Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Зьміцер Дашкевіч. Здабыча тырана будзе вызвалена

Зьміцер Дашкевіч. Здабыча тырана будзе вызвалена

Зьміцер Дашкевіч. Здабыча тырана будзе вызвалена

Часам не да закону – сказаў кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі і ўсе ягоныя памагатыя ўзялі пад казырок. Паказаньні на нас даюць людзі з выдуманымі прозьвішчамі ў балаклавах, судзяць нас проста ў турме па скайпу з тэлефона – Сталіну з Гітлерам такое шчасьце толькі сьнілася! Здавалася б, пасадзілі – ды супакойцеся, галоўная праца зроблена. Аж не, садыская сутнасьць карнікаў патрабуе далейшага гвалту, на колькі гэта, канешне, дазваляе ХХІ стагодзьдзе і геаграфічны цэнтар Эўропы. А што вязьню цяжэй за ўсё ў турме? Інфармацыйны вакум, адсутнасьць падтрымкі з волі. Гэта цудоўна разумеюць вертухаі ўсіх узроўняў. Таму і вярнулі нам усе дасланыя лісты з Новымі Запаветамі і сьвяточнымі паштоўкамі.

Такога маральна-псіхалагічна гвалту з боку турэмшчыкаў ніколі не было. Раней, калі табе прыходзіць у турму ліст, а цябе ўжо этапавалі – ліст пойдзе на новы адрас дыслакацыі. Бывала ў мяне лісты такім чынам па 3-4 турмы/зоны праходзяць, але да цябе прылятаюць. Цяпер жа: перавялі чалавека – і ўсе лісты да яго вяртаюць назад ці выкідаюць, не напісаў імя па бацьку (амаль ніхто і амаль ніколі не пісаў раней імёнаў па бацьку, але ўсё даходзіла) – вяртаюць ці выкідаюць. Тут яшчэ лепей: напісалі на капэртах, што затрыманыя «могуць карыстацца турэмнай бібліятэкай». Хоць іхны ж уласны «закон» імі самімі выдумляны кажа адваротнае! Артыкул 17 «закона» РБ аб парадку і ўмовах утрыманьня асобаў пад вартай:

«Асобам, якія ўтрымоўваюцца пад вартай, дазваляецца атрымоўваць БЕЗ АБМЕЖАВАНЬНЯ КОЛЬКАСЬЦІ пасылкі, бандэролі, дробныя пакункі…»

Артыкул 10 тако ж «закона»:

«Асобы, якія ўтрымоўваюцца пад вартай, маюць права:

— На перапіску;

— На самаадукацыю і карыстаньне літаратурай, выданьнямі перыядычнага друку і пісьмовымі прыладамі;

— Здзяйсьняць рэлігійныя культы… МЕЦЬ ПРЫ САБЕ РЭЛІГІЙНУЮ ЛІТАРАТУРУ».

У ніводнай беларускай турме ня будзе ў бібліятэцы Новых Запаветаў на кожнага, хто пад вартай. Тым больш на роднай мове іх ня будзе нават ніводнага. Але турэмшчыкаў усіх узроўняў іхныя ж уласныя «законы» ўжо не турбуюць, бо «часам не да закону». І таму палітвязьняў пазбавілі элементарнага права: права шукаць Бога і Ягонага выратаваньня. Была б у нашай краіне царква, можна было б папрасіць яе вырашыць гэтую праблему. Але пратэстантаў ніхто ня будзе слухаць, Касьцёл ужо ледзь не галоўны вораг рэжыму, праваслаўная царква пару праведнікаў мае, але як інстытут – на службе ў пасінеўшага Ірада. Але мы спадзяемся на Бога, Які праз забароненую акупантамі Біблію сьведчыць нам сёньня: «Так! Так кажа Гасподзь: і палонныя дужым будуць адабраныя, і здабыча тырана будзе вызвалена; бо Я буду спаборнічаць з супраціўнікамі тваімі і сыноў тваіх Я выратую» (Ісаі 49:25).

Вельмі шкада грошай, якія сотні людзей ахвяроўвалі. Вельмі шкада працы дзясяткаў патрыётаў, якія ў сьвяточныя вечары гадзінамі гэтыя капэрты складалі. Прабачце ўсе. Я буду пісаць скаргі і старацца імя кожнага акупанта задакументаваць для будучых падручнікаў па гісторыі, але сёньня, у сьвята Божага нараджэньня, бязбожнікі сьвяткуюць сваю перамогу над палітвязьнямі. Божа, яны забралі ў вязьняў Слова Тваё, а Ты сёньня забяры ў іх усялякую апору, забяры ў іх любую надзею, забяры ў іх мір, зябяры ў іх супакой, забяры ў іх сон, у Імя Ісуса Хрыста – і няхай здабыча тырана будзе вызвалена!

Крыніца


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава