Ксёндз Вячаслаў Барок. Следчы Камітэт пакуль не ўбачыў экстрэмізму на ютуб-канале ксяндза.

Міжраённы Полацкі аддзел Следчага Камітэту па, “факту распаўсюджвання” ксяндзом Вячаславам Барком праз сеціва ў адкрытым доступе ў інстаграм і на ютуб-канале “матэрыялаў, якія могуць па свайму характару змешчаць заклікі, скіраваныя на распальванне экстрэмізму і прынясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, правядзенне праверкі 04.01.2021 прыпынена на аснаванні п.2 ч.1 арт 173(3) КПК РБ (неатрыманне вынікаў экспертызы).”

Сябры, вось такое паведамленне я атрымаў на днях. У Расоны поштай яно было дастаўлена 12 студзеня 2021г. І сёння гэтай весткай дзялюся з Вамі.

Лічу сваім абавязкам прадаставіць Вам гэту інфармацыю і даць свой каментар. Па-першае, гэта вестка радасная. Бо паведамленне СК выводзіць мяне з падвешанага становішча. Вядом, пасля таго як я ў якасці сведкі 12 лістапада 2020 г. быў выкліканы ў СК у Расонах, бачачы, што адбываецца вакол, разумеў, што ад статуса крымінальніка, мяне аддзяляе толькі адзін крок.

Сёння я разумею, што тым, хто распачынаў тую брудную справу, не ўдалося зрабіць той заключны крок да майго зняволення. У нейкім сэнсе, можна сказаць, сёння я выходжу пераможцам.

А таму, сябры, хачу гэтую радасць перамогі разьдзяліць з Вамі — маімі падпісчыкамі ютуб-канала, а Вас ужо амаль 5 тыс чалавек, і з 1333 падпісчыкамі маёй старонкі інстаграм. Вы ўсe, сябры, мяне падтрымоўвалі ў маіх выпрабаваннях. А таму гэта Вашая перамога. Бог пачуў Вашыя малітвы. Па-другое, хачу звярнуць увагу, чаму СК прыняў такое рашэнне.

Фармальна СК піша, што прыпыненне праверкі адбылося праз прычыну “неатрымання вынікаў экспертызы”. Аднак, немагчыма не заўважыць, што сітуацыя “неатрымання” тых вынікаў узнікла дакладна 4 студзеня 2021г. Акурат у дзень пасля прыняцця Папам Францішкам адстаўкі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Прыгадаю, што яшчэ напрыканцы мінулага году, Крымінальны вышук у Расонах імкнуўся запрасіць мяне на размову, бо, па-словах начальніка крымінальнага вышуку, хтосьці з Полацку меў да мяне пытанні. Тады, пад-час тэлефоннай размовы, паміж намі была дасягнута дамоўленасць, што 3 студзеня 2021 ён, начальнік крымінальнага вышуку, даставіць мне позву. Але, як вядома, 3 студзеня ён, разам з той позвай, якой не было, проста знік. Не з’явіўся ў вызначаным месцы спаткання і не тэлефанаваў.

Улічваючы абставіны яшчэ адной справы з духавенствам, якая не звязаная са мной, а менавіта, “лёгкі” судовы вырак, выдадзены 24га снежня 2020 Віцебскім святарам і тое, што сам суд пераносіўся на пазнейшую дату, можна ўсёж меркаваць, што гэтыя падзеі выглядаюць як звёны  аднаго лунцага.

А яшчэ раней, па-сваім “ашчушчэніям”, таксама адчуваю, што я выйшаў з Віцебскага ІЧУ 13га снежня 2020г пасля 10 сутак адбыванага арышту не таму, што тэрмін пакарання скончыўся, а таму, што 17га снежня 2020 г. мелася адбыцца спатканне Лукашэнкі са спецыяльным пасланнікам Папы Францішка арцб Клаўдзіё Гаўджэроці.

Вось прыкладна так складаецца пасьянс.

Нунцы Антэ Ёзіч п’е шампанскае – гучаць словы “Папа Францішак – найлепшы папа”. Арцб Клаўдзіё Гаўджэроці сустракаецца з Лукашэнка — мітрапаліт вяртаецца ў Беларусь. Мітрапаліт падае ў адстаўку – спыняецца ціск на святароў і ў прыватнасці рэжым прызнае, што ксёндз Барок – не экстрэміст.

Канешне, я разумею, што гэта далёка не ўсё з таго, што хавае ад нашых вачэй уся разкладзеная калода карт.  

Але і пры такім раскладзе бачым, што ўсё бліжэй вымалёўваецца перамога тых, хто на баку законнасці і праўды, ды супраць насілля і хлусні. А публічна агучаныя пагрозы Цэрквам з вуснаў Лукашэнка 22га жніўня на праўладным мітынгу ў Гродна, ды заклікі да святароў, каб яны ўтаймаваліся, аўтарам прыходзіцца перагледзіць і ўтаймовацца самім.

Па-трэцяе, а пры чым тут Вы – мае сябры? А пры тым, што Вы, якія вызначылі сваю пазіцыю на баку дабра, можаце меркаваць, што сталі на крок бліжэй перамогі.

Я разумею, што апрача маёй справы, сёння ў Беларусі ёсць больш за тысячу заведзеных крымінальных спраў, як правіла супраць саміх пацярпелых, і няма ніводнай супраць сапраўдных злачынцаў.

Я бачу таксама, што на нашых вачах, праз беззаконне, рэжым забівае блогера Ігара Лосіка, які трымае галадоўку за кратамі з 15 снежня 2020г.

Я бачу, што ізноў пасадзілі за краты верніка- пратэстанта Зміцера Дашкевіча, які апошнія гады толькі і кажа публічна аб тым, што ў Беларусі нельга дапусціць таго, каб паўтарыліся Курапаты. Змагаецца з новым Гулагам і сам адтуль не выходзіць. Асабіста мне, такі стан рэчаў найбліжэй. Бо і сам быў асуджаны ў прапагандзе фашызму, калі напісаў свае словы ў Фэйсбуку, пратэстуючы супраць фашызму.