Памёр грэка-каталіцкі святар Ігар Кандрацьеў, які ў 2020 годзе патрабаваў ад уладаў вызваліць затрыманых
26 жніўня на Святой Зямлі пасля цяжкай анкалагічнай хваробы памёр святар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Ігар Кандрацьеў. Пра яго смерць 1 верасня паведамілі «Грэка-католікі Беларусі». Апошнія гады святар жыў на Святой Зямлі і змагаўся з хваробай. Яму было 67 гадоў.
Ігар Кандрацьеў нарадзіўся 5 сакавіка 1959 года ў Сібіры ў сям’і рэпрэсаваных. Атрымаў мастацкую і архітэктурную адукацыю, займаўся рэстаўрацыяй храмаў і іканапісам. Яшчэ ў савецкі час удзельнічаў у распаўсюдзе Бібліі. У 1988 годзе быў рукапакладзены ў святара, а з 1995 года служыў у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве. Прыехаўшы з Расіі, хутка вывучыў беларускую мову.
Кандрацьеў стаў адной з ключавых постацей адраджэння грэка-каталіцкага жыцця на Брэстчыне. Ён спрычыніўся да стварэння парафій і асяродкаў у Брэсце, Івацэвічах, Баранавічах, Пінску, Слоніме і Астраўцы, займаўся будаўніцтвам душпастырскіх цэнтраў, экуменічным і міжрэлігійным дыялогам. З 1996 года ўзначальваў рэдакцыю грэка-каталіцкай газеты «Царква», актыўна распаўсюджваў беларускія пераклады Бібліі. Яго брэсцкая парафія займалася і сацыяльнай працай — у прыватнасці, дапамагала чачэнскім уцекачам падчас міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы ў 2017–2018 гадах.
Пасля 9 жніўня 2020 года айцец Ігар штодня выходзіў падтрымаць людзей на пратэстах і тых, хто чакаў сваіх блізкіх каля СІЗА і ІЧУ. 16 жніўня на шматтысячнай сустрэчы з тагачасным кіраўніком Брэста Аляксандрам Рагачуком святар публічна запатрабаваў неадкладна вызваліць затрыманых. Калі чыноўнік пагадзіўся, Кандрацьеў пайшоў да ізалятара і правёў там усю ноч — пакуль на волю не выйшаў апошні затрыманы. У лістападзе ён адслужыў літургію за супакой забітага Рамана Бандарэнкі, падчас якой таксама маліліся за Беларусь і ўсіх зняволеных і пераследаваных за свае погляды.
За гэтай пазіцыяй прыйшоў пераслед. Пракуратура вынесла Кандрацьеву папярэджанне, улады ціснулі на святара і пагражалі пазбавіць яго супольнасць рэгістрацыі. У лістападзе 2022 года яго затрымалі проста ў храме перад вячэрнім набажэнствам, а сілавікі правялі ператрусы ў яго доме, царкве і парафіяльным доме. Кандрацьеў атрымаў 12 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пазней грэка-каталіцкая парафія ў Брэсце, якую ён шмат гадоў узначальваў, была ліквідаваная.






