5-годдзе кіравання Станеўскім архідыяцэзіяй адзначылі надзвычай шырока і з удзелам чыноўнікаў



5-годдзе кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адзначылі 24 кастрычніка. Для святкавання абралі не мінскі архікатэдральны касцёл, а святыню ў Магілёве, падкрэсліўшы яго гістарычнае значэнне.
Паводле назіранняў «Хрысціянскай візіі», упершыню гадавіна ўступлення на пасаду святкавалася ў беларускім Касцёле настолькі шырока і ўрачыста. Мітрапаліт падыходзіў да алтара пад спеў хору Ecce sacerdos magnus ― «Вось вялікі святар».
Таксама ўпершыню на такой урачыстасці было настолькі шырокае прадстаўніцтва дзяржаўных служачых. Тых, хто прысутнічаў на Імшы, партал епіскапату пералічыў наступным чынам:
– старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, спорце, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Анатольевіч Малашка разам з жонкай Ірынай Леанідаўнай;
– намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Міхаіл Міхайлавіч Жудро;
– старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Святлана Мікалаеўна Сташэўская;
– галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцяў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Антон Мікалаевіч Лабаноўскі;
– начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандра Мікалаеўна Ігнаценка;
– старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Андрэй Аляксандравіч Нікіцін.
Адзначаецца, што Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі «з пачуццём глыбокай пашаны прывітаў прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, мясцовага кіравання і самакіравання, кіраўнікоў і прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў», і падзякаваў ім за прысутнасць і «за добрае узаемадзеянне паміж дзяржаўнымі інстытутамі, грамадскімі арганізацыямі і Каталіцкім Касцёлам дзеля духоўнага, культурнага і маральнага дабра нашага народа».
Сам юбіляр на пачатку ўступнай прамовы ў чарговы раз паўтарыў сваё выказванне: «Дзяржава і Касцёл ― гэта сям’я сем’яў», адзначаючы: «Прысутнасць біскупаў, святароў і манаскіх асоб, вернікаў з Мінска і шматлікіх прадстаўнікоў дзяржаўных органаў мясцовага значэння сімвалічная і паказвае адзінства ў разнастайнасці».
У асобнай публікацыі на партале епіскапату пералічваецца, хто і як віншаваў арцыбіскупа Станеўскага. Віншавальнае слова старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі зачытаў Антон Лабаноўскі, галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцяў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.
Таксама выказалі віншаванні намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Міхаіл Жудро і старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Святлана Сташэўская, прадстаўнікі праўладных арганізацый: старшыня Беларускага фонду міру Максім Місько і кіраўнік праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення нацыянальнай міратворчай арганізацыі Андрэй Нікіцін.
Апошні падарыў Станеўскаму прапагандысцкую кнігу «Наш прэзідэнт».






