Царква і палітычны крызіс у Беларусі

«І сказаць боязна, і маўчаць немагчыма». Праваслаўны сьвятар і аўтар верша «Цар Ірад» шчыра пра сытуацыю ў Беларусі

«І сказаць боязна, і маўчаць немагчыма». Праваслаўны сьвятар і аўтар верша «Цар Ірад» шчыра пра сытуацыю ў Беларусі

«І сказаць боязна, і маўчаць немагчыма». Праваслаўны сьвятар і аўтар верша «Цар Ірад» шчыра пра сытуацыю ў Беларусі

Праваслаўны ярэй айцец Павел Касьпяровіч з Горадні расказаў, як ставіцца да сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі, пра ролю сьвятара, пра розныя сьцягі і як царква можа заставацца па-за палітыкай.

Айцу Паўлу Касьпяровічу 44 гады. Жанаты, 6 дзяцей ва ўзросьце ад 8 месяцаў да 15 гадоў. Стаў сьвятаром у 2012 годзе. Паэт, у мінулым рок-музыкант. Выступіў са сцэны на мітынгу ў Горадні 16 жніўня. Некалькі дзён таму напісаў верш «Цар Ірад».

Са зброяй у дзікім прыпадку
Цар Ірад шукае: адкуль
Крычаць уначы немаўляткі
І чуюцца стогны матуль?!

Амаль непрытомны, ён зранку
Абходзіць халодны палац.
За вокнамі рыкаюць танкі
І дротам абцягнуты пляц.

Там зноўку бунтуе «народзец»,
Крычыць: мы — адвеку народ!
І марыць аб нейкай свабодзе,
Няўжо няма іншых турбот,

Чым лётаць па плошчы са сьцягам
І сесьці пасьля ў аўтазак?
Чаму ўсе гавораць — канцлягер?
Яшчэ не цкавалі сабак!

Вось нехта запляскаў у ладкі,
На пляцы зьмяніўся патруль…
Ня трэба, прашу, немаўлятак
І стогнаў гаротных матуль!

Адзін у пакутах вар’ята,
Цар чуе, як шэпча Гасподзь:
«Ніхто не пазьбегне расплаты.
Твой час завяршыўся, сыходзь!»

Прыводзім ніжэй ягоныя развагі.

Царква стараецца быць па-за межамі палітыкі. Узьнікае пытаньне, што такое палітыка, а што такое не палітыка. Я думаю, калі мы (сьвятары) пачнем высьвятляць, якая праграма партыі больш правільная, мы будзем памыляцца. А ёсьць пераломныя моманты ў гісторыі — калі ўзяць Расею, 1917 год, ці Другую ўсясьветную вайну, ці 1939 год у Беларусі. Як у такіх сытуацыях паводзіць сябе царкве? Дзе гэта быццам і не палітыка, дзе эпахальныя зрушэньні? Думаю, цяпер нешта падобнае адбываецца, ужо даўно выйшла за межы выбарчай кампаніі.

Я гляджу Эвангельле, дзе да Яна Хрысьціцеля прыходзяць ваяры. Ён ім што кажа? Нікога ня крыўдзіце, кажыце праўду і старайцеся, каб вам хапала вашага заробку. Тое, што адбылося ў ноч пасьля выбараў, — гэта яўна «нікога ня крыўдзіце», так? Гэта было яўнае парушэньне эвангельскага звароту Яна Хрысьціцеля.

Калі ўспомніць Галгофу, рымскія ваяры арыштавалі самога Хрыста. Можна проста арыштаваць, але ж яны зь Яго зьдзекаваліся, яны Яго білі, дзялілі Ягонае адзеньне. Калі чалавека, які парушае закон, проста арыштаваць — гэта адно. Калі яго зьбіць, зьдзекавацца — як адна дзяўчына мне расказвала, што іх разьдзелі і прымусілі прысядаць голымі — што гэта такое? Нібыта мы чытаем аповеды пра гестапаўскія засьценкі. Тыя людзі, якія мусяць нас ахоўваць, так сябе паводзяць.

Калі ўспомніць гісторыю з царом Ірадам, гэта ж ён даў загад на тое, каб забіваць дзяцей. І ў гэтай сытуацыі нехта даў загад, а нехта яго выканаў. Гэта ланцуг ярархіі. Мне згадваюцца словы песьні Высоцкага: «Быў той, каторы не страляў». У адных ёсьць выбар не страляць, парушыць загад, у другіх выбар — ня даць загад. У такіх сытуацыях, калі адбываецца — слова нязвыклае для нас — тэрор, царква ня можа быць нэўтральнай. Як мы можам быць убаку?

Цяпер пайшлі такія споведзі ў людзей — адпала нешта другаснае. Сёньня вялікае сьвята, увесь зрэз грамадзтва быў на споведзі. Адныя каяліся, што займаліся фальсыфікацыяй выбараў; іншыя каяліся, што яны збаяліся выйсьці на плошчу, яшчэ іншыя — што сварыліся на амапаўцаў; іншыя прагаворвалі свае страхі, маўляў нас захопіць Захад, што сварацца з сваімі блізкімі, суседзямі. Мы ніяк ня можам быць убаку ад усяго гэтага.

Быць па-за межамі палітыкі — гэта што значыць? Царква ў апошнія дзесяцігодзьдзі прысутнічае на ўсіх афіцыйных захадах. Сьвятара можна заўважыць дзе заўгодна: асьвячэньне маладых вайскоўцаў, прысяга; выступ перад школьнікамі пра алькагалізм; Дзень роднай мовы; лекцыя аб правілах дарожнага руху… Па-за якімі мы межамі? Мы максымальна стараемся захоўваць нэўтральнасьць, «пазамежнасьць».

Ёсьць чалавечы боль. Нам важна быць зь людзьмі. Мы ня можам маўчаць, калі адбываецца гвалт на нашых вуліцах. Мы ня можам маўчаць, калі парушаюцца прынцыпы праўды.

Справа Царквы якая? Што кажа Хрыстос? Ідзіце й навучыце ўсе народы і хрысьціце іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і перадайце ім усё, што Я запаведаў вам. Мы адкрываем Эвангельле, і што мы там чытаем? Нам важна быць шчырымі, мужнымі, адкрытымі, праўдзівымі, вернымі. Жыць паводле Нагорнай казані, сьведчыць аб гэтым. Нашая задача — ня толькі адпець, пахрысьціць, павянчаць, асьвяціць.

Я не сказаў бы, што я такі герой, Кастусь Каліноўскі. Мне боязна, вядома. Памятайма, што ў мяне дзяцей шасьцёра. Калі я выступаю, то нясу адказнасьць за сямёх, то бок яшчэ і за жонку. Я і паэт, і сьвятар, і грамадзянін гэтай краіны, проста чалавек, які бачыць, што адбываецца. Калі я чую нябесную дыктоўку, запісваю гэты верш, я ж пішу яго не ў шуфлядку. Думаю, калі Гасподзь дае гэтую дыктоўку, значыць, ёю трэба падзяліцца зь людзьмі. Гэтая дыктоўка можа мець наступствы. Але паэзія заўсёды з наступствамі.

Цяпер такая сытуацыя, калі і сказаць боязна, і маўчаць немагчыма. Цяпер такі час, што ёсьць месца і вялікаму подзьвігу, і вялікай здрадзе. Калі агаляюцца ўсе рысы нашага характару, як пазытыўныя, так і нэгатыўныя. Людзі прызвычаіліся жыць спакойна, у сваім сьвеце. Я ўлетку перачытаў чатыры аповесьці Васіля Быкава. Выбар стаяў перад тымі людзьмі, падобны стаіць і цяпер перад нашымі людзьмі. Адна жанчына днямі сказала: «Чаму яны кажуць, што бел-чырвона-белы сьцяг — фашыстоўскі, а Васіль Быкаў быў за яго? Значыць, і я за сьцяг, бо я за Быкава».

Што такое любіць бліжняга? Ёсьць людзі, якія пайшлі на фальсыфікацыю. Яны падставілі тых, хто выйшаў у тыя вечары на вуліцу. Калі б не было фальсыфікацыяў, ніхто б ня выйшаў. Забаяўся — падставіў іншага канкрэтнага чалавека. Гэта ўсё ўваходзіць у паняцьце «любоў».

Што такое любоў на практыцы? Я ўлетку прачытаў пра Ежы Папялушку, сьвятара, які падчас дыктатарскага рэжыму павёў сябе такім чынам (выступіў супраць рэжыму. — РС). Былі тыя, хто паводзіў сябе інакш. Потым жыцьцё паказала, што нехта збаяўся, а гэты чалавек, можа, і парушыў рэкамэндацыі кіраўніцтва, але стаў тым, кім ён стаў (яго закатавалі і забілі, Каталіцкі касьцёл прызнаў Папялушку блаславёным. — РС). Тое, што адбывалася ў Польшчы ў 1980-я, і тое, што адбываецца цяпер у нас, падобна па сваім кантэксьце. Як сказаў адзін паэт, «калі горлам ідзе любоў», калі чалавек ёю захлынаецца, — вось як варта хрысьціяніну жыць. Але гэта ж страшна і цяжка.

У мяне самога ў жыцьці былі прыклады, калі я збаяўся. Потым мне было сорамна, я хацеў потым гэта зьмяніць, мяне гэта ўсё жыцьцё мучыла. А бывалі сытуацыі, дзе я паказваў мужнасьць. Сёньня прыйшоў дзед, ён перажываў, што баіцца выйсьці на плошчу. Яму за 70. Як я скажу дзеду: «Дзед, бяры сьцяг і ідзі на плошчу»? Я яму сказаў: «Яшчэ ня час ваяваць дзядам, пачакайце, жывіце спакойна». Ён узрадаваўся і пайшоў дадому.

Я стараюся людзям не даваць рэкамэндацыяў, а расказваю, як сябе паводзіў я, або дапамагаю зрабіць выбар. Кожны выбар дае наступствы. На што мы пагаджаемся, з тым потым і жывем. Я сёньня ўспамінаў пра Галгофу — і Пётра збаяўся, а перад гэтым ён быў такім героем. Мы цяпер таксама ў такіх падзеях, што раз — і збаяўся. Але потым Гасподзь даў Пятру магчымасьць выправіцца. Я кажу людзям: «Калі вы сёньня нечага збаяліся, вам жыцьцё яшчэ дапаможа і паставіць у такія сытуацыі, што ў вас будзе маральны выбар, дзе вы зможаце сябе праявіць». Важна адчуць, што вось такая сытуацыя настала. Калісьці жыцьцё нашае завершыцца, і магчымасьці выправіць памылку ўжо ня будзе.

Я як паэт выказваюся вершамі. Я цяпер пачуваюся як у 1990-х, калі вершы чыталіся на вуліцах, пры сустрэчах, на кухнях. Цяпер тое самае. Час перамен, калі верш ці песьня ня могуць чакаць тры гады, яны актуальныя сёньня, заўтра, пасьлязаўтра.

Калі я быў падлеткам, была «перабудова». Памёр Леанід Ільіч (Брэжнеў, камуністычны лідэр СССР. — РС), пайшла зьмена сакратароў КПСС, артыкулы пра сталінскія рэпрэсіі, пра таталітарызм. Здавалася, што ніколі гэтага ня будзе — агульнага пакаяньня. Мой бацька спрачаўся зь нейкімі камуністамі, выразаў артыкулы з газэтаў. Здавалася, вось яна — свабода, воля, праўда. Але мы зноў скаціліся праз 30 гадоў да цяперашняй сытуацыі. Як гэта магло адбыцца? Мне дзіўна.

З таго часу сьветапогляд у мяне сфармаваны. Я разумею, што чырвоная зорка — гэта чырвоная зорка, Ульянаў гэта Ўльянаў, дыктатура гэта дыктатура, камуністычны рэжым — гэта тое і тое. Я думаю, людзі, чыё юнацтва прыпала на пэрыяд перабудовы і першых вольных гадоў 1990-х, маюць нейкую прышчэпку. Я памятаю, як у той час выступалі ў пэрыёдыцы сьвятары, што казалі ярархі царквы. І тое, што цяпер адбываецца — падабенства той сытуацыі. Гэта толькі пачалося. Тады гэта некалькі гадоў было.

Вось, напрыклад, Рэспубліканскі саюз моладзі. Што на іхным сайце напісана? Ён зьяўляецца прамым пасьлядоўнікам камуністычнага саюзу моладзі. Значыць, яны цалкам атрымліваюць у спадчыну ўсю слаўную гісторыю гэтай арганізацыі. А тая арганізацыя моцна спрычынілася да зьнішчэньня нашай арганізацыі (царквы. — РС). Гэты дысананс для мяне заўсёды існуе. Чырвона-зялёны сьцяг тое самае, што і БРСМ. Ён афіцыйны, на рэфэрэндуме яго прынялі. Але ёсьць жа разуменьне, што гэта за сьцяг, што гэта варыяцыя савецкага сьцягу, а савецкі — камуністычны. Беларусь мусіла стаць першай атэістычнай рэспублікай. Далей ужо маральны выбар, як існаваць з гэтым сьцягам.

Мы ж сучасныя людзі, адукаваныя. Бачым гісторыю чалавецтва. Ёсьць канкрэтна сфармуляваныя прыкметы дыктатарскіх або таталітарных рэжымаў. Мы ж людзі не сьляпыя. Перад намі выбар: прамаўчаць ці сказаць, што мы думаем. Калі мы маўчым, у нас адныя наступствы, калі гаворым — іншыя. Калі ёсьць яўнае парушэньняў прынцыпаў дэмакратыі, або мы не гаворым пра яе ўвогуле, або мы хлусім. Мы як царква ці пагаджаемся з хлусьнёй, ці робім выгляд, што нічога не адбываецца і пакідаем людзей цярпець, — псыхалёгія раба.

Ці нашая справа казаць, што сталі зьяўляцца сымптомы дыктатарства, ці ня наша? Калі потым рэжым скідваюць, мы шукаем, як бы сказаць, што мы былі супраць. Калі ён існуе, мы стараемся паказаць, што мы нэўтральныя. Калі ў Бізантыі царква стала дзяржаўнай, тады і пачалося злучэньне ўлады і царквы, з таго часу пачынаецца праблема гэтых узаемаадносінаў. Іван Жахлівы і мітрапаліт Філіп. Усе маўчаць, мітрапаліт выступае, а за гэта яго катуюць, цяпер ён сьвяты.

Калі адбылося гэта ўсё, першае слова, якое прыйшло ў маю галаву, — гэта «апрычнікі». Нашыя міліцыянты як апрычнікі сябе паводзілі. Перад намі выбар — выступіць супраць апрычнікаў ці прамаўчаць. Калі б мы адразу максымальна адмяжоўваліся ад афіцыёзу, то і праблемаў бы столькі не было. Было бы прасьцей: дабро гэта дабро, зло гэта зло. Мы тут, прыходзьце, маліцеся з намі.

Калі ад нас патрабуюць заняць нішу сацыяльнага інстытуту, маўляў ваша ніша — гэта інваліды, хворыя, — нам пагаджацца на гэта ці не пагаджацца? Калі нам цяпер бацькі будуць задаваць пытаньні пра выхаваньне дзяцей, што нам на гэта адказваць, калі 15-гадовыя дзеці з аўтаматам бегаюць? Колькі прыкладаў, калі нават у Горадзенскай вобласьці адныя сьвятары дапамагалі партызанам, другія — акупантам, іншыя — хвалілі савецкую ўладу. Як сябе паводзіць? Што тут рабіць? Цяжкія пытаньні падае гэты час. Кожны на сваім месцы будзе рабіць маральны выбар і несьці за яго адказнасьць.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

https://svabod1.azureedge.net/a/30809390.html


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава