасцю могуць свабодна ажыццяўляць сваё фундаментальнае права чалавека на свабоду рэлігіі або перакананняў.
IPPForRB мяркуе, што аб’яднаўшы свае высілкі і стаўшы разам салідарна ў абарону свабоды рэлігіі, парламентарыі змогуць
прадэманстраваць сваю сілу і змусіць кіраўніцтва беларускай дзяржавы адмовіцца ад рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да рэлігійных арганізацый.