Ксяндза Вячаслава Барка ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА
3-га снежня ў судзе Расонскага раёна яго асудзілі да 10 сутак арышту. Пробашча расонскага касцёла прызналі вінаватым паводле артыкула 17.10 КаАП (“Прапаганда або публічная дэманстраванне і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі”) за размяшчэнне ў сацыяльных сетках плаката Уладзіміра Цэслера “Стоп Лукашызм”. Суддзя Рада Дамініч падтрымала меркаванне следчых, што гэта не перапост мастацкага твора, а публікаванне выявы свастыкі.
Пасля суда было абвешчана, што пакаранне ксёндз Вячаслаў Барок мае адбыць у наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Аднак неўзабаве высветлілася, што яго перавезлі ў віцебскі следчы ізалятар, распавяла актывістка Таццяна Севярынец:
– На наступны ж дзень наваполацкія актывісты і каталікі панеслі перадачу. Але ім сказалі, што такога няма. І не адразу, але прызналіся, што яго павезлі на Віцебск. Мы на наступны ж дзень зладзілі перадачу. І сёння мы зноўку аднеслі перадачу, і разам з намі перадачу перадаваў біскуп Алег Буткевіч.
На наступны дзень пасля суда над ксяндзом Вячаславам Барком Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выступіў з адмысловым зваротам да ўсіх вернікаў і людзей добрай волі, засведчыўшы, што ён не згодны з выракам расонскага суду. “У сувязі з гэтым выказваю сваё засмучэнне і лічу, што гэтая справа павінна быць перагледжана з улікам меркавання незалежных экспертаў, а таксама дадзеных кс. Вячаславам тлумачэнняў, з якіх вынікае адсутнасць у яго намеру прапаганды нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі, у чым яго беспадстаўна абвінавачваюць, вынікам чаго павінна стаць зняцце абвінавачванняў і неадкладнае вызваленне святара”, – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні біскупа Алега Буткевіча.
Касацыйная скарга на прысуд ксяндзу Вячаславу Барку падрыхтаваная і пададзеная ягонай адвакаткай.