Зварот Рабочай групы “Хрысціянская візія” Каардынацыйнай Рады да хрысціянскай супольнасці Беларусі з нагоды абвяшчэння Народнага Ультыматума


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы

Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце, служыцелі, манахіні і манахі, святары і пастары, біскупы і кіраўнікі цароўных саюзаў!
Ужо больш за два месяцы ў Беларусі трывае нечуваны дагэтуль грамадска-палітычны крызіс, выкліканы фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў, рэпрэсіямі і празмерным гвалтам. Гэты крызіс ужо азмрочаны некалькімі загінулымі, сотнямі крымінальных справаў і тысячамі арыштаваных. Мы дзякуем Богу, што нягледзячы на непрапарцыйны гвалт з боку сілавых структур, беларускі народ шукае шлях да дыялогу мірнымі сродкамі. Адзінадушна цешымся, што людзі шукаюць праўды і справядлівасці перш, чым матэрыяльнай выгады. Мы радуемся разнастайным праявам салідарнасці і ўзаемадапамогі.
Міжканфесійная Рабочая група “Хрысціянская візія” Каардынацыйнай Рады высока цэніць ваш станоўчы голас супраць гвалту і беззаконня, у абарону чалавечай годнасці, за малітвы за Беларусь і заклікі да дыялогу. Мы дзякуем усім святарам, духоўным асобам і свецкім хрысціянам, якія выказваюцца ў абарону пакрыўджаных і за аднаўленне справядлівасці, а таксама чыняць справы міласэрнасці і прымірэння.
26-га кастрычніка 2020 г. абвешчана днём Народнага Ультыматума. Змагаючыся за сапраўдны дыялог, грамадства патрабуе ад дзейных уладаў Беларусі праўдзівай размовы і волі да перамен. Мы не хочам, каб дыялог быў толькі імітацыяй. Мы хочам, каб голас народа быў нарэшце пачуты.
Беларускі народ падобны да чалавека, які ішоў з Іерусаліма ў Ерыхон, быў абрабаваны злодзеямі, якія скралі галасы і права на справядлівыя выбары, а калі ў сваім жаданні аднавіць справядлівасць людзі выйшлі на мірны пратэст – не маючы больш ніякіх сродкаў выразіць сваё меркаванне, яны сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным гвалтам і катаваннямі. “Пабіты і ледзь жывы” (Лк 10, 30), народ прагне быць убачаным і пачутым.
У гэты асаблівы час беларускаму народу так неабходны той, хто “убачыўшы яго, пашкадаваў” (Лк 10, 33). Мы звяртаемся да вас з просьбай узмацніць малітвы ва ўсіх супольнасцях аб хутчэйшым і мірным вырашэнні гэтага канфлікту. Аднак апроч малітваў, грамадству патрэбна і чынная падтрымка. Таму мы шчыра просім вас мацней узяць голас у абарону законнасці, справядлівасці і сапраўднага міру ў беларускім грамадстве.
Крызіс, які перажывае беларускі народ, мае не столькі палітычны, колькі маральны характар, і ў такой сітуацыі немагчыма захаваць нейтралітэт. Прытрымлівацца нейтралітэта ў сітуацыі, калі пабітаму і абрабаванаму патрэбна дамога, значыць – прайсці міма, як прайшлі ў евангельскай прыпавесці міма пабітага чалавека святар і левіт. Прытрымлівацца нейтралітэта ў сітуацыі відавочнай несправядлівасці, гвалту і прыгнёту, значыць падтрымаць гвалт і стаць на бок рабаўнікоў.
Няхай Бог добраслаўляе Беларусь і дзейнічае ў ёй нашымі рукамі і нашым служэннем, няхай дасць нам адвагу, сілы, прагу да справядлівасці і міласэрнасці, каб мы, як хрысціянская супольнасць, не засталіся ўбаку ад пакутаў народа, але ўзялі за прыклад добрага самараніна, які “перавяжа яму раны, паліваючы алеем і віном” (Лк 10, 34), каб у нашым грамадстве запанавала сапраўдная справядлівасць, законнасць і мір. Сапраўдны мір, які грунтуецца на справядлівасці, свабодзе, любові і павазе да бліжняга, а не на падмане, прыгнёце і гвалце. Сапраўдны мір, які дасягаецца толькі праз шчыры дыялог, заснаваны на даверы і роўнасці ўдзельнікаў.
Час Народнага Ультыматума павінен стаць для нас, хрысціян, часам развагаў, калі мы павінны азірнуцца на свае дзеянні і задаць сабе пытанні: ці былі мы, як хрысціяне, прароцкім голасам для грамадства, у якім мы жывем? Ці ўзялі мы за прыклад добрага самараніна і ці сталі самі прыкладам для нашых суайчыннікаў у тым, як чыніць міласць, шукаць праўды і міру? І ці не сталіся мы тымі, хто адводзіць погляд ад абрабаванага і зраненага народа, бо гэта нібыта “не наша справа”?