Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Апостальскі нунцый у Беларусі прыняў біскупскае пасвячэнне. Яго павіншаваў арцыбіскуп Кандрусевіч

Апостальскі нунцый у Беларусі прыняў біскупскае пасвячэнне. Яго павіншаваў арцыбіскуп Кандрусевіч

Апостальскі нунцый у Беларусі прыняў біскупскае пасвячэнне. Яго павіншаваў арцыбіскуп Кандрусевіч

16 верасня Антэ Ёзіч, тытулярны біскуп Цысы, прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусь, прыняў біскупскае пасвячэнне ў нядаўна пабудаваным касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у Соліне (Харватыя).

Сакрамэнт пасвячэння ў ступені епіскапату Антэ Ёзічу ўдзяліў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Галоўным супасвячаючым быў арцыбіскуп Марын Барышыч, пастыр Спліт-Макарскай архідыяцэзіі, з якой паходзіць Антэ Ёзіч.

Новапасвячаны іерарх, які будзе прадстаўляць Папу Францішка ў нашай краіне, нарадзіўся 16 студзеня 1967 г. у горадзе Трыль (Харватыя). Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 28 чэрвеня 1992 г. як святар Спліт-Макарскай архідыяцэзіі. У 1995 г. пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай дыпламатычнай акадэміі. З 1999 г. працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Індыі. З 2003 г. па 2009 г. быў сакратаром нунцыятуры ў Расіі. У 2009 г. стаў дарадцам нунцыятуры на Філіпінах.

2 лютага 2019 г. Папа прызначыў кс. Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары і тытулярным арцыбіскупам Цысы.

Біскупскае пасвячэнне яму павінен быў удзяліць 1 мая 2019 г. кардынал Дзяржсакратар П’етро Паралін. Аднак 7 красавіка 2019 г. арцыбіскуп-намінат трапіў у аўтамабільную аварыю каля Спліта, пасля якой апынуўся ў шпіталі ў крытычным стане.

Пасля яго вяртання да здароўя, 21 мая 2020 г. Папа Францішак прызначыў Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Беларусі.

Бскупскае пасвячэнне павінна было адбыцца ў сакавіку, але з-за пандэміі каранавірусу было перанесена на 16 верасня. Але і цяпер з увагі на складаную санітарна-эпідэміялагічную сітуацыю яно праходзіла з захаваннем належных мер бяспекі ў адпаведнасці з прадпісаннямі харвацкага міністэрства аховы здароўя.

З нагоды біскупскага пасвячэння Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча павіншаваў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, які цяпер знаходзіцца ў незаконным выгнанні.

«Ваша Эксцэленцыя, у дзень Вашага біскупскага пасвячэння я сардэчна Вас вітаю ад свайго імя, а таксама ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ўсіх католікаў нашай краіны»,— напісаў у сваім віншаванні арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён зазначыў, што яго сабрат у біскупскім служэнні становіцца наступнікам Апосталаў і прадстаўніком Папы ў Беларусі ў вельмі складаны час у жыцці краіны.

«У гісторыі нашай мірнай з палітычнага, нацыянальнага і рэлігійнага пункту гледжання краіны ніколі не здаралася, каб брат падняў руку супраць брата. У выніку ёсць ахвяры. Мы сталі сведкамі праліцця крыві на вуліцах і плошчах нашых гарадоў.

Шмат людзей паранены, тысячы затрыманы. Гэта прывяло да глыбокага падзелу ў нашым грамадстве, які можа справакаваць грамадзянскую вайну»,— з болем падкрэсліў арцыпастыр, які сам пакутуе з-за немагчымасці вярнуцца ў Беларусь, ахвяруючы свае цярпенні за лепшую долю для Бацькаўшчыны і яе народа.

Разам з тым кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату заўважыў, што цяперашні грамадска-палітычны крызіс у краіне даў штуршок да ўмацавання добрых адносінаў паміж прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігій у духу братэрства і салідарнасці. Ён дадаў, што з самага пачатку крызісу Каталіцкі Касцёл запрашае бакі канфлікту да шчырага дыялогу ў праўдзе з мэтай вырашыць яго мірным шляхам.

«Дзеля развіцця нашай пастырскай і грамадскай дзейнасці, а таксама адносін з дзяржавай у гэты пераломны момант нашай гісторыі нам патрэбна Ваша падтрымка як прадстаўніка Святога Пасаду.

Таму мы з надзеяй чакаем Вашага прыезду ў Беларусь, дзе Вы будзеце здзяйсняць служэнне, даручанае Вам Святым Айцом Францішкам», — напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сваё віншаванне Апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі завяршыў пажаданнем, каб Маці Божая, якую харвацкія вернікі ўшаноўваюць у Соліне, а беларускія — у Будславе, абараняла і вяла яго на шляху новага служэння дзеля дабра Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Catholic.by


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава