Ці зрабяць са святароў “багаслоўскі АМАП”?
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Ксёндз Вячаслаў Барок у інтэрв’ю Еўрарадыё:
«У Беларусі ўтварылася новая сітуацыя, якой не было год таму, і ў гэтай новай сітуацыі кожны спрабуе знайсьці сябе — і ўлады, і рэжым, і Царква. Усе мацаюць межы — што каму можна ў такой сітуацыі. Кажучы па-людску, кожны імкнецца кожнага выкарыстаць. Рэжым спрабуе выкарыстаць Царкву, а Царква нейкім чынам спрабуе выкарыстаць рэжым. У каго гэта лепш атрымліваецца — пытаньне адкрытае. Хіба што нельга сказаць, што тактыка, абраная Царквой, Касьцёлам, вельмі ўдалая. Тут вельмі шмат пытаньняў.
Ці спрабуе Царква выжыць? Калі Царква спрабуе выжываць, то яна ўжо ўсё губляе. Царква ня мае права «выжываць», яна мае абавязак жыць — жыць жыцьцём паўнакроўным, не азіраючыся на моцных гэтага сьвету. У Царквы іншая місія, яна мае вектар на Валадарства Божае, на жыцьцё вечнае. Яна ня можа адчуваць, быццам яна прайграла, Царква заўсёды ёсьць пераможцай. Але пераможцай Царква выступае толькі ў той момант, калі яна цалкам давяраецца Богу, а тады нават і сьмерць вернікаў, іерархаў становіцца пакутніцкай, хвалебнай сьмерцю, вянком перамогі. А калі Царква забывае пра сваё прызначэньне, яна спрабуе «выжываць». Але такая Царква ўжо гіне. Царква павінная выходзіць з катакомбаў і адважна прапаведваць Слова Божае.»