Цэнтр Беларускай Салідарнасці намінуе пецярых царкоўных дзеячоў на ўзнагароду Global Belarusian Solidarity Award

У міжнародныя дні салідарнасці з Беларуссю Цэнтр Беларускай Салідарнасці прадставіў узнагароду Global Belarusian Solidarity Award. Ёю адзначылі “людзей, якія не пабаяліся першымі кінуць выклік беззаконню і паказаць, што кожны з нас не самотны ў сваім змаганні з несправядлівасцю і сярэднявеччам у еўрапейскай краіне XXI стагоддзя.” Ва ўзнагароды дзесяць намінацый, адна з іх называецца “З верай у сэрцы” і апісваецца наступным чынам: “Для тых, хто не згубіў веру ў святло ў самую цёмную гадзіну перад беларускім світанкам”. У гэтай намінацыі ёсць пяць беларускіх царкоўных дзеячоў розных канфесій: ганаровы каталіцкі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз Вячаслаў Барок, праваслаўныя святары Сяргей Лепін і Ўладзімір Драбышэўскі, а таксама пастар евангельскай царквы “Троіца” Тарас Цялькоўскі.