Яшчэ адзін польскі святар вымушана пакінуў Беларусь – пасля 30 гадоў служэння

У рыма-каталіцкай парафіі святога Мікалая ў Свіры 5 ліпеня развіталіся з пробашчам – ксяндзом канонікам Багуславам Маджэеўскім, дэканам Мядзельскага дэканату. Гэта польскі святар, які 30 гадоў служыў у Беларусі, а цяпер вымушаны вяртацца ў Польшчу.
Ён – адзін з пяці прадстаўнікоў духавенства з Польшчы, якія доўгія гады служылі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а цяпер не атрымалі ад уладаў дазволу на далейшую рэлігійную дзейнасць у Беларусі.
Праводзіць ксяндза прыехалі тры іерархі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і Генеральны вікарый біскуп Юрый Касабуцкі.
Пра гэта паведаміла архідыяцэзія, аднак з загалоўкам «У Свіры з удзелам іерархаў падзякавалі пробашчу за 30 гадоў служэння ў Беларусі», з якога не вынікае, што святар завяршыў гэта служэнне.
Сярод тэксту ёсць толькі ўзгадка пра тое, што ксёндз «далей будзе несці служэнне ў Варшаўска-пражскай дыяцэзіі (Польшча), да якой кананічна належыць». Прычына ад’езду з Беларусі не называецца.
Такім чынам, пацверджана тэндэнцыя, якую выявіла «Хрысціянская візія»: на фоне публічнай дэманстрацыі «адзінства» і ўзаемападтрымкі ў адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і дзяржавай працягваюць адбывацца схаваныя працэсы, якія ні той, ні другі бок імкнуцца не афішаваць.
Раней іншы польскі святар, дэкан Стаўбцоўскага дэканата, ксёндз Мар’ян Шэршань, пакінуў Беларусь пасля 36 гадоў служэння. Пра развітанне з ім ніякіх афіцыйных узгадак увогуле не было. Гэты святар таксама быў у спісе тых польскіх святароў, якім не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі.
Мітрапаліт Юзаф Станеўскі прызначыў новым пробашчам ў Свіры ксяндза Мікалая Гракава – былога супрацоўніка Catholic. by.







