Царква і палітычны крызіс у Беларусі

100 дзён Нунцыя ў Беларусі: якія першыя ўражанні і вынікі

100 дзён Нунцыя ў Беларусі: якія першыя ўражанні і вынікі

100 дзён Нунцыя ў Беларусі: якія першыя ўражанні і вынікі
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

Пасля таго, як у канцы чэрвеня ў Беларусі прывіталі новага Апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Іньяцыа Чэфалья, мінула сто дзён. Гэты тэрмін стаў нагодай для «Хрысціянскай візіі», каб падвесці першыя вынікі працы новага дыпламатычнага прадстаўніка Ватыкана ў Беларусі.

Адзначым, што пакуль у іерарха, аб’ектыўна, было няшмат магчымасцяў праявіць сябе. Нунцый уручыў Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы толькі 11 верасня, а да гэтага ўручаў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову, і з таго часу можна адлічваць афіцыйны пачатак працы арцыбіскупа як дыпламата.

Падчас гэтых афіцыйных сустрэч прадметных размоваў ні з Лукашэнкам, ні з Рыжанковым, у нунцыя не было, прынамсі, пра гэта нічога не паведамлялася. Няма ніякіх звестак і пра якія-небудзь іншыя афіцыйныя сустрэчы, перамовы з уладамі.

Таму ключавыя праблемы ва ўзаемаадносінах Каталіцкага касцёла і беларускай дзяржавы – дагэтуль не вызваленыя святары ксёндз Генрых Акалатовіч і айцец Анджэй Юхневіч, зачынены Чырвонены касцёл у Мінску – застаюцца не вырашанымі. Тэма канкардата па-ранейшаму не існуе.

Таксама нунцый не рабіў ніякіх заяваў па гэтых тэмах, не выступаў у прэсе – ні ў свецкай, ні ў каталіцкай. Аднак ёсць неафіцыйная інфармацыя пра тое, што ён прадпрымаў некаторыя крокі: спрабаваў разам з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам наведаць зняволеных святароў у калоніі, але такую сустрэчу іерархам не дазволілі.

Што тычыцца Чырвонага касцёла, то тут на сітуацыю паўплываць ужо наўрад ці магчыма. У храме пачалася маштабная рэканструкцыя, усе рэчы парафіі вывезеныя з касцёла, унутры якога разгорнута будаўніцтва, таму да завяршэння прац вяртанне парафіі ў касцёл у цяперашняй сітуацыі выглядае нерэальным. Але ўплыў нунцыя можа быць важным у далейшым, бо пытанне, ці пусцяць улады супольнасць святога Сымона і святой Алены ў Чырвоны касцёл пасля завяршэння рэканструкцыі, застаецца адкрытым.

Публічная дзейнасць арцыбіскупа Іньяцыа Чэфалья пакуль праяўлялася ў ягоным удзеле ў каталіцкіх фэстах – урачыстасцях у Будславе, Браславе, наведванні некаторых парафій. Падчас гэтых мерапрыемстваў іерарх прамаўляў гаміліі, якія тычыліся выключна духоўных каштоўнасцяў, праблемы грамадскага, палітычнага жыцця не закраналіся.

Нунцый удзельнічаў у пасяджэнні беларускага епіскапату і звяртаўся з прамовай, але пра яе змест з афіцыйнага паведамлення амаль нічога не вядома, акрамя таго, што арцыбіскуп Чэфалья «нагадаў прысутным іерархам аб важнай ролі сінадальнасці і празрыстасці ў служэнні ў Касцёле».

Прадстаўнік Ватыкану стварае ўражанне дастаткова адкрытага і простага ў стасунках іерарха. Такую выснову можна зрабіць, напрыклад, па здымках з імпрэзы, якая адбылася ў Мінску пасля таго, як арцыбіскуп Чэфалья ўзначаліў святую Імшу для англамоўных вернікаў сталіцы. Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць у нефармальнай атмасферы бліжэй пазнаёміцца з нунцыем.

У той жа час, наадварот, ёсць сведчанні, што адразу па прыездзе ў Беларусь новы нунцый быў дастаткова закрытым і асцярожным. У цэлым, ён абмежаваны ў кантактах, працягвае традыцыю нунцыяў працаваць у мінімальнай публічнасці.

Разам з тым, у непублічнай дзейнасці, ужо ў першыя 100 дзён свайго служэння ў Беларусі нунцый закрануў балючую тэму зняволеных святароў.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост