Франак Вячорка пракаментаваў кантакты з прадстаўнікамі Ватыкану і Турэччыны
Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па міжнародных пытаньнях Франак Вячорка пракаментаваў у эфіры «Белсату» кантакты з прадстаўнікамі Ватыкану і Турэччыны:
«Гэта новае, гэта важны прарыў. Памятайма, што гэтыя краіны, як і многія краіны, ня ставяць Беларусь у прыярытэт сваёй замежнай палітыкі. Нашая задача — заўжды трымаць Беларусь у арбіце замежных палітык тых дзяржаў, якія ад нас знаходзяцца далёка, і гэта складана. Калі казаць пра Ватыкан, то Сьвятлана Ціханоўская пісала ліст Папу Рымскаму, прадстаўнікі Офіса сустракаліся з прадстаўнікамі Ватыкана ў Вільні, і ў рэшце рэшт атрымалася сустрэцца з Апостальскім нунцыем у Парыжы. Гаварылі і пра візіт у Ватыкан, і пра магымую сустрэчу з Дзяржсакратаром кардыналам П’етра Паралінам. Два тыдні таму Сьвятлана Ціханоўская была на міжнародным форуме ў Славеніі, дзе таксама выступаў Дзяржаўны сакратар Ватыкана. Мы рухаемся ў гэтым кірунку, мы ведаем, што ў Ватыкана свая стратэгія, яны спрабуюць спрыяць вызваленьню палітвязьняў. Сёньня гучала заява ад Ватыкана з заклікам да Лукашэнкі працягнуць вызваляць невінаватых беларусаў. Гэта вельмі добры знак, гэта правільны кірунак. Добра, што Ватыкан таксама настойліва патрабуе ад Лукашэнкі дзеяньняў. Ясна, што Ватыкан ня будзе патрабаваць сыходу Лукашэнкі, але гэта таксама ціск».