Аналітыка, каментарыіКАНФЕСІІНавіныПратэстанцкія цэрквыХрысціяне за кратаміХРЫСЦІЯНСКАЯ ВІЗІЯ

Царква паміж гвалтам і Евангеллем у маўклівай краіне

[simple-author-box]

У лютым гэтага года нідэрландскі рэфармацкі рэсурс CNE.news надрукаваў калонку беларускага хрысціяніна-рэфармата Змітра Хведарука. Хведарук быў брутальна затрыманы ў сябе дома ў снежні 2021 года і асуджаны на 15 сутак. З-за пагрозы далейшага пераследу вымушаны эміграваць. Хведарук, багаслоў і царкоўны гісторык, дзеліцца сваім досведам знаходжання на Акрэсціна, а таксама развагамі пра ролю евангельскіх цэркваў у сучаснай Беларусі. Публікуем яго калонку па-беларуску.

Жыццё ў Беларусі выглядае сапраўдным выклікам для хрысціянскага светапогляда. У дадзены момант у краіне (якую мы называем – сэрца Эўропы) больш за 1.100 палітычных вязняў, зачынены ўсе незалежныя смі і вы можаце сесьці ў турму на некалькі гадоў нават за каментар з эмодзі ? “какашкай” у фэйсбуку альбо проста за тое, што вы падпісаны на “нязручны” тэлеграм-канал. Тым больш вы займееце праблемы, калі вырашыце сур’ёзна выказацца наконт сацыяльных умоў ці палітычнага ладу. 

Напэўна вам сталася цікава, як царква ў краіне рэагуе на падобную сітуацыю? Амаль 60% беларусаў намінальна прылічваюць сябе да праваслаўнай канфесіі. Афіцыйная праваслаўная царква, у асобе мітрапаліта Веніяміна і яшчэ шэрагу адыёзных святароў, выглядае што імкнецца займаць пазыцыю міністэрства рэлігіі пры дзяржаве і спрабуе са свайго гледзішча апраўдаць і падтрымаць усё, што адбываецца.

Эвангелікі ў Беларусі, за рэдкім выключэннем, пра каго я па вядомых прычынах не магу згадаць, захоўваюць маўчанне ці выказваюць маўклівую падтрымку рэжыма. Напрыклад, біскуп ЕХБ Леанід Меховіч адразу пасля крывавых падзей выбараў у жніўні 2020 адзначыў, што няма чаго раздзьмуваць катастрофу: “Нічога новага. Супакойцеся, такія падзеі адбываюцца на парцягу ўсёй гісторыі чалавецтва”. Іншыя цытуюць прарока Міхея, сцвярджаючы, што мудры чалавек у “складаны час” павінен маўчаць, а праблема і навакольны боль – проста ўяўныя і не тычацца хрысціянскай місіі!

Чаму евангельскія хрысціяне маўчаць?

Выглядае, што царква баіцца пераследу, як гэта было за часам Савецкага Саюза. Ягоны водар і дыханне шырока распаўсюдзіліся па абшарах Усходняй Эўропы. Верагодна таму прадстаўнікі евангельскіх цэркваў, збольшага, імкнуцца захаваць крохкі і маўклівы “статус-кво”, каб не стала горш. Прагматычны падыход “Realpolitik” пераважвае над багаслоўскім асэнсаваннем і евангельскім абвяшчэннем. Многія цэрквы лічаць, што як толькі яны будуць казаць пра боль, пакуты і надзею, нават не згадваючы палітычныя падзеі, яны будуць зачыненыя, пазбаўленыя рэгістрацыі, царкоўнага будынку альбо аштрафаваныя на значныя сумы.

Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і тым, што вонкавыя акалічнасці ставяць таксама і няпростыя пытанні і скіроўваюць увагу да праблемы зла і пакутаў унутры саміх цэркваў. Часам даходзіць да таго, што з-за страха з царкоўнага чата могуць выдаліць паведамленне з просьбай маліцца за арыштаваных родных ды блізкіх. Альбо пастар адной з менскіх цэркваў публічна маліўся падчас служэння за “бяспеку ўласнай машыны”, у той дзень, калі на вуліцах збівалі да пасінення сотні людзей. Адпаведна, мы бачым цэрквы, якая стаяць перад дылемай – рызыкаваць, суцяшаючы і прамаўляючы, ці мець “магчымы” спакой, дзякуючы таму, што яны маўчаць і проста праходзіць міма сітуацыі гвалту і няпраўды, абараняючы гэткую сваю пазіцыю 13-ым раздзелам ліста апостала Паўла да Рымлянаў і вершам 3:10 з Другога ліста апостала Пятра, робячы дуалістычную заяву пра значнасць “духоўнага хрысціянства”. Адсутнасць багаслоўскага асэнсавання і настаўлення ў няпростыя часы вядзе да заняпаду і расчаравання.

Другі аспект царкоўнага маўчання тычыцца людзей звонку. Многія беларусы ўскладалі сваі надзеі і будавалі ідэнтычнасць вакол выбараў і пратэстаў 2020. Цяпер, калі ў краіне ўсё болей закручваюць гайкі, яны прыходзяць да высновы аб негрунтоўнасці атэістычнага ці нават намінальна-хрысціянскага светапогляду . Выглядае, што трывога і адчай ставяць перад чалавекам у Беларусі самыя глыбінныя экзістэнцыяльныя пытанні, якіх ён доўга пазбягаў ці не браў да ўвагі. Але адказ атрымаць выглядае надзвычай цяжка, бо вакол суцэльнае “маўчанне”.

Фактычна, як у знакамітым фантастычным рамане Клайва Льюіса “З-за межаў нямой планеты” (1939). Герой ангельскага апалагета і мысляра – філолаг Рэнсам трапляе на Марс і раптам даведваецца, што мясцовыя стварэнні называюць нашую Зямлю “Сайлэнт плэнэт”. Чаму? Бо нейкі час таму гэтая планета ўчыніла бунт супраць Мэлэльдзіла (так істоты называлі Бога) і ўвесь сусвет цяпер не ведае, што адбываецца на “ціхмянай” планеце, як і жыхары Зямлі не ўяўляюць, які свет існуе вакол і ў якім наратыве яны самі існуюць. Складаецца ўражанне, што Льюіс нібыта быў нашым суайчыннікам — так выдатна ён даў рады апісаць сітуацыю ў Беларусі,  

Евангелле, Кайпер, ван Ціл у турэмнай камеры

Мае перажыванні, адзначаныя вышэй, пацвярджае і ўласны балючы турэмны досвед. Ведаеце, кожы беларус пачынае дзень не з кавы ці чытання Бібліі, а з трывожнай думкі, ці прыйдуць сёння за мной, ці не? Чуваць крокі за дзвярыма ці там цішыня? 8 снежня да нас дадому прыйшлі 8 узброеных супрацоўнікаў міліцыі, каб правесці ператрус. Яны павалілі мяне на падлогу і трохі збілі, дзякуй Богу, не крануўшы маёй цяжарнай жонкі. За што да нас прыйшлі? У 2020 годзе мяне двойчы арыштоўвалі. Першы раз за тое, што я зафіксаваў парушэнні на выбарчым участку і прайшоў праз пекла на Акрэсціна, другі раз за супольную малітву хрысціян каля каталіцкага касцёла ў цэнтры горада, які быў пад ціскам за публічную пазіцыю. Трэці раз, напярэдадні Раства 2022 года да мяне вырашылі прыйсці ў межах кампаніі запалохвання насельніцтва: арыштоўвалі многіх, хто ўдзельнічаў у кампаніі 2020 года. 

Евангелле і следчы: падчас допыту ў следчым аддзеле я сказаў, што навучаюся ў семінарыі, на што следчы запытаў, у якой. Як толькі я адказаў, што ў рэфармацкай, ён зацікавіўся, а ў чым адрозненне яе ад праваслаўнай, і ў мяне з’явілася магчымасць распавесці яму Евангелле, сказаць пра грахоўнасць чалавека незалежна ад яго палітычных поглядаў, а таксама пра Божую міласць, з’яўленую ў Хрысце на крыжы. У адказ следчы прытупіў позірк і запытаўся, ці вінаваты кат, які выконвае несправядлівы загад і нават забівае чалавека, калі ён толькі частка сістэмы? Выглядала, што тыя, хто пераследуе людзей у Беларусі маюць таксама глыбокую патрэбу ў хрысціянскім абвяшчэнні, бо некаторых з іх усё яшчэ мучыць сумленне.

Евангелле ў турэмнай камеры з Кайперам: пасля допыта мяне адправілі на 15 сутак (хаця абяцалі болей) у сумнавядомую турму на Акрэсціна. Запхнулі ў невялікую камеру, разлічаную на 4 чалавек, дзе знаходзілася ад 13 да 19 чалавек, дзе не было матрацаў, забаранялі класціся на металічны ложак ці падлогу днём, дзе будзяць а 2-й, 4-й і 6-й гадзіне раніцы ў мэтах “праверкі”, ці не ўцяклі вы раптам, а яшчэ два разы на дзень выводзяць у калідор і ўважліва даглядаюць, раскідваючы ў гэты момант вашыя нешматлікія рэчы па камеры. Вас не выводзяць на шпацыр, у душ, а таксама не перадаюць перадачаў. Я прамаўчу пра абразлівае стаўленне “аховы” і адсутнасць паветра і інш. Агулам у такіх умовах усё нагадвае слоік з рыбнымі кансервамі ў соўсе. Брудная і смярдзючая камера, у сценах якой, здавалася, няма месца чамусьці іншаму апроч панікі і адчаю…

На маё здзіўленне, у гэтых умовах выявілася, што насуперак нават майму скепсісу, беларусы зацікавіліся хрысціянскай верай. Не той фармальнай, да якой многія прыналежаць у нашай краіне, адстойваючы чэргі ў храм двойчы на год – па святую ваду і яйкі. Толькі ўявіце, 15 дзён лекцый, размоў і спрэчак пра Троіцу, апраўданне, звяз з Хрыстом, грахоўнасць, малітву “Ойча наш” і “апостальскі сімвал веры”, і безумоўна — пра місію Хрыста ды саму падзею Раства, бо ўсё адбывалася ў час адвенту, напярэдадні 25-га снежня.

Большасць сукамернікаў шчыра прызналіся, што ў дадзены момант жыцця праходзяць праз страх і адчай за сваю будучыню і сваіх блізкіх. Яны нарэшце хочуць разабрацца, чаму ж насамрэч вучыць Біблія і хрысціянская вера, з якой яны толькі павярхоўна ці зусім ніяк не былі знаёмыя. Чым з’яўляецца і не з’яўляецца царква і прыналежнасць да яе. Многія казалі, што яны шукаюць суцяшэнне, сэнс і надзею сярод туманнага сёння і хмарнага заўтра Беларусі. Беларусі, у якой ўсё яшчэ дамінуе маўчанне.

Такім чынам, маё знаходжанне ў турме сцвердзіла актуальнасць настаўлення нідэрландзкага багаслова Абрагама Кайпера, які сцвярджаў, што аўтарытэт і сіла Святога Пісання фармуюць увесь светапогляд хрысціяніна, а не толькі яго “духоўнае ўзвышанае жыццё”. Светапогляд, з якім чалавек глядзіць на цэлую палітру жыцця, а не толькі на асобныя (тыя, якія яму падабаюцца) фарбы, бо Бог пануе над кожным квадратнай цаляй гэтага свету. Мы маем патрэбу ў хрысціянскім свтапоглядзе, які фармуецца пад аўтарытэтам Божага адкрыцця і гістарычнай веры, а не ўласных страхаў ці прагматычнай пазіцыі прыстасавання да сітуацыі.

Такім чынам, царкве ў цяжкім стане, у Беларусі неабходна даць адказ на няпросты выклік паміж “спакойным” маўчаннем ці рызыкоўным абвяшчэннем. Ёй неабходна настаўленне і давер да Усеўладнасьці Бога, Які пануе над светам і з’яўляецца галавой Царквы. Ёй неабходныя малітвы і настаўленне ды калектыўная мудрасць братоў і сёстраў з далёкіх ці блізкіх месцаў, каб несці яркі штандар Евангелля сярод прыніжаных і зняважаных, арыштаваных і бяспраўных, сярод дзяржаўных злодзеяў і рэпрэсіўнай сістэмы. Сярод умоў, у якіх хочацца проста схавацца пад коўдру, замест таго, верна жыць сваё звычайнае трывожнае жыццё.