Святара з глухога кутка Віцебшчыны выклікалі ў СК
Вячаслаў Барок служыць у Расонах. Гэта самая поўнач Віцебшчыны, глухі кут, адзін з самых маланаселеных раёнаў.
Айцец Вячаслаў — пробашч каталіцкай парафіі там. І вядзе ютуб-канал, а таксама піша ў сацсеткі.
Пропаведзі айца Вячаслава Барка — пра тое, што адбываецца вакол нас. «Дакуль Бог будзе цярпець катаванні сілавікоў над беларусамі?» — такая тэма казані ад 11 лістапада, у якой айцец Вячаслаў адказвае на пытанні парафіян і сваіх гледачоў пасля 8 лістапада, калі ў Мінску было за адзін дзень затрымана больш за 1050 чалавек.
Раней былі пропаведзі «Агрэсія — адкуль бярэцца? Што кажа пра яе Касцёл і Бог. Лёс агрэсараў» і «Дыялог — найлепшы выхад з любога канфлікту».
Сёння Вячаслава Барка выклікалі на гутарку ў Следчы камітэт. Ксёндз паведаміў, што яго запрасілі з мэтай даць тлумачэнні аб тым, што ён гаворыць на сваім Youtube-канале.
Святару паведамілі, што будзе прызначаная лінгвістычная экспертыза па ягоных выказваннях у відэаблогах, а таксама на старонцы ў Instagram. Вусна следчы Зубко яму сказаў, што ідзе праверка ў рамках артыкула 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса «Рашэнні, якія прымаюцца па заявах або паведамленнях аб злачынстве».