Інтэрв’ю з Валерыяй Чарнаморцавай: «Мы б хацелі, каб вам было дадзена пакаянне, а не пакаранне. Але яно ўсё адно будзе».
Валерыя Чарнаморцава – праваслаўная хрысціянка, удзельніца групы «Хрысціянская візія», актывістка БХД, культурная дзяячка, даследчыца сталінскіх рэпрэсій, экскурсавод, былая палітзняволеная. Яе затрымалі 18 кастрычніка 2022, а ў студзені 2023 года суддзя Вольга Емяльянчык прысудзіла ёй 2,5 гады абмежавання волі («хатняй хіміі») паводле арт. 342 КК. У пачатку лютага 2023 г. Валерыя здолела выехаць з Беларусі. Публікуем вялікае інтэрв’ю з ёй пра тое, што яна перажыла ў зняволенні.
– Валерыя, як бы вы ацанілі ў духоўным вымярэнні розніцу паміж усім, што адбывалася да і пасля 2020 года? І ці ёсць яна?
– Безумоўна, у 2020 годзе я адчувала прысутнасць Духа Божага на маршах і падчас дваровых сустрэч. Але такое адбывалася і раней, напрыклад, у 2006 годзе на Плошчы Каліноўскага (так назвалі Кастрычніцкую плошчу ў Менску ўдзельнікі акцыі. – Рэд.), там таксама было моцнае адчуванне, што «Хрыстос сярод нас», як падчас калектыўнай малітвы. І тады, і ў 2020-м, было адчуванне, што не проста так адзін аднаго любілі людзі, дапамагалі, адчувалі еднасць. Хрысціяне заўсёды такое адчуваюць і разумеюць як дзеянне Духа Божага.
– Ці можаце падзяліцца духоўным досведам падзей 2020 года? Як вы як праваслаўная перажывалі здраду свайму народу амаль усіх епіскапаў і святароў?
– Як праваслаўная хрысціянка я перажыла гэта нашмат раней, чым у 2020 годзе. Для мяне больш важныя былі сведчанні нашага цудоўнага праваслаўнага епіскапа з Гародні Арцемія і тых святароў, якія не маўчаць і да гэтага часу падтрымліваюць зняволеных. Мне, напрыклад, у турму збіраў пасылку праваслаўны святар. Вельмі складана цяпер святарам, вернікам прасцей. Вернік можа ў царкву пайсці, а можа не пайсці і памаліцца дома. Праўда, тады чалавек не атрымае Еўхарыстыі, прычасця, якое асвячаецца ў царкве. Але «нацягваць» афіцыяльную царкву на Царкву Хрыстову складана, гэта тое самае, шо нацягваць, як кажуць, «саву на глобус», бо Дух дыхае там, дзе хоча. Я калі я хадзіла ў царкву пасля 2020 года ў Беларусі, то рабіла гэта разам з аднадумцамі ў Хрысце, малілася за пакаянне тых, хто называе сябе пастырамі ў Царкве і пры гэтым дабраслаўляе гвалт або здае, як гэта нядаўна адбылося, падлеткаў Следчаму камітэту…
– А што вы адчулі, калі даведаліся пра гэты выпадак?
– Шкада, што мітрапаліт не наведвае ўстаноў пенітэнцыярнай сістэмы, магчыма, ён не разумеў, куды здае гэтых дзяўчат. Безумоўна, яны зрабілі глупства. Але мітрапаліт як хрысціянін, тым больш як епіскап, лепш бы запрасіў на гутарку, даведаўся, чаму яны так зрабілі, а не здаваў у лапы сістэмы, якая зламае і іх, і іх жыццё. Думаю, ён адчуў пасля, што так не варта было рабіць. Калі цяперашні мітрапаліт быў проста манахам, сустракаліся з ім у Жыровічах. Мне здаецца, што гэты чалавек мо і неблагі, але проста не на сваім месцы.
– Хто вас духоўна натхняў падчас і пасля падзей 2020 году і чаму?
– Мяне натхнялі не канкрэтныя асобы, а тое, што пачало адбывацца ў 2020-м – першыя чэргі (каб паставіць подпісы за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў. – Рэд.), выгнаныя з участкаў назіральнікі, якія ўсё роўна спрабавалі падлічваць людзей, што прыйшлі галасаваць. Тое, што людзі ў дзень выбараў чакалі вывешвання вынікаў галасавання – раней такога ніколі не было. Тады кожная падзея была значнай. Я, як і іншыя людзі, якія даўно ў пратэсным руху, глядзела з недаверам на новых вылучэнцаў, а на выбарах галасавала супраць усіх. Я ўвогуле забрала бюлетэнь дадому, бо з 2000-х гадоў была назіральніцай на выбарах і ведала, што бюлетэняў не лічаць.
– Які для вас быў самы светлы момант за гэтыя два з паловай гады?
– Мяне вельмі натхнілі жанчыны з кветкамі на першым тыдні пратэстаў 2020 года, а таксама першы нядзельны марш… Я помню, што плакала 16 жніўня, калі пабачыла колькасць людзей – гэта было нешта ашаламляльнае. Тады адчула, што я не дарма змагалася 20 гадоў.
– Хто вас затрымліваў?
– Мяне затрымлівалі супрацоўнікі КДБ, а не ГУБАЗІКу. Таму мяне пры затрыманні не білі і не прымушалі «каяцца» на камеру. Я б, вядома, адмаўлялася гэта рабіць, і тады б мяне пабілі. Мне пашанцавала, кадэбісты больш інтэлектуальна развітыя асобы. З імі нават можна было паразмаўляць. Дарэчы, пахваліліся мне, што нядаўна былі ў музеі КДБ у Вільні… Мяне непрыемна здзівіла, што беларускія кадэбісты атрымліваюць візы ў ЕС і спакойна яго наведваюць. Яны не давалі мне нармальна сабрацца (я была толькі прачнуўшыся), патрабуючы пароль ад тэлефона, ведаючы, што калі мяне забяруць у турму ў такім выглядзе, я там буду пакутаваць.
– Ці чакалі вы, што вас затрымаюць у 2022 годзе?
– Я, у прынцыпе, да гэтага была гатова маральна (а фізічна, як высветлілася, не). У свой час я запісвала ўспаміны вязняў ГУЛАГу, а таксама добра ведала, у якой краіне я жыву. Першай думкай, калі пачалі ламаць дзверы, было скінуць да заводскіх наладаў тэлефон і разбіць ноўтбук. Яны пачалі збіраць «экстрэмісцкія» матэрыялы падчас вобшуку, кніжкі, і выкладваць на падлогу. А ў мяне побач з ложкам знаходзілася кніжка аўтарства Васіля Быкава «Сцяна» 1998 года выдання з аўтографам аўтара, якую я перачытвала. Ляжу я з зашпіленымі кайданкамі за спінай і думаю: няўжо яны забяруць гэтую дарагую майму сэрцу кнігу?… Але, дзякуй Богу, не забралі. Чамусьці кадэбісты вельмі ўзрадаваліся, калі знайшлі феерверк, які застаўся з мінулага году, сфатаграфавалі яго разам з бел-чырвона-белым парасонам, які ляжаў у мяне дома. Я разумела, што 25 гадоў, як Аўтуховічу, мне не дадуць, а гадоў на 15 маглі б «закатаць», каб захацелі.
– Што яшчэ памятаеце з дня затрымання? Як вас перавозілі?
– Я не крычала, не супраціўлялася, жартавала, нават запыталася, чаму раней па мяне не прыходзілі. А кадэбісты адказалі, што пакінулі мяне «на дэсерт»… Шчыра кажучы, я была б вельмі рада, варта было б адсядзець і некалькі гадоў, калі б сапраўды яны больш нікога не забіралі, каб я была апошняя… На жаль, яны падманулі – арышты адбываюцца штодня. Калі мяне везлі ў т.зв. «стакане», нас было ў ім чацвёра – я, не вельмі тонкая, а таксама яшчэ трое, у тым ліку нехудая жанчына сталага веку. На Акрэсціна ў мяне здарылася першая панічная атака, і я страціла прытомнасць.
