Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Анкета «Хрысціянскай візіі», адказы грэка-каталіцкага верніка Ігара Іванова (Лондан, Велікабрытанія)

Анкета «Хрысціянскай візіі», адказы грэка-каталіцкага верніка Ігара Іванова (Лондан, Велікабрытанія)

Placeholder
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

У 2020 годзе беларускія хрысціяне «вярнуліся» ў палітыку і грамадзянскае жыццё. Ці застаецца гэта справядлівым для 2021 года, або вернікі «вярнуліся назад» у свае супольнасці?

У публічным полі, хрысціянскія галасы менш чуваць сёння, чым гэта было годам раней. Для гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны і нікога нельга вінаваціць, што людзі і супольнасці заціхлі. Многае яшчэ выспявае, людзі прыглядаюцца і спрабуюць зразумець, дзе межы дазволенага, як доўга гэта працягнецца і што мае сэнс рабіць. Працэс асэнсавання актыўна адбываецца, калі судзіць па запісах у сацыяльных сетках. З’явіліся, аднак, знакі таго, што рэжым пачынае паспяхова ўцягваць рэлігійныя супольнасці ў свае праекты. Я схіляюся да думкі, што досьвед Каталіцкай Царквы ў Кітаі рэлевантны ў выпадку Беларусі таксама. Ён падказвае, што Царква мае вельмі мала ці зусім не мае шанцаў эфэктыўна супрацьстаяць падобным таталітарным рэжымам. Таму нейкія кампрамісы цяпер дадуць часовую перадышку, але не ўратуюць Царкву, калі тая ў прынцыпе не пагодзіцца стаць інструментам прыгнёту.

Што для вас стала галоўнымі непрыемнаю і прыемнаю нечаканасцямі ў рэлігійна-грамадскім жыцці Беларусі ў сыходзячым годзе?

Бадай, самы непрыемны момант — гэта бяззубасць Апостальскай Сталіцы. Але ён не стаў нейкім сюрпрызам: Ватыкан паслядоўна разглядае Беларусь не як нешта самастойнае, але ў кантэксце больш важных для яго праектаў. Глыбіня гэтага ігнаравання, аднак, мяне здзівіла: нават арганізаваны рэжымам гандаль людзьмі не выклікаў асаблівай рэакцыі.

Парадавала мяне публічная прысутнасьць грэка-католікаў. Нягледзячы на сістэматычны ціск, у тым ліку — фактычную забарону будаваць храмы і мець зарэгістраваныя СМІ ў Беларусі, — грэка-каталіцкі голас чуваць і ён прыгожы. Знакі падтрымкі грэка-каталікоў з боку нунцыя і рыма-каталіцкіх біскупаў сведчаць — я спадзяюся, — пра большую еднасць усёй каталіцкай супольнасці ў Беларусі. Пытанне грэка-каталіцкага біскупа для Беларусі застаецца балючым нявырашаным момантам для Царквы.

На вашу думку, якія найбольш важныя тэндэнцыі ў беларускай рэлігійна-грамадскай сферы працягнуцца ў 2022 годзе?

Я засяроджуся на дыяспары. З Беларусі адным махам выехалі дзясяткі тысяч беларусаў, калі не больш, і гэты працэс працягваецца. Па маштабах, гэта параўнальна з эміграцыяй у выніку Другой сусветнай вайны. Пакуль рана казаць, што з гэтага атрымаецца ў плане рэлігійнага жыцця. Паваенная эміграцыя стварыла дзясяткі самых розных парафій, цудоўныя рэлігійныя выданні і актыўныя арганізацыі, і адукавала нямала сваёй моладзі. Багата гэтага досведу вярнулася ў Беларусь напрыканцы мінулага стагоддзя. Сённяшняя хваля іміграцыі — і больш адукаваная, і больш нацыянальна свядомая. Я вельмі спадзяюся, што плёны жыцця ў вольных краінах і ў адрозным ад Беларусі рэлігійным кантэксце праявяцца хутка. І калі інфармацыйны доступ да Беларусі не перапынецца цалкам, ад гэтага выйграюць і цэрквы ў Беларусі, і нашыя супольнасці ў дыяспары.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава