Фігура святога Арханёла Міхала прыбыла ў Магілёў. Арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў слова да вернікаў Магілёўшчыны
30 верасня фігура святога Арханёла Міхала ў межах перэгрынацыі па катэдрах усіх дыяцэзій Беларусі прыбыла ў першую на тэрыторыі нашай краіны катэдральную святыню — касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.
Шлях фігуры нябеснага Апекуна Касцёла на Беларусі, які суправаджаўся малітвай у інтэнцыі хутчэйшага мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў краіне, распачаўся 4 верасня з гродзенскай катэдральнай базылікі святога Францішка Ксавэрыя. Пасля гэтага перад выявай Арханёла з італьянскага санктуарыя ў Гаргана маліліся вернікі Пінскай і Віцебскай дыяцэзій.
У свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала перэгрынацыя завяршылася ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
З сэрца нашай Бацькаўшчыны, ахопленай цяжкім гуманітарным крызісам, нябесны Пераможца злога духа скіраваўся ў Магілёў, каб сваімі белымі крыламі ахінуць усю беларускую зямлю з подня на поўнач і з захаду на ўсход і разагнаць з неба над Радзімай чорныя хмары хлусні, нянавісці і насілля.
У апошні дзень верасня фігуру святога Арханёла Міхала сустрэлі ў магілёўскай катэдры, куды яе даставіў кусташ ксёндз Ігар Лашук, нядаўна прызначаны арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам ганаровым канонікам Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу. Прывітаць выяву нябеснага заступніка сабраліся вернікі горада на Дняпры на чале з пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ксяндзом Віталіем Маргуновым.
Роўна праз месяц пасля пачатку перэгрынацыі фігуры на самым захадзе Беларусі, у Гродне, у нядзелю 4 кастрычніка вакол яе сабраліся на супольную малітву католікі на ўсходзе нашай краіны, у гістарычнай магілёўскай катэдры. З гэтый нагоды арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які цяпер знаходзіцца ў выгнанні, з Бельска Падляскага скіраваў слова да вернікаў Магілёўскага рэгіёна на чале з Біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB.
Арцыпастыр нагадаў, што прычынай цяжкага крызісу, які ўжо другі месяц перажывае Беларусь, з’яўляецца грэх — першапрычына ўсіх падзелаў і непаразуменняў.
«Час ідзе, а крызіс працягваецца. Розныя прапановы яго вырашэння не прыносяць жаданага выніку. Пры гэтым мы забываемся пра стары выраз: „Без Бога — ні да парога“. Хрыстус таксама выразна вучыць, што без Яго мы нічога не зробім. Таму, разам з чалавечымі намаганнямі неабходна прасіць Божай дапамогі ў гэты час выпрабаванняў, з якімі сутыкнулася наша нацыя», — падкрэсліў у сваім звароце Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які сам стаў нявіннай ахвярай крызісу і быў незаконна пазбаўлены ўладамі права вярнуцца ў сваю краіну.
Сваёй пастве, якая засталася без пастыра, арцыбіскуп дае духоўную параду для таго, каб мір і згода зноў вярнуліся на родную зямлю: «Сёння мы скіроўваем свой позірк на святога арханёла Міхала — пераможцу злога духа. Нам неабходна тэрмінова вызваліцца ад панавання злога духа ў нашых сэрцах, а гэта магчыма праз малітву, пакаянне і ўзаемнае прабачэнне, якія вяртаюць духоўны супакой. Умовай міру ў грамадстве з’яўляецца мір у нашых душах.
Таму перш за ўсё малітва, навяртанне і прабачэнне павінны паспрыяць вырашэнню грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне»,— падкрэсліў арцыпастыр, яшчэ раз заклікаўшы да шчырага дыялогу ўсе бакі канфлікту і нагадаўшы, што да гэтага запрашае беларусаў таксама Папа Францішак.
«Нас, такіх розных, так шмат аб’ядноўвае. Супольная багатая і адначасова трагічная гісторыя нашага народа, які нават з вельмі небяспечных выпрабаванняў выходзіў пераможцам. Мы ганарымся сваёй культурай, якая займае пачэснае месца ў сусветнай культурнай спадчыне. Наша нацыя вырасла з хрысціянства, якое прыняла больш за 1000 гадоў таму. А хрысціянства — гэта рэлігія супакою і мірнага суіснавання. У нас вельмі добрыя міжхрысціянскія адносіны, асабліва паміж католікамі і праваслаўнымi. Мы таксама можам ганарыцца добрымі міжрэлігійнымі адносінымі. Усё гэта — наш супольны набытак, і ён дарагога варты.
Сёння, падчас новага экзамена на грамадскую сталасць нашага народа, мы павінны знайсці ў сабе сілы паказаць, што нас таксама аб’ядноўвае супольны клопат пра будучыню нашай агульнай Бацькаўшчыны, імя якой — Беларусь»,— скіраваў пажаданне вернікам Магілёўшчыны і ўсім беларусам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Магілёўская катэдра, найстарэйшая на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ты шмат чаго бачыла ў сваёй гісторыі. Ты была сведкам росквіту веры на нашых землях. Была таксама сведкам ганенняў, калі твой прыгожы сакральны будынак выкарыстоўваўся як архіў, а на Магілёўшчыне не было ніводнага касцёла і ніводнага святара. У часы ваяўнічага атэізму, калі Касцёл не мог адкрыта евангелізаваць, гэта рабілі твае сцены і вежы. Яны заклікалі да малітвы і давалі новую надзею на лепшыя часы, нават насуперак надзеі. Сёння ты з’яўляешся сведкам адраджэння веры, але таксама сведкам праблем, з якімі мы сутыкаемся.
Няхай малітва, якая ўзносіцца ў тваіх сценах у час, калі вырашаецца лёс нашай Бацькаўшчыны, выпрасіць у Бога ласку мірнага заканчэння цяперашняга грамадска-палітычнага крызісу.
У месяцы кастрычніку мы асабліва павінны маліцца на ружанцы, які з’яўляецца скаротам Евангелля. Няхай гэтая малітва да Божай Маці, Каралевы супакою, ахіне ўсю нашу краіну і дапаможа выратавацца ад граху падзелаў»,— дадаў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.