Катынскія мучанікі: не толькі польская, але і беларуская памяць

Сёння, 16 верасня, Польская Праваслаўная Аўтакефальная Царква ўрачыста кананізавала Катынскіх мучанікаў.
Кананізацыя адбылася напярэдадні даты, трагічнай для Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У верасні 1939 года Другую Рэч Паспалітую гвалтоўна падзялілі паміж сабой гітлераўская Германія і сталінскі СССР. 17 верасня на ўсходнія тэрыторыі Польшчы ўвайшла Чырвоная армія. У Беларусі гэты дзень адзначаецца на афіцыйным узроўні як дзень “народнай еднасці”. Але разам з Чырвонай арміяй на Заходнюю Беларусь прыйшлі арышты, дэпартацыі і расстрэлы. На той час на тэрыторыі Савецкай Беларусі не было ўжо ніводнага дзеючага храма і ніводнага афіцыйнага святара — і той самы чырвоны тэрор супраць веры і царквы абрынуўся і на Заходнюю Беларусь. Святараў катавалі, забівалі, высылалі ў лагеры.
Пад рэпрэсіі таксама трапілі ўсе, хто насіў польскі мундзір: афіцэры, капеланы, чыгуначнікі, леснікі, нават тыя, хто ўжо выйшаў у запас. Часта — разам з сем’ямі. Іх аб’ядноўваў не толькі статус, але і вера. Сярод расстраляных было нямала праваслаўных і этнічных беларусаў.
Найбольш вядомыя забойствы адбыліся ў Катыні пад Смаленскам у траўні 1940 года. Але гэта была не адзіная кропка смерці. Людзей забівалі ў Асташкаве, Казельску, Старабельску, а таксама ў турмах Менска і іншых беларускіх гарадоў. Пакуль што гісторыкі зафіксавалі імёны як мінімум 51 этнічнага беларуса — польскага грамадзяніна, расстралянага ў рамках катынскай аперацыі. Але сапраўдны спіс значна шырэйшы — і дагэтуль не складзены.
Менавіта таму словы з пастановы Сінода гучаць так востра:
“Шматлікія пакутнікі невядомыя нам, але вядомыя Богу.”
Сёння ў шэраг святых былі ўключаныя:
- протапрасвітар палкоўнік Сымон Федаронька — галоўны капелан Войска Польскага,
- протаіерэй маёр Віктар Раманоўскі — малады святар, выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта,
- протаіерэй Уладзімір Ахаб — душпастыр з Хелмшчыны, расстраляны ў Асташкаве,
…а таксама іншыя праваслаўныя святары, чыя доля была падобная: арышт, допыты, лагер, смерць.
Урачыстасці прайшлі ў варшаўскай царкве Hagia Sophia. Кананізацыю здзейснілі 10 іерархаў ППЦ на чале з Мітрапалітам Савам. Прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў Польшчы, Каталіцкага Касцёла, Экуменічнай Рады, міжнародных царкоўных структур і сотні вернікаў, у тым ліку беларусаў, якія цяпер жывуць у Польшчы.
Заўтра — працяг урачыстасцяў і першы дзень афіцыйнай памяці новых мучанікаў.
Але гэта не толькі польская памяць. Гэта наша, беларуская, таксама. Бо гісторыя рэпрэсій на гэтых землях не ведала чыстых межаў. Кананізацыя праваслаўных ахвяр сталінізму — знакавая падзея для ўсяго нашага рэгіёна. У тым ліку — для тых, хто сёння жыве ў Беларусі.
Святыя Катынскія мучанікі, маліце Бога за нас!