Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Арцём Ткачук. Дзе справядлівасць?

Арцём Ткачук. Дзе справядлівасць?

Арцём Ткачук. Дзе справядлівасць?

“Забілі вы Справядлівага: Ён не супрацівіўся вам” (Як 5,6). Справядлівы дазволіў учыніць над сабой несправядлівасць. Канстатаваў факт — нясправядлівасць гэта частка нашага жыцця. Як жа тады разумець Божую справядлівасць? Што думаць у сённяшняй беларускай рэчаіснасці?

Дзе бліжні?

Калісьці пачуў, што на Судзе мы можам пачуць адно пытанне: “Дзе твой бліжні?”. У такім разуменні, Божая справядлівасць гэта змаганне за справядлівасць для іншага. За яго правы, свабоду, за яго шчасце. Калі бліжні церпіць несправядлівасць — задачай хрысціяніна з’яўляецца прынамсі змагацца за вяртанне справядлівасці.

У гэтым плане з Божай справядлівасцю ўсе ясна — гэта клопат пра людзей. Несці іншым веру ўчынкамі, неабыякавасцю і адкрытасцю.

Не чакаць справядлівасці для сябе

Ужо на старце Ён сказаў, што “Мяне пераследвалі і вас будуць пераследваць”. Для веруючага сама вера гэта ўжо вяршыня, збаўленне. Тут і цяпер. Таму, падаецца, што ў моманты несправядлівасці адносна хрысціяніна, так і напрошваецца адказ — “слугі мы нічым не пазарадныя; што павінны былі зрабіць, зрабілі” (Лк 17, 10).

Увогуле змаганне за Божую справядлівасць для сябе падаецца марнай справай. Прырода Божай справядлівасці, як і міласэрнасць ці любові, засноўваецца на дзяленні. Клопаце пра іншага. Калі цягнуць выключна на сябе, то Божая справядлівасць губляе сэнс.

Як жа змагацца за Божую справядлівасць?

Як пісаў св. Францішак — “веру трэба несці ўсім і паўсюль, а калі трэба то і словамі”. Нічога не прыходзіць само, аднымі малітвамі ці разважаннямі. Трэба дзейнічаць — штодзённа, паўсюдна, у меру сваіх магчымасцяў.

Вядома, у сучаснай беларускай рэчаіснасці, змаганне за Божую справядлівасць ляжыць на паверхні. Усё зразумела і ясна, хрысціяне цудоўна разумеюць сваю місію і заданне. Тысячы і тысячы вернікаў выходзяць на мірныя маршы, ідуць з ружанцамі, іконамі, крыжамі, моляцца і дзейнічаюць. Цяжкі час, але з іншага боку гэта момант відавочнага сутыкнення дабра і зла. Парадаксальна, але гэта святы час.

Змаганне за Божую справядлівасць для хрысціяніна не скончыцца ніколі. Гэтае змаганне змяняе формы ці накірунак, але веруючаму наканавана быць соллю і саліць асяроддзе. Самім сабой і сваім жыццём. У гэтым і ёсць справядлівасць — не знявервацца, а дзейнічаць. А спадзеў на плады заставіць Усемагутнаму. “Што павінны былі зрабіць, зрабілі”.

Ave Maria № 10-11 (307-308) 2020


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава