Наталля Васілевіч: “Беларуская рэвалюцыя ўжо адбылася, і перамога ўжо адбылася”

Сёння ў Крынках на польскім Падляшшы ў межах штогадовага інтэлектуальнага фестываля Трыялог адбылася дыскусія пад назвай “БЕЛАРУСЬ ГЭТА ЖАНЧЫНА”. У ёй прынялі ўдзел сацыёлаг Лена Агарэлышава, журналістка Вольга Сямашка, сустаршыня партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Вольга Кавалькова і тэолаг Натальля Васілевіч. Таксама праграмны тэкст для дыскусіі напісаў польскі праваслаўны сьвятар Кастусь Бандарук.
Рэпліка Натальлі Васілевіч падчас размовы:
“Ці прайграная беларуская рэвалюцыя, жаночая рэвалюцыя? Учора я пачула гэтае пытаньне ў іншай фармулёўцы – “Ці мы ўжо перамаглі?” Мы разважалі з ксяндзом Вячаславам Барком (на наступным тыдні будзе гэтая гутарка) пра тое, што ёсьць нейкія падзеі, якія ўжо зьмяняюць сітуацыю, і яны незваротныя. Беларуская рэвалюцыя ўжо адбылася, і перамога ўжо адбылася, проста плён гэтай перамогі мы яшчэ не атрымалі. Багаслоўе гісторыі якраз пра гэта – пра тое, што ў гісторыі сьвету адбылася падзея Ўцялесьненьня, Сьмерці і Ўваскрасеньня Хрыста. Гэта ўжо адбылося, і вернікі вітаюць адно аднога абвяшчэньнем “Хрыстос уваскрос!” Але, нягледзячы на гэта, усё роўна мы працягваем паміраць, плён гэтага Ўваскрасеньня намі яшчэ не дасягнуты. І я думаю, што ў прыватнай беларускай гісторыі перамога таксама ўжо адбылася, але мы яшчэ знаходзімся на шляху, каб плён гэтай перамогі ажыцьцявіць у актуальнасьці, верачы ў праўду, справядлівасьць і мір. Патэнцыйна ўсё ўжо адбылося, засталося гэтую перамогу рэалізаваць у актуальным жыцьці грамадства”.