За Беларусь памаліліся вернікі Гродна ў пабрыгіцкім касцёле
19 верасня ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбылася малітва аб шчаслівай будучыні для Беларусі. На малітве сабраліся вернікі горада.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, ініцыятарамі адмысловага набажэнства стала група моладзі з мясцовага душпастырства Open. Арганізаваць святую Імшу ў інтэнцыі нашай краіны маладых людзей падштурхнуў грамадска-палітычны крызіс і сітуацыя з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, якому было адмоўлена ў вяртанні ў Беларусь.
Цэлебрацыю ўрачыстай Імшы ўзначаліў рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза.
У гаміліі святар спачатку звярнуў увагу на грахі мінулага, падкрэсліваючы, што пакуль не будзе агучана і асуджана зло, здзейсненае ў эпоху савецкага атэізму, да таго часу яно будзе працягвацца.
«Падобна і з падзеямі 9-11 жніўня ў Беларусі. Патрэбна, каб мела месца пакаянне за гвалт, за ім будзе прабачэнне і пасля будзе магчымае вырашэнне крызісу», — дадаў святар.
Рэктар гродзенскага касцёла паразважаў таксама пра нязломнасць духу, калі чалавек цалкам прымае ў сабе несмяротнага Езуса: «Гэта дазваляе быць трывалым у сумленным выбары, кіравацца агульным інтарэсам, а значыць, пакрысе змяняць свет, пачынаючы з сябе».
На заканчэнне гаміліі святар зазначыў, што ў кожнага часу свае выпрабаванні і нават калі здаецца, што сітуацыя невырашальная, трэба памятаць, што Бог заўсёды мае свой план.
Падчас малітвы вернікаў сабраныя асаблівым чынам прасілі Пана аб суцяшэнні і справядлівасці для пацярпелых падчас пратэстаў, аб пастаянным выбары агульнага дабра ўладай і стойкасці для Касцёла ў абвяшчэнні Божай праўды.
Пасля заканчэння Імшы адбылося набажэнства перапрашэння.
Прысутныя, укленчыўшы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, прасілі ў Нябеснага Айца прабачэння за правіны, якія мелі месца ў гісторыі: за знявагу святыняў і духоўных асобаў, грахі вернікаў і ўсялякае зло нашага народа.
Паводле: Ангеліна Марцішэўская / Grodnensis.by / Фота: Павел Леановіч / Grodnensis.by