Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Каб не было Хрыста

Каб не было Хрыста

Placeholder
Аўтар
Вячаслаў Барок

ВячаслаўБарок

Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.

Каб не было Хрыста, перастаў бы верыць у Бога. Такая думка прышла ў галаву тады, калі начытаўся у сацыяльных сетках выказванняў з дыскусій людзей, якія з незразуменнем абмяркоўвалі змест майго прапаведвання. Ісуса таксама шмат крытыкавалі і не разумелі.

Я, як святар, увесь час ламаю галаву, як прапаведаць так, каб быць пачутым і зразуметым, безумоўна, пры гэтым пазастацца верным Божаму слову. Разам з тым, як не стараюся, сустракаюся зрэдчас з незразуменнем. Так,у свой час, не маглі зразумець маіх слоў праваахоўчыя органы, і стараліся ў маіх словах знайсці экстрэмізм. Дзякуй Богу, дзяржаўныя эксперты патлумачылі ім, што не варта шукаць экстрэмізму там, дзе ўсяго толькі крытыкуецца зло, і гучыць заахвочванне да пакаяння, скіраванае да аўтараў зла. Так, цяпер сустракаюся з крытыкай з боку людзей, якія дэкларуюцца нібы вельмі рэлігійнымі, але цікава наколькі веруючыя. Заўважу, некаторыя з іх шмат моляцца і прызнаю, што некаторыя, нават не прыналежачы да іерархіі касцёльна-царкоўнай, робяць гэта цалкам прафесійна.

Калі задумваўся ў чым праблема ўласцівага ўспрыняцця імі маіх слоў, дайшоў да высновы: “жыццё ў целе”, пра якое кажа Апостал Павел у (2 Кар 5, 6-10), з’яўляецца крыніцай перашкоды.

Што гэта значыць? “Жыццё ў целе” — гэта жыццё зямное, калі мы не бачым Бога ў твар. Жыццё ў целе- гэта таксама можа быць тое ж жыццё, калі мы, не бачачы Бога ў твар, хоць і молімся да Яго, не маем пераканання, што Бог кантралюе сітуацыю і таму імкнёмся забяспечыць самі сваё зямное выжыванне, пры гэтым скатваемся на ўзровень прыстасавальніцтва. Дапасоўваемся да жыцця так, на колькі нам хапае здольнасцяў. І тут адбываецца збочванне з дарогі хрысціянскага жыцця. Праваслаўны епіскап Арцемій з Гродна павучаў: “Царква збудавана на крыві мучанікаў, а не на прыстасавальніцтве”. А мучанікі — гэта сведкі. Сведкі ж не маўчаць, яны даюць сведчанне.

Апостал Павел, ва ўзгаданым ужо пасланні да Карынфянаў, тых, хто “жыве ў целе” папярэджвае: “…ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці благое. “ (2 Кар. 5, 10)

Сярод маіх крытыкаў ёсць пэўны чыноўнік, які таксама называецца католікам. Імя яго не буду называць, бо ў краіне, ў “якой не да законаў», чыноўнікі губляюць імя — зло яно безыменнае. Гэта святыя маюць імёны. Дабро — свайго аўтара.

Толькі перакажу яго пазіцыю. З яго слоў, яна такая: вось ён чыноўнік, атрымоўвае сваю “чарку і шкварку”, а ксёндз Барок прапануе яму праявіць сваю пазіцыю і выказацца. А яго ж за гэта могуць звольніць і што яму з’езджаць за мяжу? А дзеці? Падсумоўвае, што ўсё не так проста, калі пераходзіць ад слоў да канкрэтных справаў.

Вось гэта і ёсць пазіцыя чалавека з “жыццём у целе».

мой боль гэта, перад усім, хрысціяне, якія розумам ведаюць Бога, але не зразумелі Яго сэрцам. І ў цэрквах яны толькі дзеля таго, каб схавацца за шырмамі малітвеннікаў, духоўнікаў ці яшчэ якімі.

Яны як фарысеі, на якіх нават Хрыстос злаваўся! Ва ўсялякім выпадку, падбіраў вельмі моцныя словы, называў іх грабамі пабеленымі. А Евангеліст Мацвей у 23 раздзелле, в.1- 36 пераказвае цэлую прамову Хрыста, у якой выкрывае крывадушнасць. Называючы прафесійных малітвеннікаў, зямных прыстасаванцаў “змяіным пакаленнем» (Мц 23, 33), напрыканцы агучвае вырак: “Так упадзе на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі» (Мц 23, 35).

Так што словы Хрыста: “Сапраўды кажу вам: усё гэтае ўпадзе на гэтае пакаленне» (Мц 23,36), тычыцца вас, хто называеце сябе хрысціянамі і думае, што ў часе крызісу можа адмаўчацца і можа адсядзецца, тычыцца вас, хто ведае, як прыстасавацца але не ведае, што рабіць, каб перамагло Дабро.

Бо там, дзе чалавек выбірае дабро, там дзейнічае Бог. А Ён, калі трэба будзе, згодна са словамі прарока Эзэхіэля, і зялёнае дрэва засушыць, а засохлае прымусіць квітнець. (пар. Эзх 17,24) Сёння мець пазіцыю – гэта, безумоўна, прарэгатыва веруючых людзей, якія не баяцца стаць “засохлымі дрэвамі».


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава