Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Наперадзе цягніка

Наперадзе цягніка

Наперадзе цягніка
Аўтар
Incognito

ВячкаДраник

Православный богослов.

23 верасня на афіцыйным сайце Гродзенскай епархіі Беларускага Экзархата РПЦ і ў яе тэлеграм-канале (праз спасылку на сайт) быў размешчаны матэрыял пад загалоўкам «Статья канд. ист. наук ГГАУ В. В. Голубовича “Домовая церковь Гродненского реального училища имени цесаревича Алексия: к вопросу обустройства храма”».

Па ўсім гледзячы, тыповы навуковы артыкул на царкоўна-гістарычную тэматыку, аналагічныя якому з пэўнай перыядычнасцю публікуюцца на епархіальных медыяпляцоўках. І якія маюць тую ці іншую ступень глыбіні і якасці даследавання. Напэўна, і гэты допіс — варты ўвагі. Але ў нашым выпадку ўвагу ён да сябе прыцягнуў незалежна ад свайго зместу. А толькі дзякуючы прыпісцы, якая стаіць адразу за назвай артыкула: (Перевод с белорусского Рады Николаевны Спото).

С белорусского, Карл!

Ушчыпнуўшы сябе за пятку, пахадзіўшы пяць хвілін на свежым паветры і сабраўшы эмоцыі ў кулак, фіксуем па пунктах:

– Беларусам.
– У Беларусі.
– Афіцыйны царкоўны СМІ.
– Перакладае навуковы артыкул з мовы арыгіналу — беларускай — на рускую мову.
Не з ангельскай, нямецкай ці японскай, а з беларускай…

Можа, у епархіяльнага сайта ёсць беларуская версія, дзе меўся быць змешчаны арыгінал артыкула, а пераклад зрабілі спецыяльна для рускай версіі?

Не, беларускай версіі ў сайта няма.

Дык вось, пытанне: што факт з’яўлення гэтага перакладу нам кажа пра дадзены СМІ? І пра Гродзенскую епархію Беларускага Экзархата РПЦ у цэлым?

Напэўна, што там працуюць людзі, якія сыходзяць з таго, што жыхарам Беларусі недаступны для чытання і разумення тэкст на беларускай мове, і таму ён патрабуе абавязковага перакладу на «зразумелую» рускую.

Ці, можа, яны ўсё-ткі разумеюць, што кагнітыўныя здольнасці беларусаў, дзякуй Богу, не роўныя нулю і, хай сабе і пасіўна, але беларускую мову яны ведаюць. Але — трэба ж адпавядаць нейкай «генеральнай лініі»!

Што гэта за лінія — адказ, здавалася б, просты. Русіфікатарская палітыка дзяржавы. Рэжым змагаецца з усім нацыянальным — і лаяльная яму царкоўная іерархія імкнецца не адставаць…

Але, як той казаў, ёсць нюанс.

Напрыканцы артыкула пасля спісу крыніц і літаратуры, якімі карыстаўся яго аўтар, ёсць спасылка: ИСТОЧНИК.

Пры пераходзе па ёй мы патрапляем на вялікі PDF-файл з 262 старонак — «Современные технологии сельскохозяйственного производства. Сборник научных статей по материалам XXVIII Международной научно-практической конференции», якая мела месца ў ГДАУ ў мінулым годзе.

Дадзены зборнік мае два раздзелы:
1) Экономика. Бухгалтерский учет
2) Социально-гуманитарные науки

Менавіта у другім раздзеле і знаходзіцца арыгінал гэтага артыкула. Аднаго з пяці, напісаных па-беларуску і змешчаных у зборнік, пры агульнай колькасці артыкулаў больш за сотню.

Усе жадаючыя могуць гэта лёгка праверыць. А мы прыкладзём пруф у выглядзе скрыншота.

То бок, атрымліваецца, што ў афіцыйным зборніку навуковых прац па матэрыялах канферэнцыі ў дзяржаўнай ВНУ, пры татальнай дамінацыі рускамоўных артыкулаў, тым не менш, ёсць месца і для матэрыялаў на беларускай мове, калі такімі іх робяць аўтары! І яны друкуюцца без перакладу! Хоць — яшчэ раз — прыхільнай да беларускай мовы ў навуковай і грамадскай сферы дзяржаўную палітыку ніяк не назавеш.

Але, як бачым, Гродзенская епархія нават тут імкнецца бегчы «наперадзе цягніка»! Дэманструючы лаяльнасць ужо не столькі рэжыму Лукашэнкі, колькі ўсходняму суседу.

P.S. 11 чэрвеня бягучага году архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній узяў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 75-годдзя заснавання ГДАУ (гл. выяву ў загалоўку).

Падчас паседжання яму было прысвоена званне ганаровага доктара ГДАУ. За «многолетнее плодотворное сотрудничество и значительный вклад в духовно-нравственное и гражданско-патриотическое воспитания студенческой молодежи».

Падаецца, што будзе слушным дадаць у гэтую фармулёўку і яшчэ адзін пункт: «За плодотворную деятельность по популяризации научных трудов ГГАУ посредством их переводов с белорусского на русский язык»…


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост