Царква, якая вычарпала ліміт асцярожнасці
Каталіцкія іерархі і выбары-2020
На працягу ўсяго перыяду суіснавання з рэжымам Лукашэнкі аж да сярэдзіны 2020 года кіраўніцтва Каталіцкай царквы ў Беларусі можна было лічыць узорам асцярожнасці і дыпламатычнасці. Хоць аўтарытарная ўлада з савецкім радаводам ніколі не ўспрымалася каталіцкім духавенствам як “свая”, то ўсё ж не было асаблівай праблемы з адшуканнем modus vivendi, які збольшага задавальняў і ўлады, і царкву.
Кароткачасовыя напружанні вакол польскіх святароў або дазволу на пабудову касцёлаў не пагражалі дагэтулешнему модусу суіснавання. Супадзенні ў поглядах на сям’ю і стаўленні да гомасэксуальнай эмансіпацыі стваралі каштоўнасную платформу для абодвух бакоў – хай сабе невялікую і нетрывалую, але ўсё ж дастатковую, каб часам адчуваць сябе саюзнікамі.
Каб разбурыць узаемавыгадны modus vivendi спатрэбіліся ўсяго два месяцы.
“Католік не фальсіфікуе”
2 ліпеня бягучага года, падчас свята Маці Божай Будслаўскай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў наступнае: “Карабель, імя якому Беларусь, сёння знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары прэзідэнта, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі. Яны павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі паміж рознымі палітычнымі сіламі”.
На першы погляд, у гэтых словах няма нічога надзвычайнага. Насамрэч жа лідэр беларускіх католікаў закрануў самую адчувальную праблему беларускай сістэмы: праблему легітымацыі ўлады Аляксандра Лукашэнкі, прычым зрабіў гэта ў перыяд, калі яна, гэта легітымацыя, была асабліва хісткай. Да пачатку ліпеня велізарную кар’еру ў Беларусі і свеце паспеў ужо зрабіць мем “Саша 3%”, які сігналізаваў драматычную для рэжыму рэч: вялікая частка грамадства пераканана, што Лукашэнка мае меншасную падтрымку.
Гэта быў вельмі кепскі сігнал. Адна справа, калі на тваім баку – меншасць, але мала хто гэта ўсведамляе. Зусім іншая справа – калі мноства грамадзян (уключна з часткай тваіх прыхільнікаў) пераканана, што ты – электаральны лузер.
І вось у такой сітуацыі мітрапаліт Кандрусевіч заяўляе: “Выбары павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі”. Заўважма, што ў той перыяд нават шэраг недзяржаўных экспертаў аддавалі перавагу больш цьмяным фармулёўкам: хтось загадкава разважаў пры “спробы нас падзяліць”, хтось іншы скланяў абстрактныя назоўнікі “дыялог”, “паяднанне” і “узаемаразуменне” без прывязкі да сутнасці праблемы (празрыстасць выбараў), а яшчэ хтось ўвогуле пасмейваўся з кампаніі аб’яднанага штаба і выражаў разуменне для тактыкі ўладаў.
Словы арцыбіскупа Кандрусевіча дадалі імпэту кампаніі, якая ўжо на той момант праводзілася свецкімі католікамі і мела падтрымку ў некаторых святароў. Гаворка ідзе пра акцыю “Католік не фальсіфікуе”. Яе мэта заключалася ў тым, каб усвядоміць вернікам, якія будуць удзельнічаць у падліку галасоў, што фальсіфікацыя выбараў з’яўляецца сур’ёзным грахом. Па меры набліжэння выбараў кампанія набірала размах: не толькі гарадскія, але і вясковыя святары актыўна падтрымалі кампанію і з амвона папярэджвалі пра духоўную і маральную адказнасць за ўдзел у фальсіфікацыях.
Бліжэй да выбараў – далей ад тэмы
31 ліпеня арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся са спецыяльным пасланнем да вернікаў сваёй архідыяцэзіі з нагоды прэзідэнцкіх выбараў. Яно гучала інакш, чым пропаведзь у Будславе. Апроч рытуальнага запэўнення, што Каталіцкая царква “па-за палітыкай”, у пасланні з’явіліся такія акцэнты:
1) Было падкрэслена, што “выбар павінен здзяйсняцца не пад уплывам эмоцый, але быць плёнам сталага роздуму”.
2) У ходзе ацэнкі выбарчай праграмы таго ці іншага кандыдата католік павінен кіравацца такімі крытэрамі, як (а) важнасць (традыцыйнай) сям’і; (б) павага да чалавечага жыцця ад зачацця; (в) свабода веравызнання, (г) сацыяльная справядлівасць, (д) недапушчальнасць “амаральнай дзейнасці” (тут, хутчэй за ўсё, меліся на ўвазе гомасэксуальныя зносіны).
Такая расстаноўка акцэнтаў спараджала больш асацыяцый з дзеючай уладай, чым з асноўным альтэрнатыўным кандыдатам – Святланай Ціханоўскай. Перасцярога перад “эмоцыямі” дужа перагукалася з частым матывам праўладных каментатараў. Рэжымная прапаганда падкрэслівала, што адносная папулярнасць Ціханоўскай – гэта перадусім прадукт штучнага падагрэву эмоцый з дапамогай паліт-тэхналогій.
Пералічныя мітрапалітам “этычныя-рэлігійныя крытэры”, зноў жа, спараджалі больш асацыяцый з дзеючай уладай, чым аб’яднаным штабам. Святлана Ціханоўская і яе саюзніцы прынцыпова не падымалі ні светапоглядныя, ні геапалітычныя пытанні, каб засяродзіцца на больш тэрміновых і важных: вызваленне палітвязняў, запуск дэмакратычных механізмаў і новыя празрыстыя выбары. Абарона “традыцыйных каштоўнасцяў” – гэта сталы кампанент рыторыкі Лукашэнкі і яго ідэалагічнай вертыкалі. А пералічаныя ў пасланні крытэры (а) – (д) у цэлым месціліся ў катэгорыі “традыцыйнасці”.
У той самы дзень (31 жніўня) у дзяржаўнай газеце “Гродзенская праўда” з’явіўся артыкул прэсавага сакратара гродзенскай дыяцэзіі ксяндза Юрыя Марціновіча, у якім аўтар сярод іншага заявіў:
“Сёння мы бачым, што адбываецца ў многіх краінах Захаду, калі ў канфліктах гінуць нявінныя людзі і дзякуем Богу, што жывем у дзяржаве, дзе мір і супакой — галоўныя каштоўнасці. Мы просім Госпада, каб ніхто не змог парушыць наш дух адзінства і братэрства”.
Рэдакцыя абазначыла артыкул хэштэгам #выборы2020. Прыблізна за тыдзень да гэтага ксёндз Ежы Бяганскі, настаяцель Тракельскай парафіі (Воранаўшчына), у інтэрв’ю для дзяржаўнай “Лідскай газеты” заявіў:
“Органы ўлады імкнуцца да падтрымання стабільнасці і спакою ў дзяржаве, а касцёл не прымае анархію і хаос (…). У адрозненне ад многіх іншых краін планеты, разнастайнасць рэлігій у Беларусі не становіцца падставай для канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебах, а наадварот, служыць умацаванню ўзаемнага разумення і павагі. Гэта, безумоўна, з’яўляецца адлюстраваннем палітыкі міру і згоды, якой прытрымліваюцца ў Беларусі”.
Усе гэтыя тры выказванні, уключна з Кандрусевічавым пасланнем, не змяшчалі нават намёку на этыку выбарчага працэсу. Затое змяшчалі ў сабе шмат акцэнтаў, якія ўскосна ўказвалі на дзеючую ўладу ў Беларусі як на добрага і надзейнага партнёра Каталіцкай царквы або/і ахоўніка важных для каталіцызму каштоўнасцяў.
Наўрад ці ўсё гэта было выпадковасцю. Беларускія ідэолагі ў ліпені актыўна працавалі над тым, каб нейк нейтралізаваць кампанію “Католік не фальсіфікуе” і пераключыць увагу католікаў на бяспечныя для ўладаў тэмы: міру, канфесійнай згоды, сям’і. Тры прыязныя публічныя выказванні каталіцкага духавенства — гэта, канешне, не вялікае дасягненне, але ўсё ж нешта ўдалося.
Кандрусевіч: “Мы хочам новай Беларусі”
Магчыма, уладам удалося б заручыцца “прыязным нейтралітэтам” каталіцкага духавенства і вярнуцца да камфортнага status quo, калі б не падзеі 9-11 жніўня. 11 жніўня арцыбіскуп Кандрусевіч выступіў з адмысловым зваротам“ у сувязі са складанай грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі”. На той момант мітрапаліт, хутчэй за ўсё, яшчэ не ведаў пра катаванні ў следчых ізалятарах і зыходзіў з агульнай карціны першых пратэстаў. У звароце ён заклікаў да спынення нянавісці і распачацці грамадскага дыялогу. Зварот быў настолькі асцярожны, што нават газета Адміністрацыі прэзідэнта “Беларусь сегодня” магла яго перадрукаваць.
Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч пайшоў далей. 12 жніўня ён канстатаваў наяўнасць грамадскага крызісу і заявіў, што асноўным яго фактарам быў “не зусім карэктны падлік галасоў”. Фраза “не зусім карэктны” шмат каму можа тут падацца недарэчным еўфемізмам, але тут варта ўлічваць спецыфіку дыпламатычнай мовы. Па факце гэта быў першы выпадак у гісторыі суіснавання рэжыму і Каталіцкай царквы, калі на епіскапальным узроўні ставілася пад сумнеў легітымнасць выбараў.
Па меры паступлення інфармацыі пра злачынствы з боку беларускай міліцыі і спецназа рыторыка каталіцкага духавенства станавілася больш вострай і адназначнай. 14 жніўня на афіцыйным сайце беларускай Каталіцкай царквы з’яўляецца паясняльная заява:
“Згодна з сацыяльным і маральным вучэннем Касцёла, перашкода свабоднаму волевыяўленню і фальсіфікацыя выбараў з’яўляецца цяжкім публічным грахом. Для адпушчэння граху неабходнай умовай з’яўляецца яго вызнанне на споведзі і выпраўленне нанесенай шкоды, а ў гэтым канкрэтным выпадку — публічная заява аб прымусе або фальсіфікацыі, калі такое мела месца”.
“Цяжкі грэх”, “публічны грэх” – на грунце каталіцызму гэта вельмі моцныя звароты. Цяжкі грэх – гэта учынак, які стварае рызыка вечнага асуджэння (пекла). Публічны грэх – гэта грэх, які павінен быць пераадолены не толькі ў прыватным парадку (паспавядаўся, памаліўся – у ўсё), але таксама ў публічным: неабходна кампенсаваць зло, якое паўстала ў публічнай прасторы.
Такім чынам, каталіцкае духавенства скіравала да супольнасці, колькасць якога вагаецца ў раёне 1-1,5 млн, такі пасыл: пра факты ўдзелу ў фальсіфікацыях выбараў неабходна заявіць публічна пад санкцыяй рызыкі вечнага асуджэння. Хоць гэты пасыл з’явіўся не на епіскапальным, а ўсяго прэзбітэрскім узроўні, факт апублікавання яго на афіцыйным сайце паказвае, што супраціў сістэме фальсіфікацый унутры Каталіцкай царквы набыў інстытуцыйны характар.
16 жніўня, калі ва ўсіх вялікіх і многіх малых гарадах прайшлі беспрэцэдэнтна масавыя “Маршы Новай Беларусі”, з нагоды юбілею адной з парафій сваёй архідыяцэзіі арцыбіскуп Кандрусевіч сказаў:“ Мы хочам адраджэння. Мы хочам новай Беларусі”.
Далей уладыка паясняў, што “адны толькі знешнія перамены – гэтага яшчэ замала, гэта яшчэ не ўсё. (…) Трэба найперш перабудаваць чалавека знутры, вярнуць яму вобраз, паводле якога ён Богам створаны”. Такія паясненні цалкам зразумелыя, паколькі metanoia – унутранае перамяненне – адпачатна было ключавым пасылам хрысціянства. Але сам факт выкарыстання звароту “адраджэнне”, і “Новая Беларусь” акурат у такі момант стаў непрыхаванай падтрымкай для пратэстнага руху.
Да словаў дадаюцца вымоўныя жэсты. Увечары 18 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч затрымаўся на малітву каля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Увадначассе пачаў настойваць на сустрэчы з міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым. Пасля некалькіх дзён маўчання ўлады рашыліся: 21 жніўня адбылася сустрэча арцыбіскупа і міністра. Як паведамляе каталіцкі рэсурс, закраналася ў першую чаргу тэма зніклых без вестак, катаванняў, а таксама магчымасцяў душпастырскага візіту святароў у месцах зняволення.
31 жніўня Тадэвуш Кандрусевіч, прабываючы ў Польшчы, даў інтэрв’ю для каталіцка-кансерватыўнай тэлевізіі “Trwam”. Значную частку выступу беларускі іерарх прысвяціў крытыцы трэндаў у заходнім свеце, але была закранута таксама беларуская тэматыка. “Беларускі народ – сказаў ён – дарос да таго, каб адстойваць свае правы, і гэта ўжо іншае пакаленне, чым 26 гадоў таму”. Закрануў таксама тэму выбараў: “Ёсць падставы меркаваць, што выбары праходзілі несумленна”.
Я маю магчымасць параўнаць гэты публічны выступ з непублічнай размовай, якая адбывалася ў Польшчы 10 год таму з удзелам Кандрусевіча. Калі польскія дамініканцы закранулі палітычную тэматыку, мітрапаліт ухіліўся ад адказу і, кіўнуўшы на мяне, сказаў: “Вось ён няхай патлумачыць”. Можна пабачыць, як змяніўся падыход Кандрусевіча: дзесяць год таму ён быў настолькі асцярожны, што нават у вузкім коле і непублічна пазбягаў палітычна афарбаванай тэматыкі. Зараз ён не пабаяўся заявіць у СМІ, што “выбары праходзілі несумленна”.
Цягам жніўня адносіны паміж рэжымам і Каталіцкай царквой былі пазначаны серыяй рознага роду эксцэсаў: блакаванне АМАПам касцёла Сымона і Алены ў Мінску, адключэнне электрычнасці падчас літургіі, спыненне вяшчання нядзельных службаў на радыё, адміністрацыйныя арышты некаторых ксяндзоў. Кульмінацыяй стала неўпушчэнне ў Беларусь арцыбіскупа Кандрусевіча (грамадзяніна і ўраджэнца Беларусі) у краіну падчас яго вяртання з Польшчы 1 верасня. Кожны з гэтых эксцэсаў сустракаўся з рэзкай крытыкай з боку прадстаўнікоў мясцовай Каталіцкай царквы, якія паступова перасталі дбаць пра дыпламатыю і не цураліся вострых фармулёвак, як напр. “пераслед Касцёла”.
На дадзены момант назіраем запаволенне дынамікі канфрантацыі, якое супала з прыбыццём у Беларусь новага апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Антэ Ёзіча, і спробамі ватыканскіх дыпламатаў уладзіць канфлікт. Імаверна, што канфлікт бліжэйшым часам крыху паслабіцца, але поўнага яго пераадолення не прадбачыцца. Па-першае, вельмі шмат чырвоных ліній было перакрочана цягам апошніх двух месяцаў (як у вачах уладаў, так і ў вачах іерархаў).
Па-другое, сёлетні канфлікт “размарозіў” шмат дагэтулешніх праблем – як каштоўнасных, так і арганізацыйных – якія раней месціліся пад дыпламатычным покрывам. Па-трэцяе, беларускі рэжым не славіцца здольнасцю да кааптацыі, аддаючы перавагу грубай сіле і дэманізацыі нелаяльных. А такія метады не спрацуюць у дачыненні да Каталіцкай царквы, як не працуюць у дачыненні да большасці іншых “паўстаўшых” сегментаў грамадства.