Вядомы бізнэсовец і каталіцкі вернік з Мазыра, уладальнік «Даліны анёлаў», зняволены па «справе Гаюна»
У спісах праваабаронцаў «Вясны» з’явіліся дадзеныя Аляксандра Баранава, заўважыла «Хрысціянская візія». Ён быў сярод тых, каго 28 траўня 2026 года праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі.
50-гадовы Аляксандр Вітальевіч Баранаў – вядомы каталіцкі вернік і бізнэсовец з Мазыра. На сайце мясцовага райвыканкаму ён пазначаны як старшыня Гісторыка-культурнага грамадскага аб’яднання «Спадчына Палесся». Ягоныя мэты – садзейнічанне аднаўленню і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны Ніжне-Прыпяцкага Палесся, іншых гісторыка-культурных каштоўнасцяў Гомельшчыны».
Цяпер Аляксандра абвінавацілі ў іншым садзейнічанні – «экстрэмісцкай дзейнасці».
Бізнэсовец вядомы тым, што стварыў на месцы былога мужчынскага кляштара цыстэрцыянцаў у Мазыры культурную прастору «Даліна анёлаў» і займаўся аднаўленнем гэтага комплексу, каб перадаць яго Каталіцкай царкве.
У апошнія гады ў старадаўнім будынку працавала мэблевая фабрыка. Аднак у 2010 годзе яна збанкрутавала. Мазырскія ўлады прапаноўвалі Касцёлу ў 2015 годзе прыняць будынак, аднак у дыяцэзіі тады падлічылі, што на яго рэстаўрацыю неабходна каля 1 млн. даляраў, пры гэтым дзяржава не прапаноўвала фінансавання. Таму ад прыняцца будынка прыйшлося адмовіцца.
Комплекс быў выстаўлены на аўкцыён, і яго набыў Аляксандр Баранаў – з мэтай аднавіць кляштар з храмам і перадаць яго Каталіцкай царкве, а побач, у іншых будынках – арганізаваць буйную культурную пляцоўку.
Планы пачалі рэалізоўвацца, тут была зарэгістравана парафія Узвышэння Святога Крыжа, яна стала збірацца ў будынку былога кляштара, які пачалі аднаўляць. Першы адпуст у парафіі адбыўся ў 2020 годзе, яе наведвалі святары і біскуп, тут цэлебравалі, пераважна, Трыдэнцкую Імшу, а сам Аляксандр служыў міністрантам.
Аднак у апошнія некалькі гадоў па прычынах, якія пакуль не агучваюцца, спынілася дзейнасць як парафіі, так і «Даліны анёлаў».
Таксама Аляксандр быў сярод тых, хто набыў праз аукцыён будынак былога палаца Горватаў у Нароўлі і займаўся яго аднаўленнем разам з пісьменнікам Андрусём Горватам і прадпрымальнікам Пятром Кузняцовым.
Пра Аляксандр вядома, што ён быў затрыманы 5 студзеня 2026 года. Праз некалькі дзён пасля арышту яго змясцілі ў СІЗА ў Гомелі, дзе ён утрымліваецца да цяперашняга часу ў чаканні суда. Мужчыну вінавацяць паводле ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») Крымінальнага кодэкса. Пераслед тычыцца «справы Беларускага Гаюна».







