У Беларусі ўпершыню не адбылася публічная каталіцкая малітва ні ў адным з месцаў масавых пахаванняў ахвяр савецкіх рэпрэсій
У Гомелі ўпершыню за больш як 30 гадоў не адбылося традыцыйнае набажэнства ў памяць пра ахвяр савецкіх рэпрэсій. Як паведамляе Katolik.life, мясцовыя ўлады не дазволілі правесці малітву каля крыжа на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы, дзе знаходзяцца масавыя пахаванні расстраляных. Штогод 2 лістапада, у Дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў, тут збіраліся каталікі. Сярод ахвяр рэпрэсій былі і вернікі, у тым ліку каталіцкія і праваслаўныя святары.
У апошнія гады набажэнствы на гэтым месцы ўзначальваў біскуп Казімір Велікаселец, які памёр у пачатку 2026 года. Гомель заставаўся апошнім месцам у Беларусі, дзе каталікі працягвалі публічна маліцца непасрэдна на месцы пахавання ахвяр савецкіх рэпрэсій. У Курапатах пад Мінскам, дзе раней штогадовыя малітвы праходзілі з удзелам біскупаў і прадстаўнікоў Ватыкана, такія набажэнствы не праводзяцца з 2023 года.
Такім чынам, у 2026 годзе ўпершыню перапынілася шматгадовая традыцыя публічнай каталіцкай малітвы на месцах масавых расстрэлаў ахвяр сталінскага тэрору. Раней арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч называў Курапаты «Галгофай беларускага народа». Падчас памінальных набажэнстваў вернікі маліліся не толькі за загінулых і дзякавалі за сведчанне веры мучанікаў, але і прасілі Божай міласэрнасці для іх катаў.







