КАНФЕСІІПа-беларускуРыма-Каталіцкая Царква

«Мiнская спадчына» возьмецца за Кальварыю

Дзяржаўнае камунальнае будаўніча-эксплуатацыйнае прадпрыемства «Мінская спадчына», сумна вядомае сваім падыходам да рэстаўрацыі гістарычнай архітэктуры і кіравання ёй, збіраецца распачаць працы ў яшчэ адным гістарычным каталіцкім храме.

Гэта вынікае з заявы, якую кіраўнік прадпрыемства Аляксандар Кохан агучыў у галоўным выканкаме сталіцы яшчэ ў снежні.

«Разрабатывается проектная документация еще на один культовый объект – костел, расположенный на Кальварийском кладбище»,- паведаміў ён.

Гаворка пра царкву Ўзвышэння Святога Крыжа, помнік архітэктуры неаготыкі ХІХ стагодззя.

Некалькі год таму кіраўнік парафіі зрабіў у храме рамонт. Пра неабходнасць у рэканструкцыі не паведамлялася.

Разам з тым, раней дзяржаўныя структуры спрабавалі знішчыць асобныя часткі старажытных могілак, дзе месціцца царква, спасылаючыся на іхнюю «неўпарадкаванасць». Вернікі тады могілкі адсталі.

Як раней паведамляла «Хрысьціянская візія», іншы знакаміты храм сталіцы, названы ў гонар святых Сымона й Алены, застаецца закрытым для вернікаў ужо болей за год.

Перашкаджае парафіянам усё тая самая «Мінская спадчына», якая нібыта не можа скончыць працы пасля невялікага пажара пры дзіўных абставінах ў дапаможным памяшканні Чырвонага касцёла. Да таго арганізацыя правяла так званую «рэканструкцыю» будынка, ад якой ён сур’ёзна пацярпеў.

Усяго на дадзены момант «Мінская спадчына» працуе з васьмю аб’ектамі, што знаходзяцца ў гістарычным цэнтры горада.

@christianvision