Новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі прысвяціў Беларусь Маці Божай Бялыніцкай
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Як паведамляе афіцыйны партал Каталіцкай царквы ў Беларусі, на заканчэнне агульнабеларускіх урачыстасцяў, якія 17–18 верасня праходзілі ў Бялынічах на Магілёўшўчыне, новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прысвяціў Беларусь Маці Божай Бялыніцкай. Гэта адбылося ў прысутнасці ўсіх дзеючых каталіцкіх біскупаў Беларусі, а таксама прадстаўніка Папы Францішка нунцыя Антэ Ёзіча.
Сайт catholic.by нагадвае гісторыю Бялыніцкай іконы Маці Божай, звязаную з вайной 1660 года і абаронай Ляхавіцкага замку: «Менавіта заступніцтву Маці Божай мужныя абаронцы беларускага горада ад маскоўскіх захопнікаў прыпісалі цуд уратавання ад варожай навалы».
Урывак з акту прысвячэння, прачытанага біскупам Юзафам Станеўскім:
«Табе, наша Каралева і Апякунка, ахвяруем і даручаем саміх сябе і ўсё, што маем: нашу Айчыну — сінявокую Беларусь, наш народ і ўсе яго справы, Касцёл, які адраджаецца і развіваецца, сем’і, народжаных і не народжаных яшчэ дзяцей, моладзь, хворых, церпячых; ахвяруем і давяраем Табе нашыя думкі і клопаты, кожнае біццё нашых сэрцаў і кожны парыў волі. Пакорна просім міласэрнасці і дапамогі, каб мы заўсёды заставаліся вернымі Богу, Касцёлу, Крыжу, Евангеллю і Бацькаўшчыне».
Цікава, што калі крыху больш за год таму епіскап Веніямін (Тупека) зрабіўся новым мітрапалітам Мінскім у Праваслаўнай царкве, ён таксама распачаў сваё служэнне з падобнага сімвалічнага жэсту. На свята Мінскай іконы Божай Маці 26 жніўня 2020 года ён упершыню звярнуўся да вернікаў з наступнымі словамі: «Первое мое к вам обращение как предстоятеля Белорусской Православной Церкви не будет торжественным и возвышенным. Оно будет проистекать от боли сердца за родной народ и землю нашу, от любви ко всем вам».
Мітрапаліт Веніямін працытаваў англіканскага тэолага і аўтара «Хронік Нарніі» Клайва Льюіса, заклікаў беларусаў да пакаяння і трохдзённых паста і малітвы, а завершыў сваю прамову зваротам да Багародзіцы:
«Начнем свой путь во благо Отечества в праздник древней святыни Беларуси и всего православного мира — Минской иконы Божией Матери, изображение Которой на гербе нашей столицы, как завет предыдущих поколений: Матерь Божию почитать, искать у Нее помощи и заступления. Господь всегда послушает нашу Ходатаицу и Заступницу — Пресвятую Богородицу, как послушал в Кане Галилейской, хотя еще не наступило Его время открыто творить чудеса и милости Своему народу».
Выказваем спадзяванне, што сімвалічныя жэсты не будуць заставацца толькі жэстамі, а словы — толькі словамі.