Апошняе слова актора Сяргея Волкава на судзе па так званай «Пінскай справе»
«З верай, што хутка прагучыць і апраўдальны прысуд, дазволю сабе выказацца ад імя ўсіх пінчукоў, вязняў сумлення. Суд моцнага над слабым, пераможцы над пераможаным, па сутнасці, з’яўляецца трыбуналам. Шыты белымі ніткамі фарс. Новая сацыяльная прафілактыка як мера сацыяльнай абароны грамадскага ладу ад непажаданых элементаў. Паводзіны ўплываюць на мараль. У таго, хто падмануў, скраў, здзейсніў іншую правіннасць, што супярэчыць сумленню, і застаўся без пакарання, — назаўжды размываецца ўяўленне пра дабро і зло. Самавольства вярэдзіць.
Беларуская справядлівасць — гэта, перадусім, банальная помста з намерам запалохаць грамадзян, а ідэалогія дае шуканае апраўданне ліхадзейству. Законы, усталяваныя людзьмі, не могуць супярэчыць законам сумлення. Праўда — адна, тым часам як хлусня мае тысячы масак. Аднак усім нам варта памятаць словы з Евангелля: якой мерай мераеце, такая і вам адмераная будзе; і спагоніцца з вас кожная кроў праведная, што вамі праліваецца; і ўсе, хто ўзяў меч, ад яго і загінуць».