Біскуп Буткевіч: Папа Францішак заклапочаны тым, што адбываецца ў нашай краіне
9 жніўня на партале Папскага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» Аcninternational.org было апублікавана інтэрв’ю з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, у якім Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі распавядае пра тое, чым жыве сёння Касцёл у краіне, і дзякуе дабрачынцам за духоўную і матэрыяльную падтрымку.
Прапануем пераклад размовы кіраўніка беларускага каталіцкага епіскапату з прадстаўніком Папскага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» Мар’яй Ладзана (Maria Lozano).
— Беларусь перажывае цяжкі крызіс. Як Касцёл імкнецца падтрымліваць тут людзей?
— Перад абліччам падзей, якія адбываюцца ў грамадстве, Касцёл абавязаны рэагаваць і не можа заставацца абыякавым.
Акрамя таго, многія людзі, якія маюць да іх дачыненне, належаць да Касцёла. І таму ён імкнецца крануць іх сэрца, заклікаючы да міру і паяднання, а таксама да дыялогу для вырашэння праблем.
Мы таксама прапануем усю магчымую дапамогу: духоўную і псіхалагічную падтрымку, а часам таксама матэрыяльную дапамогу тым, хто апынуўся ў асабліва цяжкім становішчы.
— Ці адбіваецца гэта таксама на дзейнасці Касцёла?
— У прынцыпе, крызісная сітуацыя занадта не перашкодзіла і не абмежавала служэнне Касцёла, не лічачы пэўных абмежаванняў, якія закранулі трансляцыю Імшы, і часам павышаны кантроль уладаў дзейнасці некаторых святароў і парафій.
— Якія пачуцці пераважаюць у вернікаў у адносінах да цяперашняй сітуацыі?
— Сённяшняя сітуацыя — гэта яшчэ адна нагода для таго, каб больш старанна маліцца, а ў многіх выпадках таксама для таго, каб пераасэнсаваць свае адносіны да Бога і да іншых людзей.
Наогул, падобныя сітуацыі толькі паглыбляюць веру.
— Як пандэмія COVID-19 закранула Беларусь, і што робіць Касцёл для таго, каб пераадолець яе наступствы?
— Як і паўсюль у свеце, эпідэмія COVID-19 аказала адмоўны ўплыў на грамадскае жыццё і на эканамічнае становішча. Касцёл стаў адным з першых інстытутаў, якія адрэагавалі на пандэмію. Мы прынялі меры перасцярогі, прадугледзеўшы сродкі дэзінфекцыі ў касцёлах, увёўшы нашэнне масак падчас набажэнстваў і захаванне сацыяльнай дыстанцыі. Акрамя таго, пачалі рэалізоўвацца праекты па дапамозе медыцынскім установам набываць неабходныя ахоўныя і санітарныя сродкі. Таксама павялічылася колькасць анлайн-трансляцый Імшаў з парафій. «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» неадкладна аказала нам у гэтым моцную падтрымку.
— Большасць насельніцтва Беларусі належыць да Праваслаўнай Царквы. Як бы Вы ахарактарызавалі адносіны з Праваслаўнай Царквой? Ці існуе экуменічнае супрацоўніцтва, у тым ліку ў сацыяльнай сферы?
— Мы маем мірныя адносіны з Праваслаўнай Царквой, а таксама з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў і рэлігій. Я б іх назваў наогул сяброўскімі, асабліва на ўзроўні чалавечых адносін, а таксама ў змяшаных сем’ях.
Усе канфесійныя ці рэлігійныя адрозненні практычна знікаюць, калі ідзе гаворка пра ратаванне людзей.
З гэтага пункту гледжання эпідэмію ў пэўным сэнсе можна лічыць фактарам, які, хутчэй, аб’ядноўвае, а не падзяляе.
— Вялікая колькасць каталіцкіх святароў у Беларусі прыязджаюць з-за мяжы, перадусім з Польшчы. Ці праблема для іх атрымаць візу? Ці існуе моўны бар’ер з вернікамі?
— Цяпер ужо большасць нашых святароў паходзяць з Беларусі, аднак мы ўсё яшчэ не можам адмовіцца ад дапамогі святароў з-за мяжы. Мы асаблівым чынам удзячныя польскім святарам за іх шматгадовую працу і ахвярнасць. Іх служэнне ўскладняецца неабходнасцю рэгулярна — раз на год і нават раз на паўгода — атрымліваць дазвол на здзяйсненне рэлігійнай дзейнасці. Гэтага дазволу яны могуць быць у любы момант пазбаўлены без ніякага тлумачэння прычын. Што датычыцца мовы падчас святой Імшы, тут, наадварот, ніякіх праблем няма. Няма ніякага моўнага бар’еру паміж святарамі з-за мяжы і іх вернікамі.
— Якім чынам Каталіцкі Касцёл у свеце можа праявіць сваю салідарнасць з беларусамі?
— Беларусь ужо атрымлівае падтрымку паўсюднага Касцёла, асабліва малітвы вялікай колькасці манаскіх супольнасцяў, кангрэгацый, парафій і паасобных вернікаў.
Мы шчыра ўдзячныя за малітвы і за памяць Яго Святасці Папу Францішку, які заклапочаны тым, што адбываецца ў нашай краіне.
Гэтае духоўнае адзінства — галоўная падтрымка для нас у цяперашняй сітуацыі. Прадстаўніцтва Святога Пасаду ў Беларусі стараецца дыпламатычным шляхам дапамагаць жыхарам у гэтыя цяжкія часы знайсці мірнае выйсце з крызісу ў нашай краіне і станоўча ўплываць на яе становішча ў міжнароднай супольнасці.
— Што Вы можаце сказаць дабрачынцам з «Дапамогі Касцёлу ў патрэбе»?
— Перш за ўсё мы жадаем выказаць нашую вялікую ўдзячнасць усім дабрачынцам з «Дапамогі Касцёлу ў патрэбе», якія на прыцягу многіх гадоў дапамагаюць нам аднаўляць касцёлы і развіваць дзейнасць парафій і манаскіх супольнасцяў. Без гэтай дапамогі ў душпастырскай і сацыяльнай сферах мы ніколі не дасягнулі б таго, што сёння маем.
Са свайго боку мы вас запэўніваем у нястомнай малітве, каб Бог узнагародзіў за праяўленую шчодрасць і адкрытасць сэрцаў!