Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Свята са слязамі на вачах

Свята са слязамі на вачах

Placeholder
Аўтар
Incognito

RerumNovarum

Аўтарскі канал пра Беларусь, Касцёл і ўсяго патроху.

Сёння свой дзень народзінаў святкуе цяпер ужо былы мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. І сёння ж роўна год таму ён сышоў у адстаўку.

Фармальна каталіцкія іерархі ў 75 гадоў абавязаныя падаваць прашэнне аб адстаўцы. Але не заўсёды такія прашэнні задавальняюць. Напрыклад, нягледзячы на свае 76 гадоў дагэтуль працягвае несці служэнне дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. А вось арцыбіскупа Тадэвуша ў адстаўку паслалі ў самы дзень народзінаў. Фармальна ўсё паводле канонаў, але ёсць, як той казаў, «нюанс».

Арцыбіскуп Тадэвуш дагэтуль застаецца самай медыйнай асобай беларускага Касцёлу. Ён працягвае наведваць розныя парафіі, браць удзел у канферэнцыях, выступаць з заявамі. На сайце Catholic.by з ім з моманту адстаўкі было 168 артыкулаў. У ягоных пераемнікаў на Менскай катэдры Юзафа Станеўскага і Казіміра Велікасельца – 100 і 83 адпаведна, у новага кіраўніка Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Алега Буткевіча – 76. Так што, як бачым, пенсія – гэта не пра яго. Як і кепскі стан здароўя.

Тады што? Адказ відавочны. З 31 жніўня па 24 снежня 2020 года яму – грамадзяніну Беларусі паводле нараджэння – было забаронена вяртацца на радзіму пасля таго, як ён раскрытыкаваў дзеянні ўладаў і сілавікоў, наведаў Акрэсціна. За гэты час афіцыйныя ўлады як толькі яго не называлі і што толькі пра яго не казалі. Для вырашэння пытання ў Менск прыбылі некалькі ватыканскіх эмісараў, якія, відаць, здолелі прыйсці да кампрамісу:

Іерарху дазваляюць вярнуцца ў Беларусь, не патрабуючы ад яго ані пакаяння, ані прызнання сваіх «памылак», а ў адказ ён сыходзіць у адстаўку. Фармальна абодва бакі захавалі свой твар, але па факце з гэтага пачалася «нармалізацыя» Касцёлу ў Беларусі па прыкладзе праваслаўнай царквы. Там, праўда, ніякіх фармальнасцяў не было выканана і блізка. Замест звольненага іерарха былі прызначаныя менш медыйныя і больш канфармісцкія, як падаецца, біскупы.

Пры гэтым, канечне, сітуацыя ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі застаецца ў разы лепшай, чым у калегаў з БПЦ. Іншых біскупаў і святароў тут не зачысцілі дый перыядычна працягваюць то тут, то там гучаць нязгодныя галасы каталікоў рознага ўзроўню. Дый увогуле, нягледзячы на фармальную адстаўку Тадэвуша Кандрусевіча, часам не пакідае адчуванне, што нефармальныя рычагі кіравання ў беларускім Касцёле ўсё ж застаюцца ў былога мітрапаліта.

Але пры гэтым застаецца пытанне: ці такім неабходным было вяртанне арцыбіскупа Тадэвуша ў Беларусь, умовай чаго была ягоная адстаўка? Ці сапраўды нельга было працягваць кіраваць беларускім Касцёлам з-за мяжы?


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава