Хрысціянская актывістка Аксана Ючкавіч цалкам адбыла тэрмін «хатняй хіміі»
Былая палітзняволеная Аксана Ючкавіч паведаміла ў сацсетках пра заканчэнне тэрміну пакарання, піша «Вясна». «Вось і воля. Гэты вялікі чаканы момант», — падзялілася яна.
Ючкавіч — хрысціянская актывістка і былая журналістка Catholic.by, вядомая ў каталіцкай супольнасці Беларусі. Яе затрымалі ў студзені 2024 года і абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».
Ёй прызначылі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хатняй хіміі». У сваім допісе Аксана згадала больш за тры месяцы ў зняволенні ў Жодзіне і на Валадарцы, а таксама падзякавала Богу і людзям, якія былі побач.







