Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Улады Менска зноў пагражаюць высяленьнем пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё»

Улады Менска зноў пагражаюць высяленьнем пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё»

Улады Менска зноў пагражаюць высяленьнем пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё»

Менскія ўлады чарговым разам патрабуюць, каб суполка пратэстанцкай Царквы поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» пакінула будынак па вуліцы Кавалёва, 72.

Такое прадпісаньне вернікі атрымалі ад упраўленьня прымусовага спагнаньня галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менскага гарвыканкаму, расказаў БелаПАН адміністратар царквы Віталь Антончыкаў.

Чыноўнікі патрабуюць, каб будынак быў вызвалены да 31 сьнежня. У іншым выпадку пагражаюць прымусовым высяленьнем 5 студзеня 2021 году.

«Гэта ўжо ня першае прадпісаньне. Заўсёды, калі мы атрымліваем такія лісты, узмоцнена молімся, каб Госпад абараніў нас. Будзем спадзявацца, што не адвернецца ён ад нас і гэтым разам», — сказаў Віталь Антончыкаў.

Кіраўніцтва царквы неаднаразова сустракалася з прадстаўнікамі менскіх уладаў, каб легалізаваць свой будынак. Аднак сытуацыя не зьмянілася.

Летась у студзені прайшло грамадзкае абмеркаваньне пляну забудовы паўднёвай часткі мікрараёну Сухарава. На месцы малітоўнага дома думаюць пабудаваць школу.

Занядбаны будынак былога кароўніка прыхаджане адстроілі пад царкву за ўласныя сродкі. Ад пачатку ўчастак быў выдзелены рэлігійнай суполцы ў бестэрміновае карыстаньне, аднак у 2005-м менскія ўлады пазбавілі яе такога права.

На наступны год вернікі правялі галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Іх падтрымалі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, краіны Эўразьвязу, замежныя палітыкі, рэлігійныя аб’яднаньні. Пасьля гэтага ўлады пакінулі царкву ў спакоі.

Радыё Свабода


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава