Ціск на Ігара Бараноўскага
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Піша грэка-каталіцкі вернік Ігар Бараноўскі, рэдактар партала БГКЦ «Царква»:
«Сёньня, 30 сьнежня, у судзе Маскоўскага раёну г. Берасьця адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць мяне за рэпосты з рэсурса Бел-т, які прызнаны ўладамі экстрэмісцкім па арт. 19.11.
Перад гэтым матэрыялы справы суддзя двойчы адпраўляў на дапрацоўку. 28 сьнежня трэці раз перапісалі па-новаму пратаколы пра адміністрацыйнае парушэньне: 2 пратаколы за рэпосты з Бел-ту ў Фэйсбуку ад 27.07.2021 (уласна ў дзень, калі рэсурс прызналі экстрэмісцкім!) і яшчэ 10 пратаколаў за кожны рэпост да гэтай даты ў ліпені 2021 г.
29 ліпеня 2021 г. у мяне быў з санкцыі пракурора вобшук КГБ, і тады пасьля допыту і праверкі майго смартфона і кампутара ніякіх прэтэнзій да мяне не было. Але ў кастрычніку зьявіўся вельмі дзіўны ліст праваслаўнага мітрапаліта Веніяміна, які выклікаў пэўны рэзананс у хрысьціянскіх колах, дзе ўгледзелі небясьпеку ў рэлігійна-асьветніцкай дзейнасьці ўніятаў, сярод якіх асобна была згадана мая асоба і грэка-каталіцкая парафія ў Берасьці.
Вердыкт сёньняшняга суда нада мной — штраф 20 базавых (580 руб.), якія я павінен сплаціць на працягу месяцу. Дзякуй Богу — не 15 сутак, як цяпер атрымліваюць многія па гэтым артыкуле, бо я падхапіў вірус і быў трохі прыхварэўшы і напярэдадні суда яшчэ ляжаў у ложку. Дзякуй Богу — Новы год змагу сустрэць з блізкімі мне людзьмі.
Дзякую ўсім, хто ўвесь гэты час перажываў і маліўся за мяне, падтрымліваў у судзе! Мне было гэта важна.
Як і 2021 год, новы 2022 год, напэўна будзе няпростым для грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Але хай Новы год будзе больш спакойным для ўсіх нас, хай надзея на годнае жыцьцё ў сваёй роднай краіне не згасае. Усім зычу здароўя і волі ў Новым 2022 годзе.»