Арцыбіскуп Кандрусевіч пры крыніцы святога Якуба: Беларус беларусу — брат і сястра
У нядзелю 25 ліпеня ў дайлідскай парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі (Астравецкі дэканат) пры крыніцы святога Якуба, што на ўскрайку вёскі Тракелі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы з нагоды адпустовай урачыстасці. Крыніца святога Якуба — адзіная з такой назвай у Беларусі — з’яўляецца пачаткам шляху пілігрымкі з нашай краіны ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, да рэліквій святога апостала Якуба.
«Крыніца — гэта месца, адкуль бруіць вада, а як вядома, дзе ёсць вада, там і жыццё. Няхай жа гэтая крыніца стане сімвалам духоўнай моцы нашага народа, каб мы, умацаваныя верай, надзеяй і любоўю, сталі Якубамі ХХІ стагоддзя, якія мужна сведчаць аб сваёй веры, абвяшчаюць заўсёды жывое і актуальнае Божае слова і служаць бліжнім.
Пілігрымкі ў Сант’яга-дэ-Кампастэла аб’ядналі розныя народы Еўропы ў пошуку духоўных каштоўнасцяў. Яны сталі першым, духоўным „еўрасаюзам“, пабудаваным на евангельскіх каштоўнасцях, дзе людзі розных нацыянальнасцяў і культур бачылі сябе адным хрысціянскім народам.
Наша краіна патрабуе адзінства. Мы ўсе розныя: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, юдэі, мусульмане, веруючыя і няверуючыя, людзі розных нацыянальнасцяў і поглядаў. Аднак, як казаў святы Ян Павел ІІ, нягледзячы на гэта, мы павінны імкнуцца да адзінства ў разнастайнасці і працаваць на карысць нашай агульнай Бацькаўшчыны, бо толькі ў адзінстве наша сіла і слава», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Сваю гамілію пры крыніцы святога Якуба арцыпастыр традыцыйна завяршыў кароткай малітвай за беларускі народ:
«Святы Якубе, наш нябесны апякуне, выпрасі ў Бога ласку адраджэння пілігрымак да тваёй крыніцы. Няхай яна стане беларускім Сант’яга-дэ-Кампастэла дзеля праслаўлення Бога і аб’яднання нашага грамадства ў адзінае цэлае, каб пра Беларусь можна было сказаць словамі Святога Пісання: „Як добра і прыемна, калі браты жывуць разам“. А беларус беларусу — брат і сястра. Амэн».