Менскія ўлады: Касцёл Сымона і Алены зачынены, бо рэканструкцыя. Надоўга


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Касцёл святых Сымона і Алены ў Менску не працуе, паколькі там адбываецца рэканструкцыя ў выніку невялікага пажара, што здарыўся болей за год таму. Гэта вынікае з кароткага паведамлення, якое апублікавала адміністрацыя Маскоўскага раёна сталіцы.
«Проект реконструкции здания Костела Святых Симеона и Елены, по ул.Советская в г.Минске запущен в работу. Здание костела в настоящий момент закрыто на реконструкцию», – зазначана ў пасце афіцыйнага Тэлеграм-канала ўстановы.
Тэкст на тры абзацы апублікаваны яшчэ 21 лістапада, без каментароў каталіцкіх іерархаў ці рэканструктараў. Паводле яго, будаўнічыя працы распачнуцца не раней як у студзені і не пазней як у сакавіку. Дагэтуль жа, падказваюць службоўцы, гарадскія ўлады займаліся падрыхтоўкай адпаведных дакументаў.
Застаецца толькі здагадвацца, што замінае ўладам распачаць рэстаўрацыю раней. У прынцыпе, як і сам сэнс таямнічага выраза «запущен в работу».
Будынак касцёла з’яўляецца велічным помнікам архітэктуры і пазнавальным сімвалам сталіцы, які быў скандальна закрыты летась, упершыню з савецкіх часоў. І сітуацыя, безумоўна, заслугоўвае ўвагі на рэспубліканскім узроўні. Аднак навіну абнародавалі на сціплым рэсурсе адной з раённых адміністрацый, а не ў буйных СМІ. Пры гэтым чыноўнікі нагадваюць, што пажар выклікала няспраўная праводка, а ў выніку была пашкоджаная маёмасьць. Давайце і мы прыгадаем, як разгортваліся падзеі.
У нядзелю, 25 кастрычніка 2022 года, у касцёле святых Сымона і Алены набажэнствы адбываліся звычайным чынам ажно да позняга вечара. А ўжо на наступны дзень патрапіць у сваю святыню вернікі не змаглі. Прычынай таму быў названы пажар, які адбыўся ўночы ў прыбудове храма пры вельмі сумнеўных абставінах.
Так, адміністрацыя Маскоўскага раёна забылася ўдакладніць: праводка, якая нібыта была няспраўнай, загарэлася ў дапаможным памяшканні, каторае зʼявілася тут за савецкім часам і ў каторым ніякіх набажэнстваў не праводзіцца.
Прыкладам, пажар у Будславе 11 траўня 2021 года быў настолькі сурʼёзным, што абрынуўся дах санктуарыя, і туды на час рамонтных працаў уваход быў забаронены. Аднак ужо напрыканцы 2021 года ў будынку святыні зноў вяліся публічныя набажэнствы. Ды і маштабная рэканструкцыя распачалася практычна адразу пасля здарэння – ніякага года на афармленне папярэдняй дакументацыі не спатрэбілася.
А вось у Чырвоным касцёле прыкметаў пажара звонку не назіралася зусім. Замест гэтага ў прыбудове, дзе знаходзілася закрыстыя, былі незразумела кім разбітыя вітражныя вокны. У самім памяшканні, паводле ацэнак МНС, агонь пашкодзіў не болей за 20 м².
На тым, каб святыню закрылі ад наведнікаў, настаяла «Мінская спадчына» – арганізацыя, якая да пажара ўжо займалася рэстаўрацыяй храма. І трэба зазначыць, маштабныя працы тады вяліся без закрыцця касцёла: вернікі маглі тут знаходзіцца штодня, хаця будаўнікі не аднойчы працавалі наўпрост у іх над галовамі падчас набажэнстваў.
З іншага боку, рэстаўрацыя, якія павінная была выправіць праблемы старога будынка, наадварот, дадала новых. Нават калі сёння нельга зайсці ў храм, у вочы адразу кідаецца, што ён страціў свой вішнёвы колер, замест гэтага цяпер цэгла іржава-морквая, і гэта, зразумела, недапушчальная памылка рэстаўратараў.
Прадстаўнік кіраўніцтва Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі ў 2019 годзе ўвогуле заявіў, што рэстаўрацыя проста пашкодзіла будынак, і лепей было бы зусім без яе, чым так.
І прычынаў для гэтак катэгарычнага меркавання багата. Новы дах прапускае ваду, і касцёл падтапляе. Узімку вежы сталі пакрываецца шэранню, бо будаўнікі знялі верхні слой цэглы, і цяпер там застаецца вільгаць – цэгла будзе разбурацца. Калі памацаць сцяну, на руках літаральна заставаліся сляды: то бок, цэгла не была якасна закансерваванай.
Аніводнай прапановы кіраўніцтва касцёла рэстаўратары не ўлічылі, а з падземны ход на плябань проста сапсавалі: з яго ледзьве можна карыстацца.
Зараз адміністрацыя Маскоўскага раёна з гонарам дакладнае, быццам “По объекту реконструкции разработана проектно-сметная документация”. А вось Беларускі фонд культуры раней акурат адзначаў, што “узровень і якасць праектавання ніяк не адпавядае ўзроўню гэтага аб’екта”.
Пры гэтым некампетэнтнасць рэстаўратараў – не адзінае, што выклікала скандальны розгалас. У 2020 годзе прадстаўнікі “Мінскай спадчыны”, якім дазволілі знаходзіцца ў касцёле святых Сымона і Алены для будаўнічых працаў, без усялякага папярэджання… змянілі ў будынку замкі (!), а святарам ня выдалі новых ключэй.
Болей за тое, гарадскія ўлады выставілі парафіянам неверагоднага памеру падатак за карыстанне святыняй, якая будавалася для каталікоў на ўласныя сродкі мецэнатам Эдвардам Вайніловічам.
Так, у ліпені 2020 года вернікі апынуліся пад пагрозай застацца без свайго будынка, паколькі за яго патрабавалі ажно 156 тысячаў рублёў (каля 63 тыс. даляраў) “запазычанасці”, а таксама 13 тыс. рублёў штомесяц. Потым “запазычанасць” дазволілі выплочваць у растэрміноўку…
Цяпер вернікі застаюцца без святыні праз пажар, наступствы якога хутка маглі бы ліквідаваць сваімі сіламі. Аднак мясцовыя ўлады вырашылі ня толькі не рамантаваць касцёл, але адключыць у ім камунікацыі.
За кампанію электрычнасьць, водазабеспячэнне і ацяпленне адключылі таксама ў суседнім будынку плябаніі, дзе дагэтуль знаходзіцца парафіяльнае кіраўніцтва. Пры гэтым ацяпляць будынак печчу ўлады забаранілі пад пагрозай высялення. Праводзіць публічныя набажэнствы на пляцоўцы каля храма таксама забаронена.
А ў снежні, амаль год таму, калі святарам упершыню дазволілі ўвайсьці ў царкву, раптам высветлілася, што ацяпленне ў храме… спраўна працуе! Навошта і хто будзе гэта аплочваць, калі вернікі ня могуць зайсці ў храм, – пытанні адкрытыя. Як і тое, якую ж працу цяпер гарадскія ўлады “запусцілі”.