Дзеці ў Мінску маліліся Ружанец з біскупам Касабуцкім. Арцыбіскуп Кандрусевіч духоўна яднаўся з імі з Рыма

Увечары 19 кастрычніка ў Мінску ў межах сусветнай акцыі «Мільён дзяцей моліцца Ружанец» дзеці і бацькі сабраліся на супольную ружанцовую малітву з біскупам Юрыем Касабуцкім.

Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі малітва праходзіла на адкрытым паветры ў двары Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра «Місіі добрага самараніна».

Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі маленькія вернікі разам з дарослымі прасілі Бога аб міры ў свеце, аб адзінстве ўсіх людзей, аб спыненні пандэміі і аб хутчэйшым вяртанні да паствы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які сам у гэты час, знаходзячыся ў Рыме, з дапамогаю прамой трансляцыі, арганізаванай парталам Catholic.by, духоўна далучыўся да супольнай малітвы.

Штогадовая акцыя «Мільён дзяцей моліцца Ружанец» праходзіць пад эгідай Папскага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». Сёлета малітва аб міры і адзінстве ва ўсім свеце ўключала ў сябе яшчэ адну просьбу: аб вызваленні свету ад санітарнага і эканамічнага крызісу, выкліканага пандэміяй.

На пачатку малітоўнай сустрэчы ў сталіцы Беларусі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі падкрэсліў сусветны характар гэтай дзіцячай ружанцовай малітвы.

Іерарх перадаў у дар Хрысціянскаму сацыяльнаму цэнтру ружанец, які з жалудоў і каштанаў зрабілі члены адной мінскай сям’і. Падарунак з рук біскупа прыняла сястра Часлава Навіцкая USJK, праз якую Бог здзяйсняе вялікую справу служэння «Місіі добрага самараніна».

Дабрачыннасць, як і кожная дзейнасць Касцёла, немагчымая без унутранага духоўнага «рухавіка», якім з’яўляецца малітва. Менавіта малітва перамяняе чалавечыя сэрцы, і такім чынам змяняе свет, а дабро і любоў перамагаюць зло і нянавісць.

Гісторыя Касцёла сведчыць пра асаблівую моц ружанцовай малітвы, якая становіцца яшчэ большай, калі на ружанцы моляцца дзеці з іх чыстымі сэрцамі і шчырымі намерамі.

На пачатку выхаванцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра чыталі кароткія ўступы-разважанні да Радасных таямніц святога Ружанца. Потым дзеткі па чарзе пачыналі кожную малітву «Вітай, Марыя», а ўсе прысутныя разам яе працягвалі. Трэцяя таямніца, Нараджэнне Езуса ў Бэтлееме, была спяванай.

На змярканні двор перад Хрысціянскім сацыяльным цэнтрам зіхацеў дзясяткамі агеньчыкаў ліхтарыкаў, якія прынеслі з сабой дзеці і іх бацькі.

Да іх дзякуючы прамой анлайн-трансляцыі далучыліся больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў з Беларусі і з-за мяжы.

На заканчэнне малітвы біскуп Юрый Касабуцкі падзякаваў яе арганізатарам і ўсім удзельнікам. Іерарх адзначыў, што хоць Ружанец — гэта каталіцкая форма малітвы, у гэты вечар яна з’яднала людзей розных веравызнанняў у праслаўленні адзінага Бога, які ёсць любоў.

catholic.by