Юрый Касабуцкі: Хачу чарговы раз выказаць захапленне нашым беларускім народам
Паважаныя браты і сёстры!
Хачу асаблівым чынам падзякаваць усім за падтрымку, малітву, прапановы рознай дапамогі. Я фізічна не ў стане адказаць кожнаму з вас асабіста, я нават не спадзяваўся, што будзе такая вялікая колькасць людзей, якія не застануцца абыякавамі і палічаць патрэбным праявіць салідарнасць. Мяне таксама асабліва ўражвае тое, што гэта людзі розных канфесій (мне пішуць, тэлефануюць, пераказваюць словы падтрымкі і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты, таксама ёсць і тыя, хто не адносіць сябе ні да якой рэлігіі), якія проста ад шчырага сэрца ў складаную хвіліну пажалі быць разам.
Я паўстрымаюся ад каментара наконт папярэджання генеральнай пракуратуры, якое я атрымаў , бо бачу, што большасць з вас і так добра разумее сутнасць таго, што адбылося.
Хачу чарговы раз выказаць захапленне нашым беларускім народам (спадзяюся, што гэта не будзе разглядацца як праява экстрэмізму). Салідарнасць, падтрымка, узаемадапамога, сяброўства і згода паміж людзьмі розных рэлігій і канфесій, розных нацыянальнасцей. Шматлікія сітуацыі паказваюць гэту згуртаванасць, асабліва апошнія падзеі ў Новай Баравой, куды людзі без ніякай матэрыяльнай зацікаўленасці прывозілі ваду, пакуль не направілі паломку. І такія праявы неабыякавасці ў нас адбываюцца амаль кожны дзень (падабаецца гэта камусці альбо не). І для мяне падтрымка людзей была вельмі важнай.
Яшчэ раз дзякуй усім і абяцаю сваю малітву ў вашай інтэнцыі.