Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Лукашэнку просяць пакінуць польскіх святароў у Беларусі — не толькі з Мінска-Магілёўскай, але і з Гродзенскай дыяцэзіі

Лукашэнку просяць пакінуць польскіх святароў у Беларусі — не толькі з Мінска-Магілёўскай, але і з Гродзенскай дыяцэзіі

Лукашэнку просяць пакінуць польскіх святароў у Беларусі — не толькі з Мінска-Магілёўскай, але і з Гродзенскай дыяцэзіі

Яшчэ адно пацверджанне аб непрацягу дазволу на служэнне ў Беларусі некалькім польскім каталіцкім святарам «Хрысціянская візія» атрымала з Гродзенскай дыяцэзіі. А таксама – таго, што просьбу, каб гэтае рашэнне змянілі, духавенства скіравала непасрэдна да Аляксандра Лукашэнкі.

Раней аб лісце да кіраўніка беларускай дзяржавы стала вядома пасля адмовы ў дазволе на рэлігійную дзейнасць для айца Рамана Шульца, які служыў у Магілёве, і яшчэ некалькіх святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Тады паведамлялася, што просьбу адносна іх скіраваў да Лукашэнкі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Цяпер «ХВ» даведалася, што аналагічнае прашэнне было пададзена і адносна святароў Гродзенскай дыяцэзіі, якія таксама не атрымалі ўзгадненне ад апарата Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Вядома пра мінімум чатырох святароў з Гродзеншчыны. Гэта ксёндз Збігнеў Драгула з ордэна міхалітаў, які апошнім часам служыў у Старых Васілішках Шчучынскага раёна, а ўсяго служэнню ў Беларусі аддаў 27 гадоў.

Таксама гэта айцец Анджэй Шчупал, дырэктар аддзела каталіцкай адукацыі і выхавання Гродзенскай курыі, выкладчык вышэйшай духоўнай семінарыі, пробашч парафіі Новая Руда.

У лютым 2026 года айца Шчупалу ўрачыста віншавалі з 70-годдзем. Мясцовая раёнка тады паведамляла, што гэты польскі святар «больш за палову свайго жыцця аддаў служэнню ў храмах Парэцкага сельсавета».

Ад імя ўладаў яму ўручалі Ганаровую грамату, падзячны ліст, падарункі і кветкі (на фота). «Шмат добрых і шчырых слоў прагучала і ад вернікаў, якія прыйшлі падзяліць радасць урачыстасці з юбілярам», – адзначала газета.

Яшчэ ў спісе – ксёндз Цэзарый Міх, пробашч парафіі ў Скідзелі, і былы дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні ксёндз Казімір Мурава SDB.

Вядома, што некаторыя святары ўжо выехалі з Беларусі ў Польшчу, а іншыя працягваюць чакаць магчымай рэакцыі Лукашэнкі ці яго адміністрацыі.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост