Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Арцём Ткачук. Беларускі Касцёл 2020

Арцём Ткачук. Беларускі Касцёл 2020

Арцём Ткачук. Беларускі Касцёл 2020

Паспрабую падвесці свае суб’ектыўныя вынікі таго, чым мы жылі ў гэтым годзе. У цэлым год быў неблагі. Цяжкі, але неблагі.

БЕЗ СУСТРЭЧАЎ

Сёлета была адменена большасць асноўных каталіцкіх сходаў. Пілігрымкі, фэсты ў санктуарыях, дні моладзі, парафіяды, канікулы з Богам, рэкалекцыі і дзесяткі іншых. Цяжка ацаніць маштабы, але па колькасці адмененых мерапрыемстваў, Касцёл, магчыма, быў адным з арганізацый-лідараў у Беларусі.

Нягледзячы на гэта, пандэмія ўскрыла таксама слабыя пункты. Гісторыя з першай камуніяй у Ашмянах, сустрэча святароў у Росі, спрэчкі паміж вернікамі пра важнейшасць св. Імшы дома і ў святыні паказалі нашу “храмацэнтрычнасць”.

Відавочна, што каранавірус вучыў нас прыватнай малітве, асабістай адказнасці за сваю веру.

АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПАКАЯННЕ

Устанаўленне гэтага дня напрошвалася ўжо даўно. Ініцыятыва сёлета прайшла незаўважна, але перад ёй яшчэ доўгія гады развіцця і паглыблення ў свядомасці не толькі католікаў, але і грамадства ў цэлым.

Хто з біскупаў мог падумаць, што ўжо праз паўгады адбудзецца жнівень 2020? Мітрапаліт Тадэвуш першага сакавіка заклікаў вернікаў “ніколі не весці дыялогу і не шукаць кампрамісу са злым духам”.

Калі Касцёлу атрымаецца ўкараніць агульнанацыянальны дзень пакаяння ў грамадскую агенду — гэта быў б моцны ўнёсак у кансалідацыю беларусаў як народа.

НУНЦЫІ

У пачатку студзеня мы развітваліся з арцыбіскупам Габарам і было цалкам невядома калі прыедзе наступны прадстаўнік Папы. Аднак ужо праз 10 месяцаў яго наступнік апынуўся ў самым цэнтры ўвагі не толькі Касцёла, але і грамадства.

Яшчэ ніколі на нунцыяў у Беларусі не ўскладвалі столькі спадзеваў і чаканняў як гэта выпала біскупу Антэ Ёзічу. Зазвычай жа праца нунцыятуры заставалася ў цяні (за выключэннем часоў Клаўдыё Гуджэроцці) і такі стыль яна напэўна і захавае. Проста так сышліся зоркі.

У любым выпадку беларускія католікі атрымалі важны досвед таго, як працуе ватыканская дыпламатыя. На мой погляд, у патрэбны час Ватыкан падставіў плячо і сказаў слова. Па-свойму, але сказаў.

ВЫБАРЫ

У 2020 мы ўпершыню пачулі ў публічнай прасторы словы “палітвязень”, “не да канца карэктны падлік галасоў”, “парушаны прынцып справядлівасці” з вуснаў беларускіх біскупаў. Святары і вернікі масава выходзілі на маршы, а мітрапаліт асабіста сустрэўся з Караевым.

Пазіцыя на выбарах 2020 прынесла Касцёлу давер грамадства якога яшчэ не было. Адносіны каталікоў з дзяржавай як ніколі гарачыя, але я думаю далей за гэта не пойдзе. Нябачна, каб хтосьці збіраўся адступаць ад сваіх пазіцый, але канфрантацыя нікому не патрэбна таксама.

Сітуацыя з мітрапалітам, гістарычныя прамовы біскупа Касабуцкага, лісты біскупа Буткевіча відавочна ўзмацнілі інстытут біскупства ў цэлым. Але і патрабаванні да біскупаў ужо іншыя, вышэйшыя.

СВЕЦКІЯ КАТОЛІКІ

Голас свецкіх католікаў кансалідуецца, але па ранейшаму слабы. Расце супольнасць Радыё Марыя, мела месца “католік не фальсіфікуе”, растуць скауты, усё больш людзей піша пра Касцёл у сацсетках і шмат шмат іншых. Гэта рух знізу, вельмі важны.

Аднак 2020 паказаў ужо стары недахоп арганізацыі свецкіх католікаў. Шмат актывістаў, шмат ахвочых рабіць справы, але калі ты задумаў штосьці зрабіць, то звярнуцца з ініцыятывай няма куды. Толькі курыі, пробашчы, ці іншыя касцельныя арганізацыі. Але гэта іншае.

Ці ўзнікне такі каталіцкі рух — час пакажа. Гэта таксама тэст на сталасць веры свецкіх беларускіх каталікоў.

Вось такім мне ўбачыўся гэты 2020-ы ў нашым Касцёле. Было яшчэ шмат чаго, але тэндэнцыі ўбачыў такія.

Deo Gratias

Крыніца


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава