Адраджаў і беларусізаваў Касцёл, рыхтаваў польскіх святароў да працы ў Беларусі. Алесь Бяляцкі і яго каталіцкі актывізм у 90-х
Беларускі нобелеўскі лаўрэат вядомы перш за ўсё сваёй праваабарончай дзейнасцю. На працягу ўжо 26 гадоў Бяляцкі змагаецца за правы чалавека ў Беларусі. Аднак малавядома тое, што ў 90-я гг. ён быў вядомым адраджэнцам Касцёла ў Беларусі. Менавіта Алесь Бяляцкі з паплечнікамі выдавалі першы каталіцкі часопіс “Хрысціянская думка”, друкавалі кнігі, а члены былой Беларускай каталіцкай грамады працуюць для Касцёла да сёння.
“У пачатку 1980-х, калі рэлігійнае жыццё ў СССР было маргіналізаванае, у нашым асяродзьдзі незалежнікаў абмяркоўваліся гэтыя тэмы — з пазіцыяў абароны права людзей на свабоду сумлення і права беларусаў на сваю мову ў розных канфесіях. Натуральна, нас цікавіў стан Рыма-каталіцкага Касцёлу. Мы пераздымалі і таемна пашыралі віленскія кнігі і пэрыёдыку міжваеннай пары, у першую чаргу А. Станкевіча („Беларуская мова ў сьвятынях“) і інш. Думаю, гэта было тэарэтычнаю базаю для Алеся”, — прыгадвае паплечнік Бяляцкага Вінцук Вячорка.
Выдавецкая дзейнасць
У чэрвені 1990 г. у Мінску адбываецца сход мясцовай каталіцкай грамады. Удзельнікі тады выбралі аргкамітэт па стварэнні Беларускай каталіцкай грамады (БКГ) — арганізацыі якая на працягу 10-ці гадоў будзе аб’ядноўваць каталіцкую інтэлігенцыю і актывістаў з усёй краіны. Алесь Бяляцкі з самага пачатку быў адным з найбольш чынных удзельнікаў грамады.
БКГ змагалася за вяртанне вернікам храмаў, наданне рэлігійным святам статуса дзяржаўных, за развіццё беларускай мовы ў Касцёле, за стварэнне мясцовых рэлігійных навуковых і навучальных устаноў і шмат іншага. Будучы філолагам і пісьменнікам, Бяляцкі уключаецца ў выдавецкую дзейнасць грамады. Прымае удзел у выданні дзясяткаў рэлігійных выданняў, працуе над перакладам літургічных кнігаў, разам з паплечнікамі засноўвае часопісы “Хрысціянская думка” і “Вера”. Тагачасныя члены мітрапалітальнай камісіі па перакладах літургічных тэкстаў кажуць, што магчыма частка псальмаў з Лекцыянарыяў, якімі сёння карыстаюцца вернікі падчас службаў, была перакладзена Бяляцкім.
У гэты ж перыяд Алесь быў старшынём касцёльнага камітэта парафіі св. Роха на Залатой Горцы ў Мінску. Пэўны час гэты касцёл быў адзіным у Мінску дзе Імшы адпраўляліся па-беларуску. Вакол гэтай парафіі сабралася шмат навукоўцаў, мастакоў, пісьменнікаў. Кс. Міхал Сапель, тагачасны пробашч, прыгадваў што тады гэты касцёл стаў “сапраўды залатым месцам, дзе збіралася шмат выбітнай інтэлігенцыі”. “Яны вельмі сумленна ставіліся да працы, розных перакладаў. Што ні папрасі — ўсё рабілі. Хоць сродкаў не было ці амаль не было”, — распавёў святар.
Падрыхтоўка духоўных асобаў з Польшчы да працы ў Беларусі
У пачатку 90-х дзесяткі духоўных асобаў з Польшчы выязджалі ў краіны былога СССР дапамагаць адраджаць мясцовыя Касцёлы. У 1992 г. у мясцовасці Свента Катажына каля Кельцаў быў створаны адмысловы курс, на якім польскія святары і манахіні атрымлівалі мінімальныя неабходныя веды перад выездам. Шукаючы адмыслоўцаў, пасольства Польшчы ў Мінску звярнулася ў БКГ. Алеся Бяляцкага тады запрасілі выкладаць гісторыю, а Алеся Сёмуха і Алла Сакалоўская вучылі духоўнікаў беларускай мове.
Курс для польскага духавенства перад прыездам у Беларусь. Свента Катажына, 1992 г. / Фоты прадставіла Алеся Сёмуха
На працягу двух гадоў адбылося некалькі выпускаў падрыхтоўчых курсаў да працы ў Беларусі. Кожны паток працягваўся некалькі месяцаў і рыхтаваў да 30 асобаў. Кс. Лукаш Копаняк, тагачасны кіраўнік гэтай ініцыятывы, узгадвае што нягледзячы на палітычныя змены “мы баяліся агентаў”, а Алесь “быў пэўным і спраўджаным чалавекам, з добрымі рэкамендацыямі”. “Бяляцкі быў вельмі стрыманым, праводзіў час у адзіноце, шмат чытаў. Усе цанілі яго веды і сціпласць”, — узгадвае Копаняк. У сваю чаргу айцец Гжэгаж Юзьвяк, капуцын і выпускнік аднаго з гэтых курсаў, прыгадвае, што Алесь штодзённа прымаў Камунію. “Часам мне здавалася, што ад яго сыходзіць нейкая незямная энергія якія прыцягвае да яго людзей”, — кажа ён, — “дзякуючы Алеся я палюбіў Беларусь як маю другую Айчыну”.
Праваабарончая дзейнасць як працяг хрысціянскай дзейнасці
У 1996 г. у Беларусі адбываецца хваля пратэстаў супраць усталявання рэжыму Лукашэнкі. Мітынгі былі жорстка разагнаны, іх удзельнікі зазналі пераслед, і ўзнікла неабходнасць падтрымкі затрыманых. Такім чынам паўстае праваабарончы цэнтр “Вясна” і Бяляцкі пачынае канцэнтравацца менавіта на гэтай дзейнайсці. У 1997 г., нібы падсумоўваючы свой актыўны ўдзел у каталіцкім жыцці, ён напіша што “бясспрэчную перавагу па колькасці беларускіх выданняў трымае рыма-каталіцкі касцёл, універсалізм і інтэлектуальны ўзровень мясцовай эліты якога дазволіў вельмі хутка вызначыцца з асноўнай моваю выданняў на карысць беларускай”. “Я прыкладаў да гэтага свае намаганні і душу”, — пазней прыгадае Бяляцкі. Беларуская каталіцкая грамада праіснавала ж да канца дзевяностых.
У 2011 г. Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі за “нясплату падаткаў”. Гэты прысуд быў палітычна матываваным і праваабаронца быў прызнаным палітычным вязнем. Бяляцкага ў калоніі адведваў тагачасны нунцый Клаудыё Гуджэроцці. Іерарх тады прыехаў па даручэнні папы Бэнэдыкта XVI каб перадаць яго благаслаўленне палітвязню. У сваіх “Турэмных сшытках” Бяляцкі апісваў гэтую сустрэчу і між іншым ён напісаў: “Гуджэроцці сказаў: “Я буду ў кастрычніку ў папы. Што перадаць яму?”. — Скажыце, што гэта найвялікшая падзея ў маім жыцці. Увага і клопат папы пра нас. (…) Будзем спадзявацца, што ягонае заступніцтва за палітычных зняволеных у Беларусі дасць плён”.
Бяляцкі аднойчы скажа, што быць вернікам для яго азначае мець вялікае цярпенне і разуменне іншасці ў любых ейных праявах. Сапраўды, 26 гадоў праваабарончай дзейнасці ў складаных беларускіх умовах і 3 гады зняволення не спынілі Алеся ў дапамозе людзям адстойваць свае правы. Бяляцкі з’яўляецца палітвязнем і сёння. Нобелеўскі лаўрэат ужо больш за год знаходзіцца ў беларускай турме.