– Раскажыце, калі ласка, пра побыт на Акрэсціна.
– На Акрэсціна – жудаснае месца. Нават калі цябе там не б’юць, усё роўна катуюць. У нас у камеры на дваіх было 6-7 чалавек – без матрацаў, без сродкаў гігіены, адзінае, што выдавалі, гэта туалетную паперу (чаго, кажуць, у ЦІП на Акрэсціна не было). Нават памыць галаву было праблематычна – было толькі дзягцярнае мыла, якое не толькі смярдзіць, але і пасля карыстання ім страчваеш ледзь не палову валасоў.
– Ці падсаджвала адміністрацыя ў камеру асацыяльных асоб, як расказваюць іншыя палітвязні?
– Так, на выходныя нам «падкінулі» т.зв. «працоўную камеру», жанчын-алкагалічак, якія працуюць удзень на сметніках, адбываючы адміністрацыйнае пакаранне, і жанчыну пад уздзеяннем наркотыкаў. У выніку ў нашай камеры плошчай 3-4 кв. м. апынуліся 19 чалавек. Такое катаванне доўжылася з суботы да панядзелка, бо жанчын з «працоўнай камеры» на выходных на працу не вывозяць. Я адразу, як прывялі гэтых усіх людзей, знепрытомнела. Да панядзелка мы «гулялі ў тэтрыс» – нават на падлозе не было магчымасці ўсім легчы. Дзякуй Богу, што, калі людзі пачалі траціць прытомнасць, ахова адчыніла акно. Праз некалькі дзён, адразу пасля яшчэ аднаго прыступу, мяне павялі на першы допыт да следчага.
– А ці аказвалі зняволеным медыцынскую дапамогу?
– Ёсць тры ці чатыры лекары на Акрэсціна, яны прысутнічаюць на штодзённых т.зв. праверках. Існуюць выключэнні, праўда, рэдкія, але, як правіла, лекары дапамогі ніякай не аказваюць. На «Валадарцы», напрыклад, ёсць лекар, які заслужыў мянушку Вася-канавал, бо на ўсе просьбы і заявы, нават хворым на ковід, раіў займацца спортам.
– У чым яшчэ вы заўважылі асаблівую «ўвагу» да палітычных?
– Скажу, што многія жахі Акрэсціна, якія адбываюцца і сёння, ужо апісалі шматлікія былыя сядзельцы яшчэ з 2020 года. Дадам, што з палітычных матываў там сядзяць нават людзі, якія ніколі не хадзілі на маршы. Напрыклад, са мной на Акрэсціна сядзела жанчына, якой на працы падаравалі кніжку Святланы Алексіевіч. Далейшы лёс жанчыны мне невядомы. Я была моцна ўражана, што садзяць жанчыны за 60 гадоў, і за каментары, і за маршы. Людзей у сталым веку не шкадуюць, як і іншых, мы дзень дамагаліся меддапамогі жанчыне, у якой здарыўся прыступ. Атрымліваецца, чалавек можа за час чакання хоць нейкай дапамогі ўвогуле памерці.
– Ці трапляліся вам за гэты час людзі ў сістэме, якіх можна назваць «жывымі духоўна»?
– Не буду называць імёнаў, але нават на Акрэсціна ёсць пара чалавек, якія ставяцца да вязняў па-людску, а на «Валадарцы» такіх большасць (і нават не ўсе там «ябацькі», дарэчы). Але жахаў, «нелюдзяў» і на Акрэсціна, і на «Валадарцы», хапае.
– Валерыя, а якія ўражанні на вас пакінуў Пішчалаўскі замак як гістарычны будынак, які стаў сведкай рэпрэсій беларусаў (і не толькі) розных эпох?
– Гэтаму замку праз 2 гады будзе 200 гадоў. Калі нас вадзілі на прагулкі, у пэўным сэнсе, як гістарычны будынак ён нават нечым натхняў – неба было прыгожым, хоць і ў падвойную «клетачку». У тых дворыках натхнялі вежы і птушкі. Так і запомніўся. Будынак закансерваваны, не выкарыстоўваецца з таго часу, як абрынулася адна з вежаў у 2008 годзе. Палітвязень Андрэй Кім некалі расказваў мне, што ён акурат маліўся ў замку ў той час, калі абрынулася гэтая вежа.
– Ці можна сказаць, што мур часткова «рухнуў»?
– Часткова так, але ў якасці вязніцы выкарыстоўваюцца сутарэнні. Калі першы раз мяне павялі гэтымі сутарэннямі ў камеру (гэта ж цэлы лабірынт!), было такое пачуццё, што адтуль больш не выйду.
Наша камера 8-3 знаходзіцца ў будынку стайняў ХІХ ст. У будучыні гэта будзе музейная камера імя Марфы Рабковай, бо яна там прасядзела практычна 2 гады, што вытрымаць амаль немагчыма. Уся «Валадарка» павінна стаць музеем. Другі паверх там адселены, гэта т.зв. «псіхушка». Ёсць «шанхай» – акурат тыя сутарэнні, праз якія нас вадзілі на прагулкі. Там, кажуць, страшныя камеры, у іх сядзяць да 30 чалавек. Толькі ў дзвюх камерах, калі мяне вялі па калідоры, былі адчынены «кармушкі». Як людзі там сядзяць, я не ведаю: усё пракурана, паветра не хапае катастрафічна нават у калідоры. Жанчыны сядзяць максімум па 12 чалавек. Мужчынам нашмат цяжэй.
– Каго вы найчасцей успаміналі з рэпрэсаваных, якія прайшлі праз гэтую турму ў Менску па вул. Валадарскага?
– Мяне прывезлі туды ў «Ноч расстраляных паэтаў», з 29 на 30 верасня 2022 г. І я адразу стала ўспамінаць, каго трымалі ў гэтай турме. У «Амерыканцы» усе 132 чалавекі, якіх расстралялі ў тую страшную ноч, не змясціліся б. Я потым распытала ў спецыялістаў, аказалася, сапраўды, каля 30 чалавекі з расстраляных тады сядзелі тут. У замку сядзелі паўстанцы і 1830-га, і 1863-га, і Карусь Каганец, і Дунін-Марцінкевіч, і Якуб Колас. Успамінала я і тых, хто сядзеў у іншых вязніцах, чые ўспаміны я запісвала, і, вядома, маю ўлюбёную Ларысу Геніюш. Дзякую, дарэчы, адной маёй сяброўцы, якая змагла перадаць мне яе фотаздымак як фота «бабулі», назваўшы паэтку так, як называлі яе ў апошнія гады жыцця…
– Як вас сустрэлі ў камеры на «Валадарцы”?
– Як толькі пачулі маю беларускую мову, урачыста ўручылі стосік «Нашай гісторыі». Зверху ляжаў апошні нумар, бо пасля яго часопіс не выходзіў. У гэтым нумары быў артыкул, прысвечаны 140-гадоваму юбілею Коласа, які адзначаўся ў тыя дні. Гэта было першае, што я там прачытала.
– Як вы даведаліся, што вас прызналі палітзняволенай?
– Я не ведала, здагадвалася, асабліва па неймавернай колькасці пасылак, пераводаў ды іншай падтрымкі. Але скажу, што вельмі нямногія хочуць быць у спісе палітвязняў. Усе баяцца за сваіх сваякоў, дзяцей, за тых, хто застаўся на волі. Людзі баяцца, што знаходжанне ў гэтым спісе ім нашкодзіць. І калі цяпер больш за 1720 палітвязняў (паводле кааліцыі праваабаронцаў «Dissidentby» – Рэд.), то ў рэальнасці гэтую лічбу, думаю, можна смела памнажаць на чатыры. У маёй камеры з 5-7 «палітычных» толькі я і Маша Рабкова былі ў спісе палітвязняў. А садзяць жа і сем’ямі – мужа з жонкай, дачку з маці, якія лічацца «падзельнікамі», што ўзмацняе іх «віну».
– Як вы і вашы сукамерніцы атрымлівалі інфармацыю пра ваенныя падзеі? Якія ў турме настроі наконт вайны?
– Настроі ў палітвязняў адны… У некаторых камерах, у тым ліку ў нашай, быў тэлевізар. Зразумела, колькасць каналаў абмежаваная. Мы мусілі глядзець прапагандысцкія перадачы, і многія навіны мы даведваліся з таго, што праскоквала ў Грышы Азаронка, ён, так бы мовіць, «злівае» вельмі шмат інфармацыі, нават уключае кавалкі з прэс-канферэнцыі са Святланай Ціханоўскай. Машы Рабковай да пачатку студзеня даходзіла расейская «Независимая газета», дзе былі больш-менш адэкватныя матэрыялы і пра вайну ва Ўкраіне, і пра беларускія падзеі. Інфармацыю таксама даносілі адвакаты.
Запомнілася – калі сталі паказваць прапагандысцкі ролік, што нібыта ў Херсоне ўкраінцы кагосьці расстрэльваюць, то мы зразумелі, што украінскае войска вызваліла Херсон. І ўся «Валадарка» перастуквалася – «Херсон узялі! Херсон узялі!». Гэтае адзінае, на што ў турме можна спадзявацца. Раней спадзяваліся на амністыю, калі зразумелі, што гэта фікцыя, сталі спадзявацца на іншае, на украінскае войска і нашых хлапцоў-каліноўцаў. Бо зараз амністыі – гэта для крымінальнікаў, іх месцы вызваляюць для палітычных. А без надзеі ў турме не выжыць.
Мы глядзелі на Раство па старым стылі рэпартаж з мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра, і калі Лукашэнка стаў гаварыць пра вяртанне «беглых», мы падумалі: а раптам выпускаць пачнуць? Толькі, каб пачалі выпускаць, трэба, каб спынілі «браць», але ж людзей арыштоўваюць штотыдзень шмат…
– Ці чулі вы званы Свята-Петра-Паўлаўскага сабора?
– Не. Быццам на Вялікдзень нехта чуў, расказвалі. Нават на прагулцы я не чула, хоць і прыслухоўваліся. З нашай камеры людзі вельмі хацелі пачуць званы на Каляды ў снежні. Маша Рабкова казала, што раней можна было пачуць званы Чырвонага касцёла (у дакумэнтах імя Рабковай Марыя, але ў публічнай прасторы яе ведаюць як Марфу. – Рэд.).
– Ці атрымлівалася маліцца, чытаць Евангелле?
– Кожную раніцу, як малілася, я даставала абразкі Маці Божай Вастрабрамскай і Жыровіцкай, а таксама ўжо згаданы мной партрэт Ларысы Геніюш. Я, збіраючыся дома ў турму, ухапіла Новы Запавет, а гэтыя абразкі ляжалі ў ім. Я яго чытала штодня. Таксама мне перадалі яшчэ адзін асобнік, яго гарталі сукамерніцы. У турме папулярная т.зв. “варажба на кнігах». І асабліва для гэтай справы пасуе Евангелле.
– Ці падбадзёрвала гэта людзей?
– У пэўным сэнсе так. Мяне асабіста натхніла. Калі мяне прывезлі на “Валадарку», я трапіла ў т.зв. “адстойнік». Я там была адна, магла хадзіць, і там мне аддалі Новы Запавет, які не аддавалі на Акрэсціна. Я, памаліўшыся, адкрывала старонкі Святога Пісьма. Першае, што мне трапілася – гэта гісторыя з Апостальскіх Дзеяў (12 раздзел), як Анёл вывеў Пятра з вязніцы. Пасля мне трапіўся яшчэ адзін натхняльны кавалак. А трэцім разам мне трапіўся кавалак з Святога Пісьма пра тое, як турма разбурылася, пакаяўся турэмшчык і апостал Павел быў вызвалены з вязніцы (Дзеі Апосталаў, раздзел 16. – рэд.). І я адразу адчула, што маё зняволенне ненадоўга. Мяне гэта натхніла вельмі моцна. А ці натхняла Слова Божае іншых людзей?.. Па-рознаму.
– Ці бывалі ў камеры канфліктныя сітуацыі?
