Кіраўнік віцебскай епархіі атрымаў грамадзянства Беларусі — і з гэтай нагоды падарыў галаве абласной міліцыі кнігу пра праваслаўнага палітвязня
Прэс-служба епархіі размясціла паведамленне, што Уладыка Дзімітрый (Драздоў) нарэшце стаў грамадзянінам Беларусі.
Пры гэтым ён кіруе Віцебскай епархіяй больш за 30 гадоў. А па Законе РБ аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях кіраўніком рэлігійнай арганізацыі можа быць толькі грамадзянін РБ (арт. 13). Атрымліваецца, епархію Дзімітрый узначальваў незаконна (па беларускаму заканадаўству).
З гэтай знамянальнай падзеяй кіраўніка Віцебскай епархіі павіншаваў начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэй Любімаў. Ён і уручыў Дзімітрыю пашпарт.
У сваю чаргу, Дзімітрый аддзячыў міліцыянта Бібліяй і кнігай пра спаведніка Уладзіміра Елянеўскага. Гэта праваслаўны юрыст, які адсядзеў у 30-я гады прошлага стагоддзя у віцебскай турме з-за ложнага абвінавачвання, пасля чаго стаў інвалідам. Пазней ён быў рэабілітаваны і прылічаны да святых.