Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікае да пакаяння і прабачэння ў імя агульнанацыянальнага паяднання

18 жніўня, ва ўспамін святой Алены, у касцёле святога Сымона і святой Алены Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы за Беларусь.

Па дарозе ў Чырвоны касцёл іерарх затрымаўся каля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага, дзе разам з сабранымі людзьмі памаліўся адну таямніцу святога Ружанца. Перад Імшою ў касцёле святога Сымона і святой Алены адбылася малітва за Бацькаўшчыну з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій, юдаізму і ісламу, да якой далучыліся каля дзвюх тысяч вернікаў, сабраных у святыні і тых, якія глядзелі прамую трансляцыю на партале Catholic.by.

Запрашаючы да супольнай малітвы, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату сказаў, што Выканаўчы камітэт Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру Iustitia et Pax асудзіў насілле супраць дэманстрантаў, заклікаў беларускія ўлады да вызвалення затрыманых і звярнуўся да ўсіх хрысціянаў, каб увечары 18 жніўня разам узнеслі малітву «Ойча наш» за беларускі народ.

Гэтая малітва стала знакам агульнахрысціянскай салідарнасці з Беларуссю.

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў таксама словы Папы Францішка, які 16 жніўня, гаворачы пра сітуацыю ў Беларусі, заклікаў да дыялогу, спынення гвалту, павагі да справядлівасці і права.

У прамоўленай на святой Імшы гаміліі арцыбіскуп разважаў над словамі Езуса з Евангелля, што чалавеку багатаму, які спадзяецца толькі на матэрыяльныя каштоўнасці і справы гэтага свету, нялёгка збавіцца.

«Мы вельмі занепакоеныя тым, што цяпер адбывацца ў нашай Бацькаўшчыне. Сотні тысяч людзей па ўсёй краіне аспрэчваюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў, і гэта стала прычынай пратэстаў, якія шмат дзе выліліся ў крывавыя сутыкненні з сілавымі структурамі.

Ёсць ахвяры: шмат людзей паранена, пакалечана, ёсць забітыя і зніклыя без вестак. Незаконна затрыманыя людзі знаходзіліся ў жахлівых умовах і цярпелі катаванні», — сказаў арцыпастыр.

Ён дадаў, што дзякуючы Богу сёння на нашых вуліцах спакайней і людзі могуць свабодна выказваць свае думкі. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прааналізаваў сітуацыю, каб з Божаю дапамогаю знайсці выйсце з крызісу, у якім апынулася грамадства.

«Застаецца без адказу пытанне: чаму адбыліся выпадкі гвалту? Чаму памяркоўны грамадзянін Беларусі падняў руку на брата? Чаму сілавыя структуры так жорстка абышліся з мірнымі людзьмі, якія нязгодныя з афіцыйнымі вынікамі выбараў?

Падобная гісторыя паўтараецца ўжо не першы раз. Таму ўзнікае пытанне: чаму на выбарах не прысутнічалі незалежныя назіральнікі? Чаго баяцца назіральнікаў, калі выбарчая камісія ўпэўнена ў справядлівасці выбараў?..

Сёння ўсё часцей усплываюць факты фальсіфікацыі выбараў. Далёка не паўсюль людзей азнаёмілі з пратаколамі. На некаторых выбарчых участках не хапала бюлетэняў. Абвінавачваюцца члены выбарчых камісій. Але хто яны, гэтыя члены? Настаўнікі, супрацоўнікі іншых дзяржаўных структур і г.д. Гэта нашыя суседзі, сябры, знаёмыя.

Усё гэта прывяло да супрацьстаяння, якое паглыбляе раскол у грамадстве і можа завяршыцца трагічна. Пачынаюцца ўзаемныя абвінавачванні. Як у такіх абставінах настаўнікам, якіх падазраюць у махлярстве, выхоўваць дзяцей? Як людзям успрымаць міліцыю, і асабліва АМАП, якія пакліканы абараняць правы грамадзян, а замест гэтага ўсё больш асацыююцца з брутальнымі сіламі падаўлення іншадумства? Колькі часу спатрэбіцца, каб залячыць гэтыя раны?..

Сёння, калі вырашаецца лёс нашай Бацькаўшчыны, я заклікаю да пакаяння тых, хто свядома чыніў зло супраць народа, яго будучыні і кожнага чалавека. Таксама заклікаю да прабачэння вінаватым і агульнанацыянальнага паяднання.

Гэта нялёгка, але прыкладам для нас з’яўляецца Езус, які заклікае не судзіць іншых, каб самім не быць асуджанымі. Звяртаюся да ўладаў з просьбай дазволіць святарам наведваць затрыманых, якія патрабуюць не толькі гуманітарнай, прававой, медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, але і духоўнай. Таксама прашу ўлады не выкарыстоўваць насілля супраць затрыманых на пратэстах і як мага хутчэй іх вызваліць. У імя нашай супольнай будучыні ў чарговы раз заклікаю ўлады неадкладна распачаць дыялог з грамадствам, каб не было запозна», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі

Крыніца: Catholic.by