– Калі на «Валадарцы» у камеры, па нормах разлічанай на чатырох, утрымліваюцца восем розных жанчын, здараецца рознае. Уявіце, што каля шасці раніцы ўстаюць восем чалавек, якія карыстаюцца адной прыбіральняй і адной ракавінай. Я мела, як я лічу, духоўнае выпрабаванне ў пэўным сэнсе. І на Акрэсціна, і на «Валадарцы» са мной сядзела жанчына з вельмі моцным характарам, якую я чамусьці вельмі моцна раздражняла. Яна мяне «гнала», учыняла скандалы, але я за яе малілася, старалася не рэагаваць на яе агрэсію і аддавала справы на Божую волю. Мне было важна захаваць свой унутраны стан, не крыўдзіцца, не злаваць.
– Як Ларыса Геніюш, «захоўваць свой духоўны хрыбет»?..
– Мне да яе вельмі далёка. А вось Марфа Рабкова, думаю, можа стаць побач. Гэта вельмі моцны чалавек, чалавек-крэмень. Але ёсць і адрозненні Марфы ад Ларысы Геніюш – для Марфы, як зрэшты і для ўсіх хрысціян, больш важны канкрэтны чалавек, а не нацыя. Яна праваабаронца ва ўсім, ставіцца да ўсіх аднолькава, незалежна ад артыкула, – і да палітычных, і да непалітычных, усім імкнецца дапамагаць. Беларускасць для яе не самакаштоўнасць. Яе продкі, дарэчы, паходзяць з гомельскіх старавераў. Як мне падалося, Маша не вызнае сябе хрысціянкай, каб «не пакрыўдзіць», як праваабаронца, людзей іншых рэлігій, поглядаў, ці, напрыклад, геяў. Але пры гэтым з малітваў, якія ёй прысылалі ў лістах у 2020-м, 2021-м (і каталіцкай традыцыі, і праваслаўнай), Марфа шмат што перапісала ў асобны сшытачак і моліцца кожную раніцу. Я таксама ў яе перапісала тое, што мне лягло на сэрца. Там была нават малітва за вязняў ГУЛАГу… Адну малітву я склала сама. Я малілася за вязняў, за Беларусь, за Ўкраіну.
– Ці адчувалі вы малітоўную падтрымку сваіх сяброў?
– Безумоўна! Я думаю, дзякуючы іх малітвам я і выйшла з турмы, таму што гэта сапраўды цуд. Улічваючы тое, што неймаверную колькасць людзей саджаюць ні за што, мяне было за што пасадзіць надоўга. Як гаварыла Маша Рабкова, жыць трэба так, каб атрымаць ад рэжыму 15 гадоў. Але, паводле супрацоўнікаў КДБ, якія мяне арыштоўвалі, я яшчэ на тое «не заслужыла». Я ведаю, што выйшла дзякуючы толькі малітвам усіх сяброў і знаёмых. Аднойчы мне дайшоў ліст ад сяброўкі, што знаёмы епіскап моліцца за мяне ў Ерусаліме. Таму магу сказаць, што малітвамі Царквы Божай я і выйшла з таго сутарэння, як апостал Пётр з Анёлам. Я адразу, трапіўшы туды, моцна адчула малітоўную падтрымку.
– Што вас натхняла ў турме?
– Моцна натхняла, што зусім побач сядзіць нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі – за сем камер ад мяне… Тое, што ўразіла надзвычайна – гэта колькасць перадач, пераводаў, увага. Я, праўда, уяўляла, што мяне будуць падтрымліваць сябры, знаёмыя, людзі, якія ездзілі са мной у вандроўкі. Але падтрымлівалі і зусім незнаёмыя людзі. Лісты, праўда, даходзілі вельмі рэдка, але мне даходзілі і ад несваякоў.
Аднойчы ўразіла, як на прагулцы дачка, што сядзела з намі, пачула з суседняга дворыка голас сваёй маці, з якой яны сядзелі ў розных камерах. Тады мы ўсім дворыкам спявалі: «Пусть мама услышит, пусть мама придёт, пусть мама меня непременно найдёт»… Падобна, што мама пачула, хоць нам і дасталася ад надзіральніц за гэты акт. Момант быў надзвычай шчымлівы.
– Ці здараліся прыемныя нечаканасці падчас вашага зняволення?
– Такім можна лічыць усё, што даходзіць звонку. Турэмшчыкі нічога каляднага не аддалі з дасланага сябрамі – ні зорачак, ні яловых галінак, толькі калядныя пернікі. Мне аднойчы перадалі крэм з «калядным» пахам глінтвейну. Так што такім чынам я «частавала» сукамерніц, прапаноўвала «наліць». Прыемна, калі трапляюць прыгожыя, смачныя дробязі, якія вязень любіць. Прыемнымі нечаканасцямі былі перадачы забароненага – так, аднойчы нам перадалі хатні пірог, падобны на калядны кекс… Там такія ўмовы, што амаль усё добрае – самая прыемная нечаканасць.
– Вы сустрэлі ў турме Раство. Ці ўдалося неяк адзначыць?
– Святы ў турме – гэта асобная тэма. Я, напрыклад, на прагулцы спявала сама сабе калядкі. На жаль, я не надта добра спяваю. Мяне трохі затыкалі, але я адказвала, што таксама хацела б пачуць іх не ў сваім выкананні, але іншых варыянтаў пакуль няма. Я нават хацела зрабіць куццю, але прапанова не прайшла.
Але што хачу засведчыць. І Каляды, і іншыя святы, асабліва Новы год у турме – гэта страшны час. Самы страшны – навагодні «шмон». Яго праводзяць раз на год, у нас у камеры ён быў 30 снежня. Па нядзелях, на святы любяць прыязджаць пазапланавыя праверкі з Дэпартамента выканання пакаранняў.
Гэта, безумоўна, усё скрадзеныя святы. Я там правяла таксама свой дзень народзінаў і даведалася, як рабіць турэмны торцік. На Новы год у нас было «шампанскае» – газаваная мінералка і шыпучая вітамінка.
Адна дзяўчына ў камеры добра малявала і зрабіла кожнаму да Новага года паштоўку: са зверанятамі, падобнымі на таго, каму паштоўка прызначалася. Таксама яна малявала «меню», адзін такі малюнак я забрала з сабой – для будучага музею. Намаляванае меню выглядала значна лепш, чым тое, чым нас кармілі…
– Ці спадзяваліся вы на візіты духоўных асоб?
– Тады, калі я была на «Валадарцы», ужо не было візітаў (магчыма, былі да 2020-га). Напэўна, нават калі б іх і арганізоўвалі, “палітычных» не запрасілі б. Быў яшчэ адзін цуд: мая сяброўка адкрыта напісала мне ў лісце, які дайшоў: «Давай табе арганізуем візіт нунцыя Антэ Ёзіча». Мы нават з Марфай Рабковай троху смяяліся на гэтую тэму. Маша расказвала, што раней ў гэтай камеры сядзела Анжаліка Борыс, да якой не тое што нунцыя, а нават простага каталіцкага святара не дапусцілі. Я не была б супраць візіту нунуцыя, але больш хацела, каб наведаў праваслаўны святар, пажадана не «ябацька».
Сто гадоў таму, яшчэ да рэвалюцыі, у вязняў «Валадаркі» была магчымасць наведваць і праваслаўную службу, і каталіцкую. Ёсць сведчанні, што некаторыя беларусы хадзілі і туды, і туды. І калі іх пыталіся, ці ты праваслаўны, ці каталік, то адказвалі: «Я беларус». А цяпер на «Валадарцы» няма такой магчымасці. У калоніях гэта ёсць. Дзяўчаты, якія сядзелі са мной, хто атрымаў вырак на пазбаўленне волі, дамаўляліся, што ў калоніі сустрэнуцца ў нядзелю каля царквы…
– Што вы можаце сказаць сваім кáтам, абвінаваўцам, пракурору, суддзі? Ці памятаеце вы іх па імёнах?
– Не скажу, што памятаю ўсіх, але памятаюць дакументы, яны захаваліся, асноўныя фігуранты там зафіксаваныя. Яны ўсе – людзі-функцыі, людзі сістэмы, яны баяцца з яе выйсці. Людзі сістэмы ўсведамляюць, што калі падымуць голас супраць яе, апынуцца там, дзе мы, і ім будзе яшчэ горш, чым нам. Гэтыя людзі нібыта ўсё разумеюць. Мне ім няма чаго сказаць, яны не пачуюць. Я магла б сказаць тым, хто мяне затрымліваў, супрацоўнікам КДБ. Яны, у пэўным сэнсе, служаць там па пакліканні. Яны лічаць, што гэтая сістэма найлепшая, прынамсі для іх.
У мяне дома, напрыклад, калі мяне затрымлівалі, быў з пэўных прычын вэрхал, а яны хваліліся, што ў іх дома парадачак, прыгожа. І ў Менску на праспекце чысценька, але свабоды няма, турмы поўныя. Але я лічу, што галоўнае, каб не было бардаку ў галаве. І сапраўдную свабоду гэтая сістэма не заменіць. Госпад мацнейшы. Раней ці пазней гэтая сістэма ўсё адно рухне.
Я б сказала: «Мы вас не ненавідзім. Мы б хацелі, каб вы зразумелі, дзе ёсць праўда. Каб вам было дадзена пакаянне, а не пакаранне. Але ўсё адно яно будзе, бо так уладкаваны свет, ніхто яго не пазбегне, так бывае ў кожнага чалавека. Калі ты на баку зла, «сунуў пальцы ў разетку», то не наракай на Бога, што цябе ляснула токам. Не мы вас будзем караць, вас жыццё і Госпад пакарае, адплата будзе. Нават не з нашага боку, палітвязняў. Напрыклад, Маша Рабкова не хоча, каб яе каты сядзелі так, як сядзіць яна. Я спадзяюся, што яны будуць сядзець у лепшых умовах. Мы рэфармуем пенітэнцыярную сістэму.
– Вы цяпер на волі. Якія б словы вы хацелі перадаць усім, хто застаўся ў турмах, калі б гэтыя словы змаглі дайсці?
– Надзея Раманаўна Дземідовіч, якая атрымала ў свой час 25 гадоў ГУЛАГу, напісала кнігу «Век так не будзе». Гэта словы яе маці, якія яна сказала падчас арышту сваёй дачкі: «Трымайся, век так не будзе».
Трэба не страчваць веры, надзеі. Спадзявацца на Бога. Там можна выжыць, толькі маючы духоўны стрыжань… Трэба максімальна захоўваць сябе духоўна і фізічна. І чакаць вызвалення.
– Што вы хацелі б сказаць людзям, якія застаюцца ў Беларусі?
– Я вельмі баюся і малюся за нашых людзей. Я разумею, што нехта мусіць застацца. Дзякуй вялікі ўсім, хто застаецца, за падтрымку, і прашу далей падтрымліваць максімальна палітвязняў. Можна нават 5 рублёў перавесці на рахунак вязню, і гэта будзе ўжо моцнай падтрымкай, знакам, што пра людзей не забыліся. Там у «атаварцы» ўсё роўна амаль няма чаго купляць, але важна заставацца салідарнымі.
– Што вы будзеце рабіць на волі, апынуўшыся ў Літве?
– Я буду працягваць рабіць тое, што рабіла, у сферы культуры, а таксама дапамагаць, чым змагу, палітвязням. Ну і, вядома, маліцца і чакаць, калі можна будзе вярнуцца ў Беларусь. Я выбрала Вільню, бо гэта самы блізкі горад да Менску, які бліжэй да яго за любы беларускі абласны цэнтр. Можна, сказаць, Вільня амаль эміграцыяй не лічыцца, бо гэта нашая гістарычная сталіца.
Дапамагчы Валерыі можна, пералічыўшы сродкі на наступны рахунак
1) на рахунак paypal — тут.
2) банкаўскім пераводам:
Атрымальнік:
Christian Vision for Belarus
IBAN: LT543500010015775044
SWIFT/BIC: EVIULT2VXXX
Назва банка: Paysera LT, UAB
Адрас банка: Pilaitės pr. 16, Vilnius,
LT-04352, Lithuania
Прызначэнне плацяжа: For Valieryja Charnamortsava