Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Біскуп Алег Буткевіч: Касцёл заўсёды бароніць годнасць чалавека і яго жыццё

Біскуп Алег Буткевіч: Касцёл заўсёды бароніць годнасць чалавека і яго жыццё

Біскуп Алег Буткевіч: Касцёл заўсёды бароніць годнасць чалавека і яго жыццё

Напярэдадні свята Божага нараджэння біскуп Віцебскай дыяцэзіі з удзячнасцю згадвае сямейную традыцыю адзначэння гэтай падзеі.

Упрыгожаная ялінка, сямейная вігілійная вячэра і магчымасць наведаць літургію ў касцёле, нягледзячы на верагодныя праблемы ў школе ці на працы, як тое бывала за савецкім часам, – гэтыя ўспаміны заўсёды саграваюць сэрца. І таму цяпер, калі многія наракаюць на цяжкія часы, на неспрыяльную сітуацыю ў грамадстве, ксёндз-біскуп Алег Буткевіч раіць не паддавацца скрусе:

– Нараканні на час – гэта прыкмета кожнай эпохі, бо няма ідэальнай пары ці ідэальнага часу. Але заўсёды ёсць нагода, каб знайсці штосьці добрае. Калі казаць пра святочную радасць, то гэта таксама пэўны высілак чалавека, каб заўважыць сутнасць таго, што цяпер перажываем, каб у сабе адкрыць прысутнасць не толькі цяжкасцяў і бедаў, але і таго дабра, якое прыносіць і дае чалавеку Бог. І для верніка заўсёднай крыніцай радасці з’яўляецца вера. Яна дае разуменне, што не толькі хлеб надзённы з’яўляецца мэтай жыцця, але і мэты духоўныя.

Сыходзячы год адзначыўся высокай грамадзянскай актыўнасцю пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Мы ведаем, што за грамадскія выступы шмат людзей пакаралі штрафамі, арыштамі і нават турэмнымі зняволеннямі. Сярод іх – пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах ксёндз Вячаслаў Барок, які нядаўна адбыў 10-суткавы арышт за нібыта прапаганду нацысцкай сімволікі ў сацыяльных сетках. За пікетаванне – за парушэнне адміністрацыйнага артыкула 23.34 – былі затрыманыя віцебскія святары – ксёндз Віктар і грэка-каталіцкі святар айцец Аляксей… Падчас абмеркаванняў такіх навінаў у людзей часам паўстаюць пытанні, ці можа святар выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, ці ягоная задача выключна працаваць у храме, з паствай. Разважаючы над гэтым, біскуп Алег Буткевіч зазначае:

– Тое, што святар павінен працаваць у храме, павінен працаваць з паствай – гэта бясспрэчна. З іншага боку, святар застаецца грамадзянінам сваёй краіны. І ён нязменна застаецца прадстаўніком Касцёла, а Касцёл заўсёды бароніць годнасць чалавека, бароніць ягонае жыццё. Робіць гэта ў шырэйшым, глабальным сэнсе. І выказванні святароў на гэтую тэму – гэта іх абавязак звяртаць увагу на недасканаласці ў нашым грамадстве. Безумоўна, трэба зважаць на тое, што Касцёл – гэта не палітычная партыя, ён не можа выступаць як палітычная сіла. Але ён заўсёды на абароне правоў чалавека, ягонай годнасці і ягонага жыцця.

У сваіх калядных пажаданнях біскуп Алег Буткевіч яшчэ раз падкрэслівае значнасць духоўнасці і веры як падмуркаў дасягнення справядлівасці і свабоды. І зычыць беларусам здароўя, поспехаў і Божага бласлаўлення.

racyja.com


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава