«Не забываць пра законы Божыя і дзяржаўныя». ДзяржСМІ вяртаюць католікаў у медыяполе – але пакуль толькі ў рэгіёнах
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Тэндэнцыя апошніх месяцаў, якую заўважыла «Хрысціянская візія», – дзяржаўныя медыя зноў пачалі рабіць публікацыі на тэму рэлігійнага жыцця каталіцкіх вернікаў Беларусі. Нагадаем, дагэтуль мы паведамлялі пра тое, што дзяржСМІ практычна выключылі католікаў са свайго медыяполя. Зараз сітуацыя змянілася, але ёсць сур’ёзныя нюансы. Якія – у нашым аналізе.
Перш за ўсё адзначым, што ў цэнтральных дзяржаўных медыя тэндэнцыя «не заўважаць» значныя падзеі ў жыцці Каталіцкага касцёла ў Беларусі захоўваецца. Ні на дзяржаўных тэлеканалах, ні ў нацыянальных праўладных выданнях навін пра каталіцкія мерапрыемствы па-ранейшаму няма.
Але ў той жа час рэгіянальныя дзяржаўныя выданні – раённыя і некаторыя абласныя газеты – пачалі рабіць публікацыі пра рэлігійнае жыццё католікаў. У асноўным, гэта рэпартажы пра парафіяльныя фэсты, іншыя святы і сустрэчы, пілігрымкі. Рэгіянальныя медыя пішуць пра гэта ў пазітыўным ключы, прычым нярэдка падкрэсліваюць саўдзел у такіх мерапрыемствах (альбо ў захаванні архітэктурнай спадчыны – калі публікацыя тычыцца якой-небудзь святыні) дзяржаўных уладаў.
Прывядзем для прыкладу матэрыялы, апублікаваныя ў выданнях райвыканкамаў у жніўні. Цікава, што амаль усе публікацыі, прысвечаныя католікам, раённыя газеты зрабілі па-беларуску.
«У Крывічах на фэсце ўшаноўвалі цудатворную фігуру Езуса з Назарэта», піша газета Мядзельскага райвыканкама «Нарачанская зара». У гэтай публікацыі нават узгадалі арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, які быў «персонай нон грата» для дзяржСМІ.
Пра фэст у пружанскім касцёле напісала газета «Раённыя будні». Вялікі рэпартаж зрабіла выданне «Перамога» з парафіяльнага свята ў Дзятлаве. Асобна тут выпусцілі публікацыю непасрэдна пра святыню – у вялікім артыкуле адзначаецца, што «сумеснымі намаганнямі жыхары горада пры падтрымцы раённых уладаў і спонсараў робяць святыню прыгожай, імкнуцца захаваць гісторыка-культурную спадчыну, якая дасталася нам ад папярэднікаў». Цікава, што матэрыял апублікавалі ад імя вучаніцы 8 класа.
Навагрудскае выданне «Новае жыццё» распавяло пра фестываль «Казіміраўскія выхадныя разам», прысвечаны 590-годдзю асвячэння касцёла ва Ўселюбе. У гэтай публікацыі адразу падкрэслілі супрацоўніцтва парафіі з мясцовай уладай: сярод арганізатараў назвалі аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама і адзначылі, што на свяце «прысутнічалі паважаныя госці»: старшыня райвыканкама, ягоны намеснік, старшыня мясцовага сельвыканкама.
Абласная газета «Віцебскія весці» зрабіла рэпартаж з нядаўніх урачыстасцяў у Браславе. Аўтар гэтага артыкула разважае на духоўныя тэмы, прыводзіць каментары вернікаў, але і робіць акцэнт на тым, што «закончылася свята падзякай [біскупа] Алега Буткевіча старшыні райвыканкама і яго намесніку». А ў сваіх прамовах іерархі, як сцвярджаецца ў матэрыяле, заклікалі «цаніць зямлю, дзе жывём, не забываць пра законы Божыя і дзяржаўныя», і «ў гэты лёсавызначальны час маліцца за Бацькаўшчыну, каб праблемы, з якімі мы сутыкнуліся, былі як мага хутчэй вырашаны».
Часам навіны пра католікаў з’яўляюцца нават у пабліках мясцовых уладаў. Напрыклад, Лепельскі райвыканкам паведамляў пра прыбыццё ў мясцовы касцёл збора копій цудатворных абразоў.
Такім чынам, відавочна, што дзяржаўныя медыя – з асцярожнасцю, пакуль на рэгіянальным узроўні – пачалі вяртаць у сваю інфармацыйную прастору католікаў. Ідэалагічная мэта, пра якую можна казаць у гэтым выпадку, – спроба пераканаць у еднасці з уладай каталіцкай супольнасці, інтэграваць католікаў у праўладную «карціну свету», якую малюе прапаганда.
Гэта адбываецца пасля таго, як нягледзячы на ўвесь ціск улады не змаглі дабіцца поўнай лаяльнасці Каталіцкага касцёла да рэжыма, таму, як мяркуецца, вырашылі пайсці іншым шляхам: больш мякка ўздзейнічаць на католікаў, спрабуючы прадставіць іх часткай «усенароднага адзінства» – прынамсі, у прапагандзе. Бо відавочна, што выкрасліць з нібыта «маналітнага» грамадства такую вялікую, але не вельмі лаяльную да ўладаў супольнасць, не атрымаецца.