На Гарадзеншчыне арыштавалі на 15 сутак каталіцкага святара
Пра гэта паведаміла «Гарадзенская Праваабарона». Здарылася гэта ў мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі раён), у парафіі якой служыць арыштаваны ксёндз Юрый Грыцко.
Як пішуць праваабаронцы, мясцовыя ўлады патэлефанавалі святару ў чацвер, 9 ліпеня, і сказалі прыехаць у сельсавет. Калі ксёндз прыехаў туды на 17-ю гадзіну, там яго чакалі міліцыянты. Святар быў затрыманы, а рукі яму нават зашчапілі кайданкамі. Святара павезлі ў пастарунак, а машына яго засталася стаяць пры сельсавеце.
На наступны дзень, у пятніцу 10 ліпеня, Грыцко асудзілі да арышту на 15 сутак – але па якому артыкулу, невядома.







