Лідарка дэмсіл Беларусі ўзнагародзіла чарнігаўскага святара медалём з металу падбітага расійскага танка
Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Кіеў уручыла ўзнагароду АПК чарнігаўскаму святару ПЦУ, капелану, валанцёру, дзеячу беларускай дыяспары Яўгену Ордзе. Настаяцель храма святога Іаана Воіна атрымаў медаль «За плённую працу на карысць Беларусі».
Паводле Інфармацыйнага партала Чарнігаўшчыны, медаль зроблены з металу падбітага расійскага танка, які як трафей захапілі байцы беларускага добраахвотніцкага палка імя Кастуся Каліноўскага.
Сам Яўген Орда падзякаваў Ціханоўскай за ўзнагароду і напісаў:
«Толькі разам мы пераможам расійскага агрэсара. За нашу і вашу свабоду. Жыве Беларусь! Слава Україні!».
Яўген Орда — святар ПЦУ з выразным беларускім следам: сам ён называе сябе беларусам і звязвае сваю сямейную гісторыю з беларускімі каранямі. У Чарнігаве ён вядомы як кіраўнік беларускай дыяспары, шмат гадоў працаваў з беларусамі ва Украіне і дапамагаў беларускім добраахвотнікам, якія ваююць за Украіну. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Орда амаль месяц правёў у расійскім палоне — трапіў туды, калі прыехаў у вёску пад Чарнігавам правесці пахаванне. За праўкраінскую пазіцыю беларускія ўлады яшчэ ў 2015 годзе забаранілі яму ўезд у Беларусь